Пад чужынскім прыгнётам

Пры канцы ХVIII стагоддзя тры краіны — Расея, Аўстрыя і Прусія — таемна змовіліся і падзялілі паміж сабой Рэч Паспалітую, куды ўваходзілі Польшча і Вялікае Княства Літоўскае. Дзяржава нашых продкаў — ліцьвінаў-беларусаў — страціла незалежнасць і трапіла ў адсталую Расею, якую называлі жандарам Еўропы і турмой народаў.

Вокладка першай кнігі Айчына. Маляўнічая гісторыя

Вокладка першай кнігі Айчына. Маляўнічая гісторыя

Беларусы добра памяталі, што з усходу заўсёды прыходзілі заваёўнікі, якія рабавалі нашы гарады і вёскі, прыносілі голад і хваробы, гналі да сябе тысячы палонных. Аднак — каб падмануць новыя пакаленні беларусаў — у царскай, а потым у савецкай імперыі захоп Літвы-Беларусі называўся «доўгачаканым ўз’яднаннем», хоць беларускія землі ў складзе расейскай дзяржавы ніколі не былі, а прадзеды ніколі туды не імкнуліся, бо ведалі, што іх там чакае.

Беларусы галасавалі нагамі

У Расеі сялян прыгняталі больш жорстка. Замест ранейшых разлікаў з гаспадарамі грашыма вяскоўцаў пагналі на паншчыну. Цяпер вельмі часта на панскім полі трэба было гнуць спіну ўсе сем дзён тыдня. У сялян маглі адабраць іхні на­дзел зямлі разам з гаспадаркай і прымусіць працаваць за мізэрны харч. Такія паднявольныя людзі нічым не адрозніваліся ад рабоў на тагачасных амерыканскіх плантацыях. У пецярбургскіх і маскоўскіх газетах друкаваліся абвесткі памешчыкаў аб продажы пародзістых сабак і сялян, прычым сабакі часта ставіліся гаспадарамі на першае месца.

Расейскія землеўладальнікі, якім у Беларусі было пры канцы ХVIII стагоддзя «пожаловано» паўмільёна сялянаў, тысячамі адрывалі іх ад родных мясцін і адпраўлялі ўглыб Расеі на цяжкія будаўнічыя работы. Царскія законы дазвалялі прадаваць прыгонных сялян без зямлі, разлучаць мужа з жонкай, бацькоў з дзецьмі. Гаспадары мелі права як заўгодна караць прыгонных і нярэдка нявечылі або забівалі іх, але заставаліся беспакаранымі.

За «шчасце» такога «ўз’яднання» нашыя продкі галасавалі нагамі. Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай, які адбыўся ў 1772 годзе, з захопленага абшару Полацкага, Віцебскага і Мсціслаўскага ваяводстваў у Вялікае Княства Літоўскае ўцяклі больш за 30 тысяч беларусаў. Калі з дапамогаю расейскіх штыхоў былі паняволеныя ўсе нашыя землі, вяскоўцы пачалі пераходзіць у Беласточчыну, якая трапіла пад уладу Прусіі.


Гарады без вольнасцяў і гербаў

Як вы ведаеце, гарады ў Вялікім Княстве Літоўскім мелі шырокія правы. Гараджане-месцічы выбіралі раду, якая кіравала гарадскім жыццём, абараняла сваіх купцоў і рамеснікаў, збірала падаткі. Селянін, які ўцякаў ад лютага пана ў горад, рабіўся вольным чалавекам.

Права горада на самакіраванне называлася магдэбургскім, бо яно ўпершыню ўзнікла ў нямецкім Магдэбурзе, а затым хутка пашырылася па еўрапейскіх краінах. У Расеі, якая не належала да Еўропы, магдэбургскага права ніколі не было. Там гараджане, параўнаўча з нашымі месцічамі, былі бяспраўнымі царскімі падданымі.

Захапіўшы беларускія землі, царскія ўлады адабралі ў нашых гарадоў усе магдэбурскія правы. Пад забарону трапілі і даўнейшыя гербы, якія былі на гарадскіх пячатках і аздаблялі ратушы — будынкі, дзе працавала рада. Самі ратушы, што, як і гербы, нагадвалі месцічам пра былыя вольнасці і незалежную дзяржаву, таксама мулілі вока новым гаспадарам. У колішніх ратушах расейцы парабілі суды, турмы, паліцэйскія ўправы. Калі пад час пажару згарэў будынак ратушы ў Наваградку, імперскія чыноўнікі так і не далі дазволу на яе рамонт. Гэты дазвол павінен быў прыйсці з Пецярбурга, дзе вырашаліся нават пытанні перабудовы якога-небудзь свірна, не кажучы ўжо пра ратушы. Такія парадкі панавалі ў Расейскай імперыі.

