Рай Адама Міцкевіча пад Нясвіжам
Студзёнкі — невялічкая вёска ў 15 кіламетрах ад Нясвіжа. Але мала хто нават з даследчыкаў ведае, што яе апісаў у сваёй неўміручай паэме «Пан Тадэвуш» наш славуты зямляк Адам Міцкевіч. Больш таго — нядаўна адшукалі валун з надпісам, які Міцкевіч зрабіў у альбоме гаспадыні маёнтку, калі наведваў Студзёнкі і быў ад іх у захапленні.
Гэты малавядомы факт згаданы толькі ў аднаго з даследчыкаў, пры тым, што тое даследаванне не тычыцца наўпрост біяграфіі вялікага паэта. Аднак гісторыя вакол гэтай вёскі і яе ўладароў можа здацца настолькі цікавай, што можа стацца вартай асобнай кнігі ці гістарычнага рамана. Чаго варты толькі імёны яе ўладароў і асоб з ёй звязаных, прадстаўнікоў заможных і шляхецкіх родаў — Радзівілы, Развадоўскія, Грушэцкія, Каліноўскія, Ваньковічы...
З гісторыі вёскі. Ад Радзівілаў да Грушэцкіх
Першыя згадкі пра вёску адносяцца да 1558 года, калі Мікалай Глябовіч у прысутнасці Мікалая Радзівіла падараваў маёнтак Студзёнкі ў Наваградскім ваяводстве ВКЛ Якаву Красуцкаму (ці Я. Красоўскаму). У 1650 годзе яе купілі і самі Радзівілы, у пана Быкоўскага, і вёска становіцца часткай нясвіжскай ардынацыі Радзівілаў. Пасля Другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) вёска знаходзіцца ў складзе Расійскай імперыі ў Нясвіжскім, а з 1796 — у Слуцкім павеце Мінскай губерні.
Аўдавелая дачка Міхаіла Казіміра Рыбанькі, Тэафілія Канстанцыя Радзівіл (1738—1807), легендарная «рыцарская дзяўчына» і адна з самых радавітых і багатых нявест Вялікага Княства і Польшчы, у 1793 годзе бярэцца шлюбам з 24-х гадовым ротмістрам Янам Тадэвушам Развадоўскім (1769—1849; ротмістр кавалерыі літоўскіх войскаў, афіцэр Лістападаўскага паўстання 1830—1831, заснавальнік Баранавіч, генерал). Ёсць нават звесткі, што Тэафілія Радзівіл была ў жаночай масонскай ложы «Ідэальнай вернасці» ў Вільні, куды ўваходзілі самыя радавітыя і захопленыя палітыкай дамы. Для маладога Развадоўскага шлюб са значна старэйшай за яго князёўнай быў, бясспрэчна, выгадным — па шлюбу ён робіцца ўладаром і арандатарам Студзёнак. У дакументах за 1805 год фальварак Студзёнкі Нясвіжскай ардынацыі Радзівілаў запісаны ў арэндзе Яна Развадойкі (Развадоўскага).
У 1807 годзе князёўна Тэафілія памірае. Яе пахавалі у радзівілаўскім Нясвіжы. Праз некалькі гадоў Ян Развадоўскі бярэцца шлюбам з Марыяй Вангродскай. Ад шлюбу нарадзілася 7 дзяцей, сярод якіх былі Сафія (нар. к. 1809) і Канстанцін (1813—1885; генерал-лейтэнант, камендант Варшавы, атрымаў у 1872 тытул графа). 8 студзеня 1833 года ў Iшкалдскiм Траецкiм касцёле Сафія пабралася шлюбам з дваранінам Магілёўскай губерні паручнікам Андрэем (Анджэем) Грушэцкім (нар. к. 1805; у некаторых крыніцах ён памылкова запісаны, як Аляксандр), які потым становіцца новым гаспадаром маёнтка.
Адам Міцкевіч у Студзёнках. Рай Міцкевіча
Маёнтак Студзёнкі ў тыя часы ўяўляў сабой прыгожы аднапавярховы прасторны асабняк, з цудоўным афармленнем і з хатняй капліцай. У шэраг ішлі тры гасцёўні: першая знаходзілася адразу побач з вітальняй, другая — пасярэдзіне, і трэцяя, каторая мела цалкам шкляную сцяну, выходзіла на сад. Улетку з сядзібы адкрываўся раскошны від на пярэстыя кветкі на акуратных градках, узімку — на чароўную беласнежную роўнядзь.
