Самуіл Агурскі — кравец, камісар, гісторык

Самуіл Хаімавіч Агурскі — вельмі супярэчлівая асоба ў айчыннай гісторыі. Яго жыццё — сведчанне рэалізацыі імкнення дасягнуць вышынь сацыяльнай лесвіцы. І яскравы прыклад падзення з гэтых вяршынь.

ahurski_4.jpg


Кравец з беднай сям’і

Самуіл нарадзіўся 29 красавіка 1884 года ў Гродна ў беднай яўрэйскай сям’і былога салдата царскай арміі, які 25 гадоў праслужыў у войску, а па вяртанні да канца жыцця працаваў чорнарабочым на тытунёвай фабрыцы Шарашэўскага ў Гродне. Самуіл з 12 гадоў пачаў зарабляць на ўласны кавалак хлеба цяжкай працай. Спачатку ў вяровачнай майстэрні, дзе па 15–16 гадзін на суткі круціў кола, за што атрымоўваў па 50 капеек за дзень працы. Затым ваданосам на саляным заводзе, чорнарабочым на скураным заводзе і падмайстрам маляра. У 18 гадоў Самуіл уладкаваўся на швейную фабрыку краўцом, дзе далучыўся да яўрэйскага сацыял-дэмакратычнага саюза і стаў сябрам Бунду.

У 1902 годзе яго апанавалі ідэі рэвалюцыйнай барацьбы. Самуіл прыняў актыўны ўдзел у некалькіх выступленнях у Гродне ды суседняй Сувалкаўскай губерні. Гэта не магло не прыцягнуць увагу царскай паліцыі. Агурскі вымушаны быў адправіцца ў эміграцыю: спачатку ў Англію, а на наступны — 1906 — год ён перабраўся ў ЗША, дзе працаваў краўцом.


На эміграцыі

Агурскі жыў у асноўным у Чыкага. У вольны ад працы час пісаў артыкулы для яўрэйскіх сацыялістычных газет. Тут жа пазнаёміўся з лідарамі арганізацыі «Індустрыяльныя працоўныя свету» амерыканцамі Уільямам Хейвудам (пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі эміграваў у СССР і быў пахаваны ў крамлёўскай сцяне) і кіраўніком сацыялістычнай партыі Юджынам Дэбсам. Разам з імі Самуіл удзельнічаў у анархісцкім і рэвалюцыйным руху, а ў 1915 годзе ў якасці садырэктара арганізаваў так званы «Чыкагскі працоўны інстытут» — першы рэвалюцыйны інстытут для навучання эмігрантаў-працоўных з Усходняй Еўропы.

Пасля Кастрычніцкага перавароту 1917 года многія навучэнцы інстытута занялі кіруючыя пасады ў маладой савецкай дзяржаве. Сярод іх у першых шэрагах быў сам Агурскі, невядомы карэспандэнт амерыканскіх яўрэйскіх газет, які пасля Лютаўскай рэвалюцыі, у маі 1917 года, вярнуўся на тэрыторыю былой Расійскай імперыі. А пасля захопу ўлады бальшавікамі ў лістападзе зрабіў даволі паспяховую кар’еру.


proletarskajarevoljucija.jpg


У імя рэвалюцыі

Калі пачалася Кастрычніцкая рэвалюцыя, Агурскі ўступіў у шэрагі Чырвонай гвардыі, так ні разу і не прыняўшы ўдзел у баявых дзеяннях, але галоўнае — прысутнічаў на пасяджэнні Петраградскага савета 8 лістапада.

У снежні 1917 года ён атрымаў прапанову выдаваць у Петраградзе яўрэйскую савецкую газету для прапаганды ідэй бальшавізму ў асяродку працоўных. Ленін не шкадаваў на гэта сродкаў.

Пазней сам Агурскі адзначаў: «Мы прынялі прапанову, неадкладна прыступілі да працы і хацелі ажыццявіць гэты план. Але гэта была адна з цяжэйшых задач. Праўда, грошай было дастаткова — у першы раз у гісторыі яўрэйскага сацыялістычнага руху грошы не адыгрывалі ролі пры стварэнні газеты».

Але праблемай з’яўлялася тое, што большасць яўрэйскай інтэлігенцыі не жадала падтрымліваць бальшавікоў, і сабе ў памагатыя Агурскі знайшоў толькі двух былых палітычных эмігрантаў — А. Кантара, былога сакратара Лонданскага «Яўрэйскага працоўнага фонду», і вядомага лонданскага анархіста А. Шапіру.

У лютым 1918 года Агурскі разам са знакамітым амерыканскім рэвалюцыянерам, журналістам-сацыялістам Альбертам Рысам Вільямсам (1883–1962) арганізаваў І інтэрнацыянальны атрад Чырвонай Арміі, для якога змог прыцягнуць фінансавую дапамогу з ЗША. Адначасова ён уступіў у партыю бальшавікоў і пачаў працу ў Народным камісарыяце па справах нацыянальнасцей пад кіраўніцтвам Сталіна.

