Памятаюць Купалу, перажылі вайну. Ці захаваюцца падмуркі дамоў Луцкевічаў?

У Купалаўскім парку ўстаноўленыя месцы, дзе, верагодна, стаялі дамы выбітных дзеячаў беларускага адраджэння Івана і Антона Луцкевічаў. Але падмуркам пагражаюць будаўнічыя працы.

Адзін з дамоў Луцкевічаў. Фота з кнігі Юлі Андрусішн "Забыццю не адданае"

Адзін з дамоў Луцкевічаў. Фота з кнігі Юлі Андрусішн "Забыццю не адданае"

Некалькі месяцаў таму ў Купалаўскім скверы ў Мінску пачаліся працы па добраўпарадкаванні: пракладаюць новыя сцежкі, робяць дадатковае асвятленне. За справу ўзяліся глабальна: тэрыторыю абнеслі плотам, прыгналі тэхніку, экскаватары пачалі капаць зямлю — і дакапаліся да падмуркаў вядомых напачатку мінулага стагоддзя лазняў Плаўскага. Тут мылася сталічная інтэлігенцыя, у тым ліку Янка Купала, які жыў у двух кроках адсюль — фактычна на месцы сённяшняга музея.


Увесь час, што ідуць працы, Павел Каралёў, вядучы навуковы супрацоўнік Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы, ходзіць па вырытых траншэях з пакетам: то аскепкі старадаўняй кафлі знойдзе, то кавалкі посуду XIX, ХХ и нават XVII стагоддзя.


А днямі Павел Каралёў зрабіў яшчэ адно адкрыццё: устанавіў прыкладныя месцы знаходжання двух дамоў айцоў-заснавальнікаў БНР Антона і Івана Луцкевічаў. Летась, дарэчы, у многім намаганнямі ўнучатай пляменніцы братоў Луцкевічаў Маргарыты Пяровай, непадалёк ад гэтага месца паставілі мемарыяльны камень як памятку пра тыя дамы.

damy_luckeviczau_dzijana_seradzjuk__28__logo.jpg


Сённяшнім мінчанам складана паверыць, што да вайны раён цяперашняга Купалаўскага сквера быў густа заселены. Больш за тое, праз разлівы Свіслачы тут штогод адбываліся такія паводкі, што праз вокны дамоў Луцкевічаў і нават Янкі Купалы ўсярэдзіну залівалася вада і жыхары мусілі перамяшчацца на лодках.
Пабудаваныя напрыканцы ХІХ стагоддзя, дамы Луцкевічаў былі нацыяналізаваныя бальшавікамі. Перажылі вайну, але былі зруйнаваныя ўладамі. Іх выявы захаваліся, прынамсі, іх можна знайсці ў кнізе Юлі Андрусішн, маці спевака Данчыка і ўнучатай пляменніцы братоў Луцкевічаў, «Забыццю не адданае». Захаваліся і планы з пазнакамі, дзе стаялі дамы, і нават з падрабязнасцямі інтэр'ераў. Пры жаданні ў будучыні можна — і варта! — было б зрабіць музей братоў Луцкевічаў, заснавальнікаў сучаснай беларускай дзяржаўнасці. Але рэальнасць такая, што сёння падмуркам дамоў (Павел Каралёў амаль стоадсоткава ўпэўнены, што яны знаходзяцца менавіта на вызначаных ім месцах, але каб устанавіць гэта дакладна, патрэбныя археалагічныя даследаванні) пагражаюць працы па добраўпарадкаванні парка.


Справа ў тым, што ў парку на сцежцы, што ідзе ўздоўж вуліцы Янкі Купалы, пастаянна збіраецца лужына. Каб вырашыць гэтую праблему, будаўнікі вырылі траншэю для адводу вады. Траншэя прайшла наўпрост па падмурках лазняў. Таксама ў іх быў запланаваны калодзеж для сцёку вады. Каб вада сцякала далей, да ракі, траншэю плануюць пракапаць акурат праз падмуркі першага дома Луцкевічаў. А над падмуркамі другога дома пройдзе новая паркавая сцежка, якую ўжо пачалі рабіць.