У гасцёўні было заўсёды светла, цёпла і ўтульна. Капліца стаяла з іншага боку дома. На поўдзень і на ўсход ад дома раскінуўся велізарны парк, які быў закладзены яшчэ пры Радзівілах. У ім былі найлепшыя гатункі дрэў нашага краю: велічныя векавыя дубы, высокія ліпы, лістоўніцы, хвоі, грабы, плакучыя бярозы, кусты бэзу, язміну і руж… Усё гэтае хараство цешыла вока на бяскрайнім прыгожым зялёным газоне з люстранымі шыбамі ставаў (сажалак), якія былі злучаныя паміж сабою звілістай рэчкай праз зялёнае поле, а праз рэчку былі кінутыя зграбныя масткі.
Усё гэта чыніла Студзёнкі малым зямным раем. Менавіта раем і назваў Адам Міцкевіч гэтыя мясціны, калі іх наведаў. Паэт быў у захапленні ад сядзібнага парка, і ў альбоме гаспадыні напісаў наступныя словы:
«Ewa raj utracila, Tyś go wskrzesila».(«Ева рай страціла, Ты ж яго ўваскрэсіла»).
Гэтыя словы пазней былі высечаныя і на камені, які некалькі гадоў прастаяў ў парку, за фруктовым садам, на шляху да мясцовых могілак. Па іншых звестках запіс у альбоме казаў: «Ewa raj utraciła, Tyś go, pani, stworzyła» («Ева рай страціла, Ты ж яго, пані, стварыла»). У любым выпадку запіс на камені выглядае менавіта, як у першым варыянце. Нясвіжскі краязнаўца Аляксандр Абрамовіч нядаўна адшукаў той камень. Ён быў умураваны ў сцяну склепа, які стаіць непадалёк ад былых панскіх могілак (на якіх у гатычнай капліцы была пахаваная і пані Сафія Грушэцкая з Развадоўскіх і яе сваякі). Памер бачнай часткі каменя 85х64см.
Адзінае што — у крыніцах не прыводзіцца, у чыёй жа кнізе зрабіў запіс Адам Міцкевіч. Пра запіс згадвае польскі гісторык касцёла, доктар гуманітарных навук Ганарат Чэслаў Гіль у кнізе-даследаванні біяграфічным «Wychwalajcie mężów sławnych. Wspomnienie o świętym Rafale Kalinowskim» (Кракаў, 2014 г.). З яе можна зразумець, што запіс Міцкевіч зрабіў для Сафіі Грушэцкай. Але Сафія была прыкладна з 1809 года нараджэння. Вядома, што ў тыя мясціны, у маёнтак Тугановічы, паэт прыязджаў летам 1820 года да Марылі Верашчакі (яе маці была цёткай Ігната Дамейкі, а таксама траюраднай сястрой Тадэвуша Рэйтана і Тадэвуша Касцюшкі), разам з сябрам, філаматам Тамашам Занам (які спыняўся яшчэ і ў Ішкалдзі, што ў 10 км ад Студзёнак). Па ваколіцах яны рабілі конныя шпацыры. Найбольш верагодна, што менавіта ў гэты перыяд Міцкевіч і наведаў Студзёнкі. З гэта вынікае, што запіс ён зрабіў найверагодней у «гасцявой кнізе» Марыі Развадоўскай (1783—1845; народжаная Вангродская), якая і была фактычна той самай «гаспадыняй», а не Сафіі, яе дачкі. Хаця надпіс на камені, зразумела, быў выбіты значна пазней, можа і за часамі калі гаспадыняй была ўжо Сафія Грушэцкая.
Праўда, на Сафію быццам указвае яшчэ іншы факт. У шлюбе з Андрэем Грушэцкім Сафія нарадзіла сына Уладыслава (1833—1850), дачок Марыю (к. 1834—1900) і Цэліну (1835—1863). Пра тое, што Міцкевіч адведваў Студзёнкі ў часы дзяцінства Марыі Грушэцкай, Ганарат Гіль згадвае ў сваім артыкуле «Święty Rafał Kalinowski — patriota» (час. «Wadoviana. Przeglad historyczno-kulturalny», №2, 1998). Чаму гэтыя факты згадваюцца ў біяграфіі пра святога Рафала Каліноўскага, разгледзім ніжэй, а пакуль засяродзімся на Міцкевічы. Вядома, што паэму «Пан Тадэвуш» ён пісаў у 1832—1834 у Парыжы, дзе жыў у эміграцыі, у якую выправіўся ў 1829 годзе. Наведаць Студзёнкі ён мог толькі да ад’езду, бо з эміграцыі ўжо не вяртаўся. Вядома таксама, што яшчэ ў 1824 Міцкевіч быў высланы ў выгнанне з Літвы. І тут мы бачым заўважныя храналагічныя нестыкоўкі. Апроч таго, месца нараджэння Марыі адзначана, як вёска Гута Магілёўскай губерні (верагодна Бялыніцкай парафіі). Тое, што яна народжаная ў 1834 годзе, вынікае з таго, што ў запісе з метрычнай кнігі касцёла ў Ішкалдзі пра шлюб Віктара і Марыі Грушэцкай, які адбыўся 8 верасня 1857 года, запісана, што ёй 22 гады. Таму, падобна, што тут доктар Гіль памыліўся.
