Першая доктарка ва Усходняй Еўропе — беларуска. Чым яшчэ знакамітыя беларускія жанчыны-медыкі?

Напярэдадні 8 сакавіка «экстрэмісцкі» тэлеграм-канал беларускіх лекараў успамінае гісторыю і вядомых беларусак у медыцыне.

izvestnye_zhenshchiny_belarusi_kratkie_biografii_5.jpg


Пачнем з гісторыі

Са старажытных часоў жанчыны аказвалі лячэбную дапамогу, назапашваючы і перадаючы наступным пакаленням жыццёва важныя веды і навыкі. Але прафесійнымі медыкамі маглі станавіцца толькі мужчыны. Жанчын, якія працягвалі займацца лячэбнай дапамогай, называлі знахаркамі, яны падвяргаліся пераследам. Гэта значыць, жанчыны наўпрост аказвалі медыцынскую дапамогу, але былі пазбаўленая магчымасці легальнага занятку медыцынай, праходзіць навучанне нароўні з мужчынамі, працаваць.

У пачатку 1800-х гадоў асіставанне пры родах было прызнана медычнай дзейнасцю, а вось лекарамі ў той час былі толькі мужчыны. Здаўна жанчыны займаліся акушэрствам, але і тут ім быў зачынены шлях.

Сітуацыя пачалася змяняцца ў ХІХ стагоддзі, калі ваеннае становішча ў Еўропе было вострым. У 1872 годзе пры медыка-хірургічнай (Ваенна-медыцынскай) акадэміі ў Санкт-Пецярбургу быў адкрыты «асаблівы жаночы курс для адукацыі навучаных акушэрак», які з 1876 года стаў называцца «Вышэйшыя жаночыя медычныя курсы». Многія даследчыкі называюць яго першай вышэйшай жаночай медыцынскай навучальнай установай у Еўропе.

Таксама ў гэты час жанчыны сталі з'яўляцца і на поле бою як дзейсныя работніцы пры аказанні медыцынскай дапамогі параненым і хворым, а таксама — жаночага догляду за пацярпелымі вайскоўцамі. Падчас Крымскай вайны была арганізавана праца сясцёр міласэрнасці. У пачатку ХХ стагоддзя жанчыны былі ўжо афіцыйна дапушчаныя да іспытаў на званне доктара медыцыны.


Першая ў гісторыі доктарка з Усходняй Еўропы — беларуска

Саламея Рэгіна Русецкая нарадзілася прыкладна ў 1718 годзе на Навагрудчыне. Калі ёй споўнілася 14 гадоў, яе аддалі замуж за нямецкага акуліста Якуба Гальпіра, разам з якім яна пераехала ў Стамбул. Муж займаўся медыцынай, і Саламею гэты занятак захапіў. Спярша яна проста дапамагала мужу, а неўзабаве пачала практыкаваць самастойна. І ёй нават удалося атрымаць афіцыйны дазвол на медычную дзейнасць!

Па мусульманскіх законах мужчыны (нават лекары) не маглі наведваць гарэмы, а жанчыны не маглі лячыць мужчын, таму такая праца была па плячы толькі жанчыне іншай веры.

Нават пасля смерці мужа Саламея працягвала працаваць лекарам. Набытыя кнігі па медыцыне дапамагалі ёй удасканальваць навыкі, а веданне лаціны (яму яе навучыў слуга Гальпіра) — выпісваць рэцэпты. Свае навуковыя працы і лісты яна пісала на польскай мове.

Неацэннай спадчынай Саламеі стаў эпісталярны раман «Авантуры майго жыцця» — успаміны і развагі пра падзеі таго часу, апісанне людзей, з якімі яна сутыкалася падчас падарожжаў па краінах Захаду і Усходу.

На жаль, канец яе жыцця застаўся пакрыты таямніцай: пасля паломніцтва ў Святую Зямлю яна планавала паехаць у Палестыну і Егіпет, але далейшы лёс Саламеі невядомы.


Другая Сусветная вайна

Вайна, на жаль, і ў 2023 годзе актуальная тэма. Што цяпер, што тады, у медыцынскай дапамозе і лячэнні параненых удзельнічалі ў асноўным жанчыны. Напрыклад, Вольга Шчарбацэвіч, адна з 12 ахвяр першага масавага публічнага пакарання, якое адбылося ў Мінску 26 кастрычніка 1941 года, да вайны працавала ў 3-й бальніцы Мінска. Калі горад быў заняты ворагам, яна стала дапамагаць ваеннапалонным.

Ужо на трэці дзень акупацыі разам з сяброўкай жанчына пранікла ў мясцовае аддзяленне паліцыі і знайшла там бланкі незапоўненых пашпартоў. Дзякуючы падробленым дакументам яны вызвалілі нямала ваеннапалонных. Лячылі параненых і выводзілі ў бліжэйшыя вёскі або ў партызанскія атрады. Вольга Шчарбацэвіч была закатаваная і павешаная на вачах у свайго сына, якога ў той жа дзень чакала такая ж доля, як і маці.

Фота з livejournal.com

Фота з livejournal.com


А ваенная фельчарка Раіса Абакумава і медсястра Вера Харэцкая аказвалі медыцынскую дапамогу героям Брэсцкай крэпасці. У цытадэлі Раіса Абакумава стварыла імправізаваны шпіталь, арганізавала дзяцей і жанчын у дапамогу параненым. Часам нават пад агнём праціўніка здабывала для іх ваду. Жанчына трапіла ў палон разам са сваёй маці і яны апынуліся на прымусовых работах у Германіі. Пасля вайны доўгі час Раісу Абакумаву лічылі зніклай без вестак.


Першая прафесарка па неўралогіі ў Беларусі

Антаніна Леановіч нарадзілася 15 студзеня 1929 года ў Барысаве Мінскай вобласці ў сям'і рабочага. Скончыла лячэбны факультэт Мінскага медыцынскага інстытута.

Стрыжневая праблема, якой яна займалася, — гэта дэміелінізуючыя захворванні нервовай сістэмы: рассеяны склероз, параінфекцыйныя і інфекцыйна-алергічныя энцэфаламіэліты, полірадыкуланеўрыты, лейкаэнцэфаліты і лейкадыстрафіі.


Трохі сучаснай статыстыкі

У чэрвені 2022 года Белстат выпусціў статыстычны агляд да дня медыцынскага работніка. Са статыстыкі вынікае, што ў Беларусі працуе 124.100 медыцынскіх работнікаў, з іх 118 515 — гэта жанчыны. Лекараў-спецыялістаў працуе 55.200 чалавек, сярод іх 40.792 — жанчыны.

Вынікаючы з самой статыстыкі, атрымліваецца, што ў медыцынскай сферы ў Беларусі больш за 80 працэнтаў — жанчыны.