Паўстанне з руінаў. Як нямецкія ваеннапалонныя аднаўлялі Мінск
Па заканчэнні Другой сусветнай вайны Мінск быў разбураны на 80%. Ладную частку разбурэнняў аднаўлялі рукамі ваеннапалонных — прычым нават без тэхнікі.
Тысячы ваеннапалонных і інтэрнаваных працавалі на аднаўленні Мінска пасля Другой сусветнай вайны. Пра тое, што і як адбудоўвалася ў беларускай сталіцы ў той перыяд, «Deutsche Welle» пагаварыла з гісторыкам і гідам Юрыем Куўшынавым.
У 1944 годзе ў БССР было больш за 80 тысяч ваеннапалонных
Паводле слоў Юрыя Куўшынава, пасля вызвалення Мінска, летам 1944 года, на тэрыторыі БССР знаходзілася больш за 80 тысяч ваеннапалонных, большасць з іх былі немцамі, каля шасці тысяч — аўстрыйцы, пяць тысяч венграў, прыкладна паўтары тысячы чэхаў і славакаў, румынаў і прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцей. Для палонных стварылі каля дзесяці лагераў і сем шпіталяў.
Гісторык расказвае, што пасялілі іх у былым лагеры для савецкіх ваеннапалонных «Шталаг 352» каля вёскі Масюкоўшчына. Пасля вайны гэтае месца вядома як лагер НКУС для нямецкіх ваеннапалонных №168.
Акрамя таго, у 1945 годзе з Германіі ў БССР інтэрнавалі мужчын працаздольнага ўзросту.
Тысячы палонных і інтэрнаваных накіравалі на аднаўленне Мінска, які быў разбураны амаль на 80%. Як адзначае Куўшынаў, асабліва буйныя разбурэнні былі ў 1944 годзе, калі ішла аперацыя «Баграціён».
Паводле слоў гісторыка, сярод палонных было шмат інжынераў. Адным з першых адбудаваных імі раёнаў стаў так званы пасёлак трактарнага завода. «Яго будавалі ваеннапалонныя салдаты і малодшыя камандзіры, а праектавалі нямецкія афіцэры, якія мелі інжынерныя спецыяльнасці. Пасёлак цікава спланаваны, там хапае і прасторы, і зялёных зон», — адзначае Куўшынаў.
Што будавалі ў Мінску ваеннапалонныя
Нямецкія і італьянскія ваеннапалонныя ўдзельнічалі і ў аднаўленні аднаго з цэнтральных раёнаў Мінска — Асмалоўкі. У гэтым жа раёне — будынкаў Міністэрства абароны і Вялікага тэатра оперы і балета. «Оперны тэатр не быў разбураны цалкам, падчас акупацыі там быў склад абутку і адзення, адабранага ў яўрэяў, якія сталі ахвярамі Халакосту. Ён згарэў, але яго адбудавалі і абнавілі», — расказвае гісторык.
Цэнтральная частка галоўнай магістралі Мінска, цяперашняга праспекта Незалежнасці, таксама будавалася пасля вайны, у тым ліку і сіламі ваеннапалонных. Прычым уручную — першыя краны ў Мінску з'явіліся толькі ў 1949 годзе. «Працавалі на будаўніцтве і мінчане. Першы "нядзельнік", да прыкладу, прайшоў у Мінску 8 кастрычніка 1944 года», — расказвае гісторык. Ваеннапалонныя ўдзельнічалі ў будаўніцтве аўтазаводскага пасёлка Краснае Урочышча, галоўнага корпуса Акадэміі навук, некаторых мінскіх прадпрыемстваў.
Як ставіліся да іх мясцовыя жыхары
Куўшынаў адзначае, што ў мясцовых жыхароў стаўленне да ваеннапалонных змянялася ад варожасці да спагады. «Мінчукі бачылі, як яны выглядалі, як працавалі. За імі сачыў 37-мы конны полк НКУС, выводзіў іх на працу, энкавэдэшнікі гаварылі, што ваеннапалонныя, у асноўным, працавалі даволі адказна», — кажа гісторык.
У той жа час ён адзначае, што многія з іх спрабавалі ўцячы, таксама было нямала спроб членашкодніцтва: «Была велізарная смяротнасць ад хвароб, голаду, проста страшная колькасць уцёкаў, хоць яны былі безнадзейнымі. Часам былі і ідэалагічныя ўцёкі, ствараліся нават ячэйкі з былых эсэсаўцаў, якія да канца былі адданыя ідэям Трэцяга рэйху. Але былі і ўцёкі адчаю».
Стымуламі ж для паслушэнства і прадуктыўнай працы, паводле слоў гісторыка, маглі служыць дадатковы паёк або магчымасць напісаць блізкім ліст з указаннем канкрэтнага месца, дзе ты знаходзішся. Акрамя таго, у ваеннапалонных былі абмежаванні па колькасці слоў у лістах у Германію.
Усе могілкі ваеннапалонных разбураныя
«Сваёй працай ты мог заслужыць напісаць больш лістоў», — адзначае суразмоўца. Галоўнай жа ўзнагародай было ўключэнне ў спіс для вяртання на радзіму. Першая хваля рэпатрыяцыі прайшла ў 1947 годзе, да сярэдзіны 50-х ваеннапалонных у БССР не засталося. «Шмат ваеннапалонных паміралі пасля ўцёкаў і ад цяжкіх умоў утрымання. Іх хавалі ў брацкіх магілах, недалёка ад такіх лагераў, які быў у Масюкоўшчыне. Было 77 могілак і пахаванняў. Дзяржава, паводле закона, павінна была іх ахоўваць, але ўсе яны разбураныя», — кажа гісторык.
Куўшынаў таксама адзначае, што, асвятляючы гэты перыяд гісторыі, беларускія дзяржСМІ робяць акцэнт на тым, што яны прыйшлі са зброяй на нашу зямлю, але «савецкая ўлада, спадкаемцамі якой мы з'яўляемся, ставілася да іх мякка, дазваляла лісты дадому, у тэатр вадзіла, ім стварылі ўмовы для працы, да іх добра ставілася насельніцтва», хоць на самай справе ўмовы былі «амаль такімі ж, як і ў савецкіх ваеннапалонных у нацысцкіх лагерах».