«Пан Тадэвуш». Свіцязянка
На захад ад сядзібы ў Студзёнках знаходзяцца злучаныя паміж сабою рэчкай два велізарных става (сажалкі), якія Міцкевіч апісаў у паэме «Пан Тадэвуш» у восьмай кнізе «Наезд»:
«Ў фінал мушыных шумаў, гоман птушак, здаліСтавы два хорам здвоеным вось заспявалі,Нібы каўказскія чароўныя азёры,Што ўдзень маўчаць, а ўноч вядуць перагаворы.Адзін стаў, што быў ясны, з берагам пясчаным,Блакітнымі грудзьмі даў тон усхваляваны,Другі, што з дном быў цёмным і абліччам мутным,Яму адказваў крыкам жаласным, магутным.У абодвух тых ставах спявалі жабы зважна,То сола перарывіста, то ў хор працяжна.Адзін фарціссіма пяе, другі сціхае,Той быццам чымсь абураны, другі ўздыхае.Так размаўлялі два ставы з сабой праз поле,Як быццам арфы дзве чароўныя Эола».
Пра тое, што Адам Міцкевіч апісвае ў паэме менавіта гэтыя мясціны, доктар Ганарат Гіль кажа ў кнізе «Wychwalajcie mężów sławnych. Wspomnienie o świętym Rafale Kalinowskim» (Кракаў, 2014 г.). У тым жа «Пане Тадэвушу», таксама ў восьмай кнізе, апісанне ставаў сустракаецца і далей:
«А від сапраўды быў прыгожы, маляўнічы!Ставы два пахілілі да сябе абліччы,Як пара закаханых: правы быў глыбокіБез траваў, чысты, гладкі, як дзяўчыны шчокі,А левы чуць цямнейшы, як твар маладога,З загарам і пушком абсыпаны нямнога.Пяском залочаным свяціўся злёгку правы,Як ясным воласам, а левы кучаравы,Лазой наежаны і вербамі чубаты.Абодва ж зелені вянком былі абняты».
Але тут выяўляецца самае цікавае, у наступным слупку:
«А зверху жменямі бляск месяца кладзецца,Як быццам Свіцязянка, сеўшы на раўніне,Адной рукой ваду лье з шклянага начыння,Другою з фартушка кідае ў хвалі тыяЗачараваных скарбаў пліткі залатыя».
Што звяртае на сябе ўвагу? Свіцязянка! Аднайменную баладу Адам Міцкевіч напісаў у 1821 годзе з нагоды імянін сваёй каханай Марылі Верашчакі, якую мы ўжо згадвалі вышэй. Ад Тугановічаў, дзе жыла і нарадзілася Марыля і ў каторай гасцяваў Адам Міцкевіч у 1820 годзе, усяго якіх кіламетраў 25. Ці не бывалі яны разам у тых Студзёнках падчас сваіх конных шпацыраў? Цалкам верагодна. Больш таго, падобна, што пані Марыля бывала ў маёнтку і без Міцкевіча. Да гэтай высновы падштурхоўвае яе далейшая біяграфія.
Каханне Адама і Марылі не было шчаслівым і іх марам быць разам не было наканавана спраўдзіцца. Марыля была заручоная з графам Ваўжынцам Путкамерам, з якім пабралася шлюбам у 1821 годзе. Яе дачка, Сафія (1825—1897), была шлюбам ад 1847 года за Анджэем (Андрэем) Каліноўскім (1805—1878; настаўнік, пазней — дырэктар Шляхецкага Інстытута ў Вільні). Дарэчы, мясцовы краязнаўца Аляксандр Абрамовіч мяркуе, што Анджэй Каліноўскі мог быць сваяком паўстанца Кастуся Каліноўскага. Краязнаўца прыходзіць да высновы, што Анджэй Каліноўскі з’яўляецца родным братам прадзеда Кастуся Каліноўскага, Мацея. Верагоднасць такая ёсць. Абодва яны паходзяць з роду Каліноўскіх герба Калінова, Кастусь нарадзіўся ў вёсцы Мастаўляны Гродзенскага павета, а Анджэй — у Гродне. І па датах пасуе. Але сцвярджэнне, мяркую, тым не меней вартае праверкі.
