Трагедыя 1939-га праз людскія лёсы

Пасля публікацыі артыкула «Катынская трагедыя не чужая Беларусі» на сваю электронную скрыню я атрымаў шмат лістоў, у якіх людзі дзяліліся інфармацыяй датычна сталінскіх рэпрэсій супраць польскіх грамадзян на тэрыторыі Заходняй Беларусі пасля далучэння яе да СССР. Тады галоўнымі ворагамі савецкай улады перш за ўсё лічыліся афіцэры Войска Польскага і супрацоўнікі дзяржаўнай паліцыі. Прапаную чытачам некаторыя трагічныя эпізоды тых часоў.



kladbische_v_mednom_2011_g_1_logo.jpg

Могілкі ў Медным

Жыхар Брэста Мікалай Кацёл у сваім лісце распавёў мне пра трагедыю, якая разыгралася каля вёскі Алтуш Брэсцкай вобласці падчас «вызваленчага паходу Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь». У верасні 1939 года яго дзядзьку Дзмітрыю Яўстаф'евічу было 14 гадоў. У адзін з дзён разам з сябрамі ён пасвіў кароў і раптам убачыў, як па шашы едзе грузавік з чырвонаармейцамі. Машына спынілася, і з яе выйшлі людзі. Сярод нязграбных савецкіх шынялёў выдзяляўся чалавек у прыгожай польскай афіцэрскай форме. Праз некалькі хвілін прагучаў стрэл. Цела забітага паляка бальшавікі скінулі ў канаву і пакінулі месца злачынства.

vaclav_varishak_logo.jpg

Вацлаў Варышак


Хлопцы адразу пабеглі ў вёску і паведамілі пра трагедыю дарослым. Жонкі мясцовага настаўніка і ўрача забралі труп афіцэра Войска Польскага і пахавалі на мясцовых могілках.
Як аказалася, ахвярай чырвонаармейцаў стаў Вацлаў Варышак, паручнік 84-га Палескага палка Войска Польскага, які дыслакаваўся ў Пінску. Гэты чалавек нарадзіўся ў 1911 го­дзе. У 1932-1934 гадах вучыўся ў Школе падхарунжых пяхоты ў г. Востраў-Мазавецкі. 15 жніўня 1934-га ў званні падпаручніка накіраваны ў 84-й полк пяхоты ў Пінск у якасці камандзіра ўзвода. Праз некалькі гадоў Варышак атрымаў званне паручніка. Падчас вераснёўскай кампаніі 1939 года ён быў камандзірам 4 роты. Прымаў удзел у абароне Кобрына ад нямецкіх войскаў, быў паранены.
Падчас адступлення ў Маларыце падраздзяленне Вацлава Варышака трапіла ў палон да чырвонаармейцаў. Аднак 28-гадовы паручнік адмовіўся аддаць сваю зброю, і калі бальшавікі паспрабавалі абяззброіць яго сілай, Варышак застрэліў савецкага афіцэра. Вацлава збілі, вывезлі за горад і забілі…
Ужо пасля вайны, у 1960-х гадах, у вёску Алтуш, якая ўжо знаходзілася ў савецкай Беларусі, прыехала нявеста Варышака. Ёй паказалі месца, дзе быў пахаваны яе каханы, і хутка на тым месцы быў устаноўлены надмагільны помнік. Больш полька не прыязджала. Зараз магілу даглядаюць мясцовыя жыхары.

mogila_vaclava_varishaka_v_der_oltush_logo.jpg

Магіла Вацлава Варышка


Але паглядзіце на здымак помніка. У яго нізе змешчана таблічка, на якой адзначаецца, што ў магіле пахаваны «невядомы польскі салдат, які загінуў у 1939 годзе». Ці гэта значыць, што разам з Варышакам быў пахаваны іншы вайсковец Войска Польскага? Пры якіх абставінах ён загінуў? На гэтыя пытанні зараз ужо вельмі цяжка знайсці адказы.
Малады паручнік польскай арміі Вацлаў Варышак да апошняй хвіліны свайго жыцця заставаўся верным дзяржаве, якой даваў вайсковую прысягу. Для чырвонаармейцаў ён быў увасабленнем «панскай улады», аднак, на самай справе, ён быў звычайным салдатам, які мужна абараняў сваю, сцякаючую крывёй, айчыну. І яго трагедыя не чужая для нас, беларусаў.
Гэта ж можна сказаць і пра лёс польскага паліцэйскага з Гродна Станіслава Коха. У горадзе над Нёманам сёння жыве яго ўнук, Артур Пятрэвіч, які, прачытаўшы мой артыкул, напісаў мне і расказаў гісторыю свайго дзеда. Нарадзіўся будучы старшы пастэрунковы камісарыяту паліцыі ў Гродна ў 1892 годзе каля Станіславава (сёння Івана-Франкоўск, Украіна). Кох быў адным з першых польскіх паліцэйскіх у Львове, аб чым сведчыць яго службовае пасведчанне. Пасля польска-бальшавіцкай вайны 1920 года Станіслаў пераехаў у Заходнюю Беларусь і працягваў працаваць у дзяржаўнай паліцыі ў Верцелішках, каля Гродна. За выдатную і бездакорную службу ў 1929 годзе ён быў узнагароджаны медалём «Дзесяцігоддзе аднаўлення незалежнасці". У чэрвені 1938-га паліцэйскі з Гродна з рук ваяводскага каменданта паліцыі атрымаў бронзавы медаль за шматгадовую службу. Праз месяц Кох быў пераведзены ў камісарыят паліцыі ў Гродна ў якасці старшага пастэрунковага.

stanislav_koh_1938_g__logo.jpg

Станіслаў Кох, 1938 г.