Часам ратушы не хацелі прыстасоўваць пад іншыя патрэбы, а проста руйнавалі. Такі лёс напаткаў ратушу ў Менску. Расейскія ўлады спрабавалі знішчыць яе рукамі саміх менчукоў, але пралічыліся. Жыхары адмовіліся зносіць дарагі ім прыгожы будынак са старадаўнім га­дзіннікам, які адбіваў час ажно з 1600-га года. Ратушу разбуралі салдаты царскага гарнізона. Гадзіннік купіў нейкі расейскі памешчык. Ён хацеў аздобіць гадзіннікам свой маёнтак і загадаў пабудаваць дзеля гэтага адмысловую вежу. Захавалася паданне, што, калі гадзіннік узнялі на вежу, яна абрынулася і пахавала гарадскую рэліквію. Менчукі казалі, што гадзіннік не захацеў адлічваць час чужынцам.

Менскую ратушу з гадзіннікам аднавілі толькі ў ХХІ стагоддзі.


Зруйнаванае Берасце

У ажыццяўленні сваіх планаў каланізатары цалкам пагарджалі інтарэсамі нашых людзей. Самы красамоўны прыклад гэтага — лёс старажытнага Берасця, якое пры канцы ХVІІІ стагоддзя лічылася адным з найпрыгажэйшых гарадоў Усходняй Еўропы.

Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай, што адбыўся ў 1795 годзе, расейцы вырашылі пабудаваць у Берасці фартэцу для ўмацавання заходніх межаў імперыі. Царскія вайсковыя інжынеры новыя ўмацаванні вырашылі размясціць не побач з горадам, а якраз на яго месцы. Улады мала цікавіла тое, што тысячы месцічаў будуць выгнаныя з родных сценаў. Старадаўнія храмы, манастыры, палацы, жылыя будынкі былі зруйнаваныя. Каланізатары знішчылі цэлы горад, а жыхароў перасялілі за некалькі кіламетраў.

Царскую фартэцу збудавалі ў 1830–1840 гадах. Таму цяпер у Берасці няма будынкаў, старэйшых за дзвесце гадоў. Успомніце пра гэта, калі будзеце на экскурсіі ў сучаснай Брэсцкай крэпасці.


Раскраданне ліцьвінскіх скарбаў

У Расею вывозілі багатыя бібліятэкі і мастацкія калекцыі нашых арыстакратаў. На ўсход везлі каштоўныя архівы і летапісы, што захоўваліся ў манастырах, замках ды палацах арыстакратычных родаў.

Як сведчаць гістарычныя дакументы, Публічная бібліятэка ў Пецярбурзе выбірала сабе «все редкие и роскошные издания, коих она не имеет и, следовательно, могущие служить ее украшению». У наш час у адной толькі Дзяржаўнай бібліятэцы Расеі ў Маскве знаходзяцца 82 выданні Францішка Скарыны. Між тым у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі іх усяго дзесяць, а ў Полацкім Музеі беларускага кнігадрукавання няма ніводнага.

Маскоўскія і пецярбургскія музеі ганарацца цяпер мастацкімі творамі з Нясвіжскага замка Радзівілаў. У Смаленскім гістарычна-археалагічным музеі можна ўбачыць калекцыі князёў Сапегаў. На пальцах адной рукі можна пералічыць сёння славутыя слуцкія паясы, якім пашчасціла застацца ў Беларусі. А вось у расейскіх музейных эскапазіцыях і сховішчах лік гэтых шэдэўраў беларускіх майстроў ідзе на сотні.

Рабуючы нашыя каштоўнасці, каланізатары рабавалі душу народа, падрывалі ягоныя жыццёвыя сілы.


«Нас пагоняць у Маскву, на вайну…»

У царскай імперыі на Беларусь лёг цяжар падаткаў, якія напачатку былі ў пяць разоў большыя, чым у расейскіх губернях. Апрача падаткаў, на вясковае і гарадское насельніцтва наклалі іншыя павіннасці, самай цяжкай з іх стала рэкруцкая. Па гэтай павіннасці юнакоў і мужчын ад 19 да 35 гадоў забіралі ў царскае войска. Служыць спачатку трэба было ўсё жыццё, потым гэты тэрмін паводле «ласкі» імператрыцы Кацярыны ІІ скарацілі да 25 гадоў. У мірны час у салдаты бралі з 500 душ аднаго хлопца, а ў вайну — чацвярых, пецярых і нават васьмярых. Родныя забраных ведалі, што амаль ніхто з іх ужо не вернецца дадому. Тужлівымі і поўнымі болю былі рэкруцкія песні:


Будуць мяне, малайца,

у салдацікі браць.

Будуць мне, малайцу,

белы ручкі вязаць.

Будуць мне, малайцу,

скоры ножкі каваць.