Анджэй Каліноўскі ўжо меў двух сыноў ад папярэдняга шлюбу, з Юэфай Палоньскай: Віктара (1833—1880) і Юзафа (1835—1907). Віктар у 1857 годзе, то-бок пры жыцці Марылі Верашчакі, пабраўся шлюбам з Марыяй Грушэцкай (старэйшай дачкой Андрэя Грушэцкага).
Жыць яны пераязджаюць у Студзёнкі, у маёнтак Грушэцкіх, дзе і граюць вяселле. А шлюбам яны пабраліся ў мясцовым парафіяльным касцёле Найсвяцейшай Тройцы ў Ішкалдзі, пра што сведчыць запіс у метрычнай кнізе ад 8 верасня 1857 года. Безумоўна ж, Марыля Верашчака (1799—1863), маці мачыхі Віктара Каліноўскага, мусіла прысутнічаць на тым вяселлі, як блізкая сваячка. Сваю ж мачыху, Сафію, Віктар і Юзаф ласкава называлі «мамачкай», бо яна заўсёды з любоўю клапацілася за імі. Пазней Юзаф звяртаўся да яе ў лістах «Любая мама», хоць і быў малодшы за яе толькі на восем гадоў.
Каліноўскія. Святы Рафал і няспраўджанае каханне
Падчас падзей 1863 года Віктар Каліноўскі далучыўся да паўстання, за што патрапіў у Мінскую турму. Падобна, што зняволенне пакінула на ім свой адбітак — ён пачынае пакутаваць на хваробу касцяной тканіны і паступова слепне. У 1880 годзе ён памірае. Яго пахаванне адбывалася на панскім цментары ў Студзёнках. Гэта былі невялікія могілкі з агароджаю. Пры дарозе да іх узвышаліся таполі, стаяла невялічкая каплічка. У савецкія часы гэтыя могілкі, на жаль, двойчы руйнавалі. У 1947 бульдозерам знеслі падмуркі агароджы. А 1949 годзе ў Студзёнках быў арганізаваны калгас імя Леніна, які ўвайшоў праз дзесяць гадоў у склад саўгаса «Гарадзейскі». Па словах краязнаўцы Аляксандра Абрамовіча, панскія могілкі перашкаджалі забору жвіру з кар’ера за лесам для будаўніцтва Гарадзейскага цукровага камбіната, і яны ізноў падвергліся зруйнаванню. А капліцу, што была пры могілках, як гэта не сумна, знеслі на Вялікдзень дзесьці ў 1961 годзе. Парэшткі з панскіх могілак былі перавезеныя на вясковыя могілкі і пахаваныя ў брацкай магіле разам з расстралянымі падчас вайны чырвонаармейцамі. Па сведках мясцовых, пасля забору жвіру паўсюль валяліся чалавечыя косткі. А частку надмагілляў мясцовыя расцягнулі на падмуркі. Гэтак невядомы лёс чорнага мармуровага помніка аднаму з Каліноўскіх. А надмагільны камень Віктара Каліноўскага і па сёння ляжыць на ўскрайку вёскі, папросту кінуты пад плотам каля дарогі. На вялізным камяні высечана па-польску: «Wiktor Kalinowski. Spoczul w Bogu 13 Grudnia 1880 r».
Але не менш, а мо і болей, прадстаўляе цікавасць гісторыя брата Віктара, Юзафа. Ён таксама неаднойчы бываў у Студзёнках і нават доўгі час быў закаханы ў малодшую сястру жонкі Віктара, Цэліну Грушэцкую (1835—1863). І не проста быў закаханы, а нават прасіў яе рукі. Аднак ён, небагаты інжынер Брэсцкай крэпасці, быў не ў стане на адпаведным узроўні ўтрымліваць і забяспечваць сям’ю, і сваякі Цэліны не былі згодныя з шлюбам. У 1862 годзе маладую прыгажуню выдаюць за аднаго з найбуйнейшых землеўладальнікаў Слуцкага павета Адама Даманьскага (1831—1891). На жаль, пасля года шчаслівага шлюбу, яна нечакана захварэла і памерла, магчыма што і пры родах. А Адам Даманьскі праз некалькі гадоў ажаніўся з Эміліяй Вайніловіч, стрыечнай сястрой Эдварда Вайніловіча, фундатара Чырвонага касцёла ў Мінску.