Марына Негіна, інжынер-праекціроўшчык, спецыяліст па сетках, не бачыць неабходнасці весці вадасцёк праз меркаваныя падмуркі аднаго з дамоў Луцкевічаў.
Я не бачыла план, але мне дзіўна, што, калі лужына там, цягнуць водаадвод сюды, бо ўздоўж дарогі яўна ёсць ліўневая каналізацыя. Лужыну можна засыпаць, альбо выраўняць сцежку. Я не бачу нічога страшнага ў тым, каб унесці змены ў праект. Так, гэта пацягне некаторыя выдаткі, але гэта непараўнальныя рэчы, — кажа яна.
— Падмуркі лазняў маюць, хутчэй, мемарыяльную каштоўнасць, — мяркуе Павел Каралёў. — Ёсць успаміны Пімена Панчанкі, які казаў, што «мы часцей, чым у тым была патрэба, хадзілі парыцца ў гэтую лазню». Насупраць стаяў дом Купалы, і маладыя пісьменнікі прыходзілі сюды шторазу ў спадзеве ўбачыць паэта. Аднойчы Уладзіслава Францаўна, жонка Купалы, спыніла іх: «Хлопчыкі, вы, напэўна, літаратары? Зараз Янка Купала даголіцца і з вамі сустрэнецца». І Пімен Панчанка прыгадвае, што «мы ад страху ўцяклі».

Падмуркі лазняў Плаўскага

Лазні Плаўскага знеслі ў 1950-х гадах. Цяпер гісторык прапануе хаця б месцамі іх закансерваваць і музеефікаваць. А вось падмуркі дамоў Луцкевічаў неабходна захаваць цалкам, перакананы Павел Каралёў. Ён спадзяецца, што будаўнікі знойдуць магчымасць правесці камунікацыі, не закранаючы іх.

— Прыгадаю яшчэ такі факт, што 20 лістапада 1930 года мама Янкі Купалы бегла ў адзін з гэтых дамоў, бо Купала зрабіў спробу самагубства, а брат Антона і Івана Стэфан Луцкевіч быў доктарам,

 — дадае Павел Каралёў.
Як зрабіць, каб пераканаць рабочых не чапаць каштоўныя цагліны, гісторык не ведае. Па-добраму, кажа ён, перад тым, як праводзіць нейкія землебудаўнічыя працы, трэба, каб тэрыторыю даследавалі археолагі, і на падставе гэтага даследавання павінна стварацца праектная дакументацыя. Рашэнне аб даследаванні павінна выносіць Акадэмія навук. Але ў нас гэта гучыць як фантастыка: у большасці выпадкаў Акадэмія вырашае праводзіць археалагічны нагляд — бо гэта танней. Археалагічны нагляд часта выглядае так, што працуюць будаўнікі і экскаватары, і добра, калі археолаг у гэты час знаходзіцца на аб’екце — тады ён ідзе за тэхнікай і глядзіць, ці ёсць там што каштоўнае. А інструменты па спыненні будаўнічай дзейнасці і змяненні праектнай дакументацыі ў выпадку знаходжання каштоўнасцяў у Кодэксе аб культуры не прапісаныя.

Павел Каралёў са знойдзеным у парку кавалкам кафлі

Павел Каралёў са знойдзеным у парку кавалкам кафлі

Ліст Паўла Каралёва з просьбай захаваць падмуркі лазняў ужо пайшоў у Міністэрства культуры, Акадэмію навук, Мінгарвыканкам. Таксама рыхтуюцца лісты з просьбай унесці месца, дзе стаялі дамы Луцкевічаў, у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў — так, як зрабілі з месцам, дзе нарадзіўся Максім Багдановіч. Але паколькі працы ўжо ідуць, зрабіць гэта будзе не так проста. Тым не менш, ідэю падтрымалі Беларуская філія Міжнароднага камітэту па ахове помнікаў ІКАМОС, Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы і Грамадская назіральная камісія па ахове помнікаў пры Мінкульце. Але і нашыя з вамі, грамадзян, высілкі, таксама могуць дапамагчы захаваць падмуркі — не проста дамоў, падмуркі незалежнасці.