Пасля нападу Германіі на Польшчу паліцэйскі застаўся ў горадзе над Нёманам. Польска-нямецкі фронт рухаўся на Усход вельмі хутка. Гродна пачало рыхтавацца да абароны. Аднак змагацца давялося не з вермахтам, а з часткамі Чырвонай Арміі. У складзе роты дзяржаўнай паліцыі Кох удзельнічаў у баях за Гродна, якія працягваліся з 20 па 22 верасня 1939 года. Сілы былі няроўнымі: танкі супраць вінтовак. Польскім абаронцам горада давялося капітуляваць. У савецкі палон трапіла каля тысячы польскіх вайскоўцаў, паліцэйскіх і цывільных асоб. Чырвонаармейцы схапілі Станіслава Коха ўжо каля яго дома і забілі на месцы. «Мой дзед не «даехаў" да Катыні, але яго Катынню стала ціхая гродзенская вулачка. Колькі было такіх беларускіх Катыняў, не ведаюць нават гісторыкі", — падкрэслівае ў электронным лісце Артур Пятрэвіч. Цяжка штосьці дадаць да гэтых слоў. Сапраўды, да сённяшняга дня мы не ведаем усю праўду пра сталінскія злачынствы на тэрыторыі Беларусі.

stanislav_koh_s_sem_ej_grodno_1936_g__logo.jpg

Сям’я Станіслава Коха, 1936 г.

udostoverenie_stanislava_koha_l_vov_1920_g__logo.jpg

Пасведчанне С. Коха (Львоў, 1920 г.)


Супрацоўнікі Камендатуры сталічнай паліцыі Варшавы даслалі мне даволі цікавыя ўспаміны пра аднаго з польскіх паліцэйскіх, які ў красавіку 1940 года быў забіты НКУС у Калініне (зараз Цвер) і пахаваны ў Медным. Камісар дзяржаўнай паліцыі, камендант аддзялення паліцыі ў г. Апочна (Лодзьскае ваяводства) Люцыян Вацлаў Менке нарадзіўся ў 1887 годзе ў Мінску. Удзельнічаў у рабоце розных польскіх арганізацый. Падчас Першай сусветнай вайны служыў у рускай арміі. Пасля абвяшчэння незалежнасці Польшчы ўступіў у шэрагі Паліцыі Крэсаў Усходніх у Мінску. У 1920 годзе ў Варшаве пераведзены ў распараджэнне дзяржаўнай паліцыі. Менке ўзначальваў Камісарыят паліцыі ў Слоніме. Пасля гэтага была адукацыя і курсы павышэння кваліфікацыі. У 1925 годзе Люцыян быў намеснікам павятовага каменданта паліцыі ў Баранавічах. Ён актыўна ўдзель­нічае ў фізічным выхаванні супрацоўнікаў паліцыі, за што атрымлівае ад МУС падзяку. У пачатку 1930-х Менке працаваў на кіраўнічых пасадах у Луцку і Улошаве. У сакавіку 1939 года ён быў прызначаны на пасаду павятовага каменданта паліцыі ў Апочне. Менке асабіста ўдзельнічаў у затрыманні трох нямецкіх дыверсантаў, якія былі накіраваны ў Лодзькае ваяводства дзеля збору інфармацыі аб дыслакацыі Войска Польскага.

ljucian_menke_logo.jpg

Люцыян Менке

ljucian_menke_shestoj_sleva_1934_g__logo.jpg

Люцыян Менке (шосты злева), 1934 г.

udostoverenie_l_menke_policija_minska_logo.jpg

Пасведчанне Менке, паліцыя Мінска

udostoverenie_menke_minsk__logo.jpg

Пасведчанне Менке
З самага пачатку Другой сусветнай вайны Менке ўдзельнічаў у арганізацыі парадку ў горадзе. Хутка прыйшоў загад аб эвакуацыі на Усход. Паліцэйскія на чале з Люцыянам Менке павінны былі ахоўваць пераправы на Бугу. Апошнім заданнем супрацоўнікаў дзяржаўнай паліцыі з Апочна была арганізацыя калідора для праезду калонны грузавікоў, якія эвакуявалі польскі залаты запас у Румынію.
Пасля 17 верасня 1939 года паліцэйскія спрабавалі пакінуць ахопленую вайной Польшчу, аднак трапілі ў савецкі палон. Менке, ведаючы, як бальшавікі ставяцца да польскіх афіцэраў і паліцэйскіх, спароў пагоны, апрануў салдацкі шынель і пілотку. Аднак на адным з пастояў супрацоўнікі НКУС распазналі, што сярод радавых знаходзіцца афіцэр паліцыі, і адправілі Менке ў Асташкаўскі лагер.
Апошні ліст ад блізкага чалавека сям'я Менке атрымала ў студзені 1940 года. Яго жонка спрабавала пісаць у Польскі і Нямецкі Чырвоны Крыж, у савецкую амбасаду, але адказ быў аднолькавы: «Аб лёсе Люцыяна Менке нічога не вядома».
…У 1991 годзе на месцы масавых расстрэлаў польскіