120 гадоў з дня нараджэння Міхася Чарота

Сёння спаўняецца 120 гадоў з дня нараджэння Міхася Чарота — беларускага паэта, кіраўніка першай у рэспубліцы літаратурнай арганізацыі «Маладняк».

mihas_czarot._1930_ja_hh._z_fondau_bdamlm.jpg



Беларускі паэт, грамадска-культурніцкі дзеяч Міхась Чарот (сапраўднае прозвішча Кудзелька) нарадзіўся 7 лістапада 1896 года ў мястэчку Рудзенск Ігуменскага павету (цяперашні Пухавіцкі раён). Паходзіў з сялянскай сям'і.

Дзед Міхася быў майстрам па ткацтве, адкуль прозвішча ад пана, адпаведнае яго заняткам, бабуля паэта працавала карміцелькай у панскім палацы.

Чарот меў двух братоў і сясцёр: Паўла (інжынер і хатні педагог), Аляксандра (аграном), Марыю (кухарка) і Насту (акторка). Стрыечны брат Міхася Чарота, Іосіф Кудзелька, быў начальнікам упраўлення па ахове аўтарскіх правоў пры саюзе пісьменнікаў БССР, іншы, Іван Кудзелька, займаў пасаду народнага камісара фінансаў БССР.

Першую адукацыю Чарот атрымаў у наёмнага настаўніка і ў Цітвянскім двухгадовым вучылішчы. Пісаць пачаў у трынаццацігадовым узросце. У 1913–1917 гадах вучыўся ў Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі. У першую сусветную вайну семінарыя эвакуявалася ў Смаленск, дзе прайшлі два апошнія гады навучання. Пасля вучобы, быў мабілізаваны ў армію. Служыў афіцэрам запаснога палка ў Кузнецку. Там разам з іншымі афіцэрамі-беларусамі намагаўся стварыць беларускі гурток. Пазней усталяваў сувязь з падпольнымі рэвалюцыйнымі арганізацыямі ў Беларусі, працаваў у паўстанчым камітэце і займаўся арганізацыяй паўстанцкіх атрадаў.

Вясной 1918-га вярнуўся ў Мінск, дзе пачаў настаўнічаць у беларускай школе. Спяваў у хоры Уладзіміра Тэраўскага пры “Беларускай хатцы”, меў прыгожы барытон. Быў старшынёй тэатральнай суполкі “Маладзік”, выконваў ролі ў трупе Уладзіслава Галубка.

У 1919-м Чарот — сябра Белнацкаму і створанай пры ім Ваеннай Рады. У 1920 г. уступіў у камуністычную партыю, быў рэдактарам газеты “Советская Белоруссия”. Першы паэтычны зборнік Міхася Чарота “Завіруха” выйшаў у 1922 годзе. У 1923-ім удзельнічаў у стварэнні літаратурнага аб'яднання “Маладняк” (меў пасведчанне №1), з якога выйшаў у канцы 1927-га. Некаторы час быў сябрам аб'яднання “Полымя”, пасля — у Беларускай асацыяцыі пралетарскіх пісьменнікаў У 1922-24 — кандыдат у члены, у 1924-31 —  член ЦВК БССР. У 1924-м вучыўся ў Маскве ў Дзяржаўным інстытуце журналістыкі.

У 1927-м разам з Цішкам Гартным і Міхасём Зарэцкім пабываў у Латвіі, Германіі, Францыі, Чэхаславаччыне, быў у праўленні Беларускага таварыства па культурных сувязях з замежжам. Працаваў загадчыкам літаратурнага сектара Дзяржаўнага выдавецтва.

У час сталінскіх рэпрэсій запляміў сябе вершам “Суровы прыгавор падпісваю першым…”, у якім асуджаў за нацдэмаўшчыну сябраў прыдуманага карнікамі Саюзу вызвалення Беларусі.

Але гэта не ўратавала Чарота ад гібелі. Арыштаваны ён быў 24 студзеня 1937 году ў Мінску. Сядзеў у адной камеры з паэтам Юркам Лявонным. Засуджаны 28 кастрычніка 1937 як удзельнік “контрарэвалюцыйнай нацдэмаўскай арганізацыі” да расстрэлу з канфіскацыяй маёмасці.

Апошні верш “Прысяга” (пра асабістую невінаватасць) запісаў на сцяне менскай турмы НКВД, дзе яго ўбачыў і захаваў у памяці Мікола Хведаровіч. Расстраляны пасля катаванняў на допытах Міхась Чарот у ноч з 29-га на 30 кастрычніка. У паэта засталіся жонка і трое дзяцей.

Пры жыцці было выдадзена 12 зборнікаў паэзіі і прозы творцы. Рэабілітаваны быў у 1956 годзе. Імем Міхася Чарота названы вуліцы ў Маладзечне і Рудзенску.

www.harodniaspring.org