Будуць мяне, малайца,

у няволю адпраўляць…


Да канца XVIII стагоддзя беларускія губерні далі царскай арміі больш за 100 тысяч салдат. Беларусы-ліцвіны заўсёды былі добрымі ваярамі, але цяпер мусілі ўдзельнічаць у захопніцкіх паходах царскіх генералаў і гінуць за чужыя інтарэсы. У адной з рэкруцкіх песняў гучалі такія горкія радкі:


Нас пагоняць у Маскву, на вайну,

У Расею, на чужую старану…


Не Якуб, а «Яков»,

не Паўліна, а «Полина»

У Расеі беларусаў не лічылі самастойным народам і не прызнавалі нашае мовы. Вы памятаеце, што ў продкаў адбіралі іхнія спрадвечныя імёны. Якубаў у новых дакументах ператваралі ў «Яковов», Астахаў у «Евстафиев», Паўлінак зрабілі «Полинами», Анэляў — «Аннами». Царскія пісары, хто як хацеў, перараблялі на свой расейскі капыл нашыя старадаўнія імёны Усяслаў, Брачыслаў, Альгерд, Рагнеда, Звеніслава…

Вельмі не падабаліся пісарчукам і «неправославные» імёны. Габрыэль ці, напрыклад, Мальвіна, маглі стаць «Гаврилой» і «Марфой», Ян — «Иваном». Згоды на гэта ніхто не пытаўся. Да беларускіх прозвішчаў дадаваліся расейскія канчаткі, а сялян почасту проста запісвалі на прозвішча памешчыка.

Такім чынам беларусаў таксама пазбаўлялі памяці, каб перарабіць на расейцаў.


Людзі другога гатунку

У Вялікім Княстве закон даваў жанчынам — шляхцянкам і мяшчанкам — шырокія правы ў валоданні маёмасцю. У Расеі жанчыны такіх прывілеяў тады не мелі. Вольныя ліцьвінкі страцілі таксама шмат іншых ранейшых правоў.

Большасць нашых продкаў у той час былі вуніятамі. Царская ўлада ненавідзела народную вуніяцкую веру, бо яна захоўвала мову і звычаі народа і перашкаджала рабіць ліцьвінаў-беларусаў расейцамі. Вуніятаў пачалі гвалтам пераводзіць у праваслаўе. Аднак новыя гаспадары не давяралі і мясцовым праваслаўным святарам. Беларусаў адпраўлялі служыць у далёкія губерні імперыі, а адтуль да нас прысылалі расейцаў. Гэтыя папы не ведалі ні мовы, ні традыцыяў прыхаджан. Яны зацята змагаліся з калядаваннем, гуканнем вясны, Купаллем, Дзядамі, з усімі спрадвечнымі беларускімі святамі і звычаямі.

У Расеі людзьмі другога гатунку зрабіліся габрэі, якія некалькі стагоддзяў жылі ў Вялікім Княстве Літоўскім і мелі там шмат правоў. Царскія ўлады абклалі габрэяў-юдэяў цяжкімі падаткамі і ўстанавілі для іх «мяжу аселасці», за якой не дазвалялася сяліцца.

Усіх нязгодных з новымі парадкамі бязлітасна каралі. Гэта ў Расейскай імперыі заўсёды ўмелі рабіць. Дзяржаўным злачынствам лічыліся нават «дзёрзкія абразлівыя словы». Нашых продкаў кідалі ў турмы, адпраўлялі на сібірскую катаргу, высылалі ў арыштанцкія роты. Жудасным пакараннем, якога не ведала ніводная еўрапейская краіна, было біццё шпіцрутэнамі — доўгімі гнуткімі дубцамі. Асуджанага з аголенай спінай гналі праз шыхт узброеных шпіцрутэнамі салдат. Часам прысуд патрабаваў зрабіць некалькі тысяч удараў, пасля чаго чалавек звычайна паміраў.


Мары аднавіць дзяржаву

Магнаты і ліцьвінская шляхта, якіх у Вялікім Княстве называлі «палітычным народам», каб захаваць маёнткі, прысягнулі царскаму трону, але былі пазбаўленыя ранейшых прывілеяў і вольнасцяў. Апрача таго імператар Аляксандр І загадаў праверыць шляхецкія дакументы і ўсіх шляхцічаў, якія не пацвер­дзяць свае правы, прыпісаць да сялян або мяшчан.

Цар і ягоны ўрад баяліся вольналюбівага «палітычнага народа», а шляхта варожа ставілася да новай улады і марыла пра адраджэнне ўласнай дзяржавы і яе вяртанне ў Еўропу.

У 1811 годзе група арыстакратаў-ліцьвінаў прапанавала цару Аляксандру аднавіць Вялікае Княства Літоўскае і вярнуць яму землі, страчаныя ў выніку Люблінскай вуніі 1569 года з Польшчай. Пасля гэтага меркавалася прыняць канстытуцыю, вызваліць беларускіх сялян ад прыгону і правесці дэмакратычныя змены. Галоўным аўтарам пададзенага цару праекта стаў граф Міхал Клеафас Агінскі, якога добра ведалі не толькі на нашых землях, але і ў многіх еўрапейскіх краінах.