Слова пра братоў Гарэцкіх
Браты Гарэцкія належаць да залатога пакалення беларускай інтэлігенцыі, што насуперак неспрыяльным, часам фатальным, умовам здолела многа і годна папрацаваць для духоўнага спасціжэння Беларусі, сцвярджэння яе як суверэннай этнічнай адзінкі ў агульналюдской супольнасці. Належалі яны да пакалення, якое надзейна абаперлася на грунт, падрыхтаваны «Нашай нівай» з яе праграмай «будзіць у беларуса пачуццё чалавека і грамадзяніна», арыентацыяй на дэмакратычны шлях развіцця маладой, паўсталай да свядомага грамадскага жыцця нацыі.
«Твой, Беларусь, пачаўся Рэнесанс цяпер, // Хто ведае, што створыць твой народ!» — так, аглядаючыся на вяршыні высокага еўрапейскага Адраджэння XV–XVI стагоддзяў,
марыў-распавядаў адзін з дойлідаў беларускага тэатра Францішак Аляхновіч.
«Ахвярую сваім «я» дзеля святога для ўсіх нас Адраджэння», — скажа Максім Гарэцкі, які як пісьменнік дэбютаваў у «Нашай ніве». Скажа
запаветнае пасля таго, як выйдуць зборнік яго апавяданняў «Рунь», аповесць «Дзве душы», «Гісторыя беларускай літаратуры», адзначаная
канцэптуальным поглядам на станаўленне беларускага прыгожага пісьменства.
Гаўрыла Гарэцкі пад духоўным уплывам старэйшага за яго на сем год брата Максіма таксама марыць пра адраджэнне бацькаўшчыны — Беларусі. Але перадусім пра гаспадарчае, эканамічнае яе
адраджэнне.
Студэнтам Пятроўскай (Ціміразеўскай) сельгасакадэміі ён гуртуе землякоў у Беларускай культурна-навуковай асацыяцыі студэнтаў (налічвала 175 чалавек), плануе пакрыць Беларусь навукова-даследчымі
станцыямі для раскрыцця яе прыродных вытворчых сіл.
14 лістапада 1921 года на ўгодкі Асацыяцыі ў прысутнасці старшыні ЦВК А. Р. Чарвякова Гаўрыла Гарэцкі робіць даклад «Вывучэнне Беларусі як фактар яе адраджэння». У часопісе
«Маладая Беларусь» Гарэцкі цвердзіць: «Беларускі народ гэтак зачакаўся паляпшэння свайго эканамічнага дабрабыту, што ён гарою пойдзе за ідэямі інтэгральнага рэнесансу
беларускага, падмуркам якога можа з’яўляцца найперш адраджэнне эканамічнае. У адроджанай эканамічнай Беларусі закрасуюць мастацтва, навука, закрасуецца беларуская мова... Дзеля стварэння
эканамічнага фундаменту Беларусі патрэбна свая родная, тэхнічная і ўсялякая іншая інтэлігенцыя. Ствараць гэтую новую інтэлігенцыю і ёсць заданне маладых беларусаў».
У гэты ж час у адным з лістоў ён піша: «Моцна толькі тое, што здабываецца барацьбою. Хочам жыць, тварыць. Дось енкаў, дось слоў, мы хочам даць працу, мы маем рэальную мэту: праз
20–25 гадоў пераўтварыць Беларусь у Данію».
З восені 1925 года Гаўрыла Гарэцкі — у Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі ў Горках. У акадэміі, за якую ўжо паспеў пазмагацца ў друку і ў калідорах улады, у сценах самой навучальнай
установы. Гэтым часам малады вучоны стварае некалькі вельмі актуальных у кантэксце станаўлення Савецкай Беларусі прац па эканоміцы і дэмаграфіі.
Максім Гарэцкі
Гаўрыла Гарэцкі. Мінская турма, 1930 г.
У манаграфіі «Народны прыбытак Беларусі» на базе велізарнага статыстычнага матэрыялу даследуе крыніцы нацыянальнага даходу рэспублікі, аналізуе ўсе галіны яе гаспадаркі, высвятляючы
перспектывы іх развіцця на будучыню.
У манаграфічным даследаванні «Межы Заходняй Беларусі ў Польшчы (Нацыянальны склад насельніцтва Заходняй Беларусі)» на падставе аналізу некалькіх перапісаў жыхароў краю доказна
даводзіць этнічна беларускую тоеснасць насельнікаў заходнебеларускіх земляў, што ў абставінах арыентацыі кіраўнікоў Польшчы на паланізацыю набывае востры палітычны сэнс.
Навукова-практычную скіраванасць мелі і дзве значныя публікацыі Гаўрылы Гарэцкага, прысвечаныя гаспадарцы і дэмаграфіі Гомельшчыны, якая якраз у парадку пастановы савецкай улады аб узбуйненні БССР,
штучна адлучаная ў 1919 годзе, далучалася да Савецкай Беларусі.
Праца Гаўрылы Гарэцкага была высока ацэнена навуковай грамадскасцю і ўрадам рэспублікі: пры заснаванні Беларускай акадэміі навук ён быў абраны яе правадзейным членам — акадэмікам.
1930 год паклаў жорсткую мяжу ў жыцці беларускай інтэлігенцыі, ды і асноўнай масы народа, перадусім, сялянства.
Двойчы прыгавораны да расстрэлу, Гаўрыла Гарэцкі жыццёвую драму сваю перанёс стойка. Арышт і турма, высылка, праўда, прымусілі адмовіцца ад абранай у маладосці любімай эканамічнай геаграфіі. Давялося
засвоіць (і здзейснілася тое з любоўю) новую прафесію — геалогію, навуку аб Зямлі. Геалогія антрапагена стала яго лёсам.
Будучы зняволеным на пабудове Беламора-Балтыйскага канала, геолага-вышуковых работах на рэках Кольскага паўвострава і пазней ужо вольным пры інжынерна-геалагічным абследаванні Камы, Волгі, Дняпра,
сабраў вялізны матэрыял аб геалагічных адкладах гэтых рэк і далін, фарміраванні іх басейнаў.
У 1960–1980-х гадах тэарэтычна асэнсаваў, абагульніў яго ў фундаментальных манаграфічных выданнях «Аллювий великих антропогеновых прарек Русской равнины» (1964),
«Формирование долин Волги в раннем и среднем антропогене» (1966), «Аллювиальная летопись Великого Пра-Днепра» (1970), узнагароджаных Дзяржаўнай прэміяй СССР.
Праз 37 гадоў, ужо прызнаным геолагам чацвярцічнага, або антрапагенавага, перыяду Зямлі, Гаўрыла Гарэцкі здзейсніў мару ўсяго свайго жыцця — вярнуўся на Беларусь, каб паслужыць непасрэдна
ёй. Акадэмік К. І. Лукашоў (дарэчы, таксама родам з Мсціслаўшчыны) прызначыў Гарэцкага загадчыкам сектара палеаграфіі антрапагенавага перыяду Лабараторыі геахімічных праблем, пазней пераўтворанай у
Інстытут геахіміі і геафізікі АН БССР, сягоння, на жаль, закрыты ў парадку рэструктурызацыі. Разам з акадэмікам Г. А. Гарэцкім да беларускіх геолагаў вярнулася як паточная, рабочая родная беларуская
мова. Галоўнае ж — прыйшоў вялікі практычны і тэарэтычны вопыт даследавання алювіяльных адкладаў буйных рэк, гэтых спрадвечных артэрый цывілізацыйнай жыццядзейнасці чалавека.
Прыход Г. А. Гарэцкага ў АН БССР спрычыніўся да складвання нацыянальнай школы палеапатамалогіі. Разам з маладымі геолагамі аўтарытэтны вучоны правёў пачатае ім яшчэ раней даследаванне Нёмана, які
лічыў эталонам рэк, чые басейны сфарміраваліся пад уплывам ледавіка. У геалагічным вывучэнні Нёманавай даліны бачылася знакамітаму вучонаму важнае перспектыўнае гаспадарчае значэнне: не ў апошнюю
чаргу і ў аспекце адкрыццяў карысных выкапняў, што звычайна знаходзяцца ў крышталічных пародах лагчын ледавіковага выворвання.
Даследаванне рэчышча, даліны Нёмана апісана вучоным у манаграфіі «Асаблівасці палеапатамалогіі ледавіковых абласцей (на прыкладзе беларускага Панямоння)» (1980), дзе разглядалася
магчымасць карэляцыі адкладаў рэк паўднёвых мораў і рэк Балтыйскага басейна. Праца, такім чынам, мела глабальны навуковы аспект.
Насуперак выклікам лёсу, зменлівай жорсткай эпосе Гаўрылу Гарэцкаму ўдалося рэалізаваць сваю дзейсную магутную натуру, высокі інтэлект.
Старэйшаму брату Максіму, расстралянаму ў 45 гадоў, свой багаты аналітычна-мастацкі талент удалося ўвасобіць у кнігах прозы, крытыкі, літаратуразнаўства толькі часткова. Але гэтага аказалася зусім
дастаткова, каб рэальна стаць побач з класікамі айчыннай літаратуры. Яго ідэя — праз мастацка-аналітычнае асэнсаванне жыцця некалькіх пакаленняў суайчыннікаў паказаць гістарычны шлях
беларускага народа — была перанятая другім беларускім эпікам — Кузьмой Чорным і мае працяг у сённяшніх творцаў беларускага прыгожага пісьменства.
Духоўны пачатак у родзе Гарэцкіх, занядбана-схаваны часам у глыбінях стагоддзяў, выразна абазначыўся ўжо ў песенным дары маці братоў — Ефрасінні Міхайлаўны. Падрыхтаваны Максімам Гарэцкім
разам з кампазітарам Аляксандрам Ягоравым (да слова, таксама загубленым таталітарнай сістэмай) і выдадзены ў 1928 годзе Інбелкультам зборнік песень з мелодыямі Просі Гарэцкай, красамоўна засведчыў
самабытны талент спявачкі, носьбіткі беларускай народна-культурнай традыцыі.
У зборніку песень Просі Гарэцкай змешчана унікальная народная балада, змест якой дзіўна накладаецца на лёс братоў Гарэцкіх:
Ты дуброва, дуброва,
Дубровачка зіліная,
Ах і што ж ты, дуброва,
А ня родзіш ты нічога?
Ні зрадзіла дуброва
А ні хмелю, ні ячменю,
А зрадзіла дуброва
Густы ельнік ды бярэзнік...
Каб на том на ельнічку
Ды два брахнінькі гулялі,
Ды два брахнінькі гулялі,
Яны бруссейка цісалі,
Яны бруссейка цісалі,
Святлічаньку будавалі.
Яны думалі — святліца,
Ажну цёмная цямніца...
— Вот цяперэка мы, браціц,
Навек з табой запрапалі.
А й ня будзім, браціц, знаці,
Калі зіма, калі лета;
А й ня будзім, браціц, знаці,
Калі дзянёк, калі ночка;
А й ня будзім, браціц, знаці,
Калі свят дзень, калі будні...
І ўсё ж... І гэта знак беларускай трываласці, адначасна і надзеі: духоўны патэнцыял роду Гарэцкіх не вычарпаны. Не знайшоўшы працягу ў сыне Максіма, які, як і бацька, загінуў трагічна, праўда, не ў
турме, а на фронце, інтэлектуальная традыцыя сям’і Гарэцкіх сёння працягваецца працай сыноў Гаўрыла Іванавіча — філолага Усяслава і акадэміка-геолага Радзіма.
Мастацкая і навуковая спадчына братоў Гарэцкіх знайшла і знаходзіць адэкватнае навукова-тэарэтычнае асэнсаванне ў працах навукоўцаў, перадусім гуманітарыяў. Перш-наперш у даследаваннях манаграфічнага
характару А. Адамовіча, Зм. Бугаёва, М. Мушынскага, Т. Голуб.
Важкі том мемуараў пра Гаўрылу Гарэцкага ўбачыў свет на пачатку новага стагоддзя. А сёння чытач атрымаў сапраўдны эпас жыцця і пакут беларускай інтэлігенцыі, складзены Радзімам Гаўрылавічам Гарэцкім
пад назвай «Браты Гарэцкія».
Няма сумневу, што спадчына Гарэцкіх, мастацкая і навукова-аналітычная, застанецца запатрабаванай і наступнымі пакаленнямі беларусаў, бо заключае ў сабе энергію і інтэлектуальны патэнцыял волатаў духу
свайго народа.
Арсень Ліс