У 1863 годзе Юзаф Каліноўскі выходзіць у адстаўку ў чыне штаб-капітана і пераязджае ў Вільню, дзе ён, як і ягоныя браты, далучаецца да Студзеньскага паўстання. З чэрвеня 1863 Юзаф узначальвае ваенную секцыю Выканаўчага аддзела Літвы і робіцца найбліжэйшым памочнікам кіраўніка паўстання Кастуся Каліноўскага. А яшчэ гэта быў перыяд, калі Юзаф звяртаецца да Бога. У пэўны час ён нават жадаў уступіць у ордэн капуцынаў, але не паспеў гэтага зрабіць. 24 сакавіка 1864 года, на другі дзень пасля выканання прысуду адносна Кастуся Каліноўскага, арыштоўваюць і Юзафа Каліноўскага. Ягоныя браты, Віктар, Караль і Габрыэль ужо былі пакараныя за ўдзел у паўстанні. 2 чэрвеня 1864 года Юзафу Каліноўскаму быў абвешчаны строгі прысуд — смяротнае пакаранне праз расстрэл. Яго родныя прыклалі ўсе намаганні, каб хаця б зменшыць прысуд і ў рэшце Каліноўскага асудзілі толькі на 10 гадоў ссылкі ў Сібір ва Усолле (каля Іркуцка), пры гэтым пазбавіўшы яго шляхецкіх правоў і матэрыяльных дабротаў. У далёкую дарогу ён бярэ крыж і Новы Запавет. Марыя Грушэцкая спрабавала скарыстаць усе свае сувязі, каб пазбавіць яго ссылкі, вызваліць адтуль. Але актыўны ўдзел у паўстанні быў вельмі сур’ёзным парушэннем для судовай сістэмы расійскай улады і нічога змяніць было ўжо немагчыма.
У ссылцы Юзаф актыўна ўключаецца ў рэлігійнае жыццё. Ён дапамагае ссыльным вырашаць розныя праблемы, арганізоўвае для дзяцей і моладзі нядзельныя школы. Пасля таго, як царскія ўлады забралі з Усолля каталіцкіх святароў за ўдзел у тайных рэлігійных дзеяннях, Юзаф робіцца фактычна духоўнай апорай для ссыльных. У ліпені 1868 года ён пераязджае ў Іркуцк, у якім застаецца на бліжэйшыя 4 гады. Тут ён працуе ў парафіяльнай школе, удзельнічае на плябаніі ў святой Імшы, прымае святую Камунію. Дзякуючы сваім ведам і прафесійным навыкам яго прыцягваюць да ўдзелу ў навуковых даследаваннях Сібіры.
І ўвесь час, што Юзаф знаходзіцца ў ссылцы, ён не забывае пра сваё каханне. У сваіх лістах да родных ён нярэдка згадвае Цэліну і часта моліцца за яе. У 1873 годзе ён вяртаецца на Радзіму і наведвае свайго брата Віктара ў Студзёнках з яго жонкай, гаспадыняй маёнтку Марыяй Грушэцкай. У сваіх лістах, якіх ён на працягу 30 гадоў напісаў 32, Марыю ён пяшчотна называў Мася, трактаваў яе, як сваю сястру і выказваў да іх братэрскую любоў. У 1874 годзе Юзаф ад’язджае да Варшавы, дзе жыве яшчэ адзін яго брат, Габрыэль.
Праз некалькі гадоў, у 1877 годзе, Юзаф уступае ў Ордэн кармелітаў і прымае манаскае імя Рафал. Ім былі напісаны ўспаміны пра паўстанне 1863—1864 гадоў. Таксама ён з’яўляецца аўтарам рэлігійна-філасофскіх трактатаў. 22 чэрвеня 1983 года, у Кракаве, Ян Павел ІІ беатыфікаваў Рафала Каліноўскага, а 17 лістапада 1991 года, у Рыме, абвясціў яго святым. Святы Рафал Каліноўскі з’яўляецца патронам афіцэраў і жаўнераў, заступнікам у цяжкіх і безнадзейных справах, а таксама апекуном католікаў Сібіры.
Вось так невялікая вёска Студзёнкі, рай Адама Міцкевіча пад Нясвіжам, яе гісторыя і ўладары, як і яе тайны, нечакана стала кропкай прыцягнення цэлага шэрагу знакавых асоб беларускай гісторыі.