Агурскі шматразова сустракаўся з Леніным. Адна з такіх сустрэч у лютым 1918 года Агурскага і загадчыка амерыканскага саюза краўцоў Шлезінгера патрапіла нават на старонкі газеты «Праўда».

ahurski.jpg


Перацягнуць яўрэйскіх працоўных

Падчас грамадзянскай вайны галоўнай задачай Агурскага было перацягванне на бок бальшавікоў разнастайных яўрэйскіх арганізацый. 2 снежня 1918 года ён прыбыў у вызвалены ад «белых» Магілёў, дзе ўдзельнічаў у шэрагу дыскусій наконт стаўлення яўрэйскіх рабочых да «задач рэвалюцыі». У выніку, «у суботу, 7 снежня 1918 года, мы склікалі вялікі сход, на якім размаўлялі аб ролі яўрэйскіх працоўных у Кастрычніцкай рэвалюцыі. У той жа дзень адбыўся другі сход, на якім была арганізавана яўрэйская секцыя і было пастаноўлена заснаваць Яўрэйскі камісарыят».

Агурскі атрымаў новае прызначэнне — камісар па яўрэйскіх справах Віцебскай губерні, у якой выдаваў газету на ідыш «Дэр фрайер арбэтэр» (1918–1919). Ён суправаджаў у 1919 годзе Міхаіла Калініна ў яго паездцы па Беларусі на цягніку «Кастрычніцкая рэвалюцыя». Прызнаннем дзейнасці Агурскага стаў яго ўдзел у якасці дэлегата ў VIII з’ездзе партыі бальшавікоў.

Але асноўным у дзейнасці Агурскага заставалася задача перацягнуць на бок партыі шараговых яўрэйскіх працоўных і садзейнічаць выхаванню іх у рэчышчы афіцыйнай савецкай ідэалогіі. Для гэтага ён у чэрвені 1919 года разам са Сталіным падпісаў дэкрэт пра закрыццё Цэнтральнага бюро яўрэйскіх абшчын, вынікам чаго стала канфіскацыя маёмасці яўрэяў. У дадатак Агурскі актыўна выступіў супраць традыцыйнай рэлігіі яўрэяў — іудаізму і прапагандаваў замену старажытнаяўрэйскай мовы (іўрыта) больш маладой — ідышам.

Ва ўсходняй Беларусі разгарнуліся суды супраць равінаў і разнікаў, якія праводзіліся паралельна ў некалькіх гарадах. У друку асабліва асвятляўся так званы працэс па справе «Трэста разнікаў», які пачаўся ў Мінску 28 лютага 1925 года. Яго мэтаю была дыскрэдытацыя выкарыстання кашэрнай ежы. Разглядалася судовая справа аб забойстве мінскімі разнікамі свайго віцебскага калегі. На судовым працэсе сярод выступоўцаў быў і Самуіл Агурскі, які казаў: «На лаве падсудных сядзяць не шараговыя злачынцы, а прадстаўнікі тых, хто на працягу соцень гадоў у імя рэлігія смактаў кроў яўрэйскага народа». Як пазней высветлілася, ніякага забойства насамрэч не было. Справа была з самага пачатку сфальсіфікавана, аднак трое разнікаў атрымалі рэальныя тэрміны, а ў прэсе працягвалася прапагандысцкая кампанія.

У красавіку-маі 1921 года пэўны час Агурскі быў супрацоўнікам Народнага камісарыята працы ў якасці ўпаўнаважанага па аддзелу іміграцыі па арганізацыі кваліфікаваных групаў і асобных вытворчасцей.

У пачатку 1920-х гадоў Агурскі па даручэнні Леніна двойчы наведваў ЗША, удзельнічаў у стварэнні кампартыі ЗША, пад выглядам дапамогі галадаючым Паволжа збіраў сродкі ў падтрымку Савецкай Расіі. Але пасля смерці Леніна ў 1924 годзе, на пахаванні якога прысутнічаў і Агурскі, яго палітычнае ўзыходжанне завяршылася. Ён змяніў сферу ўласнай дзейнасці, перакваліфікаваўся ў гісторыка і перабраўся на сталае жыхарства ў БССР, дзе дасягнуў вышынь навуковай кар’еры.


З камісара ў гісторыкі

У 1924–1929 гадах Агурскі выконваў абавязкі загадчыка Гістпартам пры ЦК КП(б)Б, намесніка дырэктара Інстытута гісторыі партыі пры ЦК КП(б)Б, а з 1934 па 1938 гады Агурскі быў ужо дырэктарам інстытута гісторыі партыі пры КП КП(б)Б, адначасова будучы дырэктарам інстытута гісторыі АН БССР і дырэктарам Музея Рэвалюцыі БССР.

У першыя гады пасля вяртання ў Беларусь Агурскі рэдагаваў зборнікі матэрыялаў «1905 год в Белоруссии» (1926), «Октябрь в Белоруссии» (1927) і напісаў манаграфію «Еврейский рабочий в коммунистическом движении (1917–1921)». Адначасова для Агурскага становіцца непрымальнай тая канцэпцыя гісторыі БССР, якую выбудоўвалі ў рэспубліцы прадстаўнікі «буржуазных нацыяналістаў» з іх імкненнем да палітыкі беларусізацыі.

Калі для Агурскага сталі відавочнымі тыя змены ў нацыянальным пытанні, якія адбываліся ў СССР напярэдадні Вялікага пералому, ён адважыўся на першую крытыку ў дадзеным пытанні, што знайшло адлюстраванне ў яго працы ў 1928 годзе — «Очерки по истории революционного движения в Белоруссии (1863–1917)».


Стваральнікі яўрэйскай секцыі ў Магілёве Агурский і Мандельсбер

Стваральнікі яўрэйскай секцыі ў Магілёве Агурский і Мандельсбер


Адной з кропак уласнай крытыкі ён абраў паўстанне 1863–1864 гадоў і яго правадыра Кастуся Каліноўскага, такім чынам рыхтуючы наступ на прэзідэнта Акадэміі Навук Усевалада Ігнатоўскага (1881–1931).

Агурскі назваў паўстанне 1863 года «феадальна-рэакцыйным», а газету «Мужыцкая праўда» — дакументам «польскага нацыяналістычнага, пранікнутага рымска-ўніяцкім рэлігійным уплывам». На думку Агурскага, яе аўтарамі з’яўляліся В. Урублеўскі і Ф. Тамашэўскі. Каліноўскі ж быў названы «міфічным героем».

У 1929 годзе на форуме марксісцкіх навукоўцаў і ХІІ з’ездзе КП(б)Б ён выступіў з адкрытай крытыкай яшчэ на той час неапублікаванай кнігі Ігнатоўскага пра паўстанне 1863 года. Пазіцыя Агурскага атрымала падмацаванне з інстытута Леніна, куды звярнуўся сакратар ЦК Беларусі Гамарнік з прапановай даць заключэнне пра дзейнасць Агурскага: «Таварыш Агурскі вядзе правільную партыйную лінію па барацьбе з ідэалізацыяй дробнабуржуазных нацыяналістычных партый у поўнай адпаведнасці з партыйнымі дырэктывамі».

Напады Агурскага сталі першым крокам у далейшай справе, разгорнутай супраць Усевалада Ігнатоўскага, якога напрыканцы 1930 года знялі з кіраўніцтва Акадэміяй навук, абвінавацілі ва ўдзеле ў «Саюзе вызвалення Беларусі», а 22 студзеня 1931 года як «нацыянальнага адшчапенца» выключылі з партыі. 4 лютага 1931 года Ігнатоўскі застрэліўся.

Пазіцыя Агурскага ў дачыненні да паўстання 1863 года ў Беларусі і Літве стала афіцыйнай і была замацавана ў рэзалюцыі кастрычніцкага пленума ЦК КП(б)Б 1930 года ў раздзеле пра нацыянальнае пытанне.

Выбудаваная за кошт наступу на беларускіх «буржуазных нацыяналістаў», кар’ера Агурскага хутка развівалася. У 1934 годзе яго прызначылі на пасаду дырэктара Інстытута яўрэйскай пралетарскай культуры (закрыты ў 1935 годзе), і намесніка дырэктара Інстытута нацыянальных меншасцяў АН БССР. Агурскаму была нададзена ступень доктара гістарычных навук без абароны дысертацыі — на падставе друкаваных прац. У 1936 годзе пастановай Прэзідыума АН БССР Агурскі быў зацверджаны членам-карэспандэнтам аддзялення грамадскіх навук АН БССР.


samuil_ahurski.jpg


* * *

Праз два гады, 4 сакавіка 1938 года, Агурскі быў арыштаваны па абвінавачанні ў прыналежнасці да яўрэйскай фашысцкай арганізацыі і шкодніцкай дзейнасці ў Акадэміі навук Беларусі. Па пастанове Асобага пасяджэння пры НКУС СССР ад 15 жніўня 1939 года па артыкулах 68 і 76 КК БССР ён быў сасланы ў Казахстан тэрмінам на 5 гадоў. Але ссылка зацягнулася надаўжэй.

Самуіл Агурскі памёр 19 жніўня 1947 года ў Паўладары ад кровазліцця ў мозг. 7 красавіка 1956 года ён быў рэабілітаваны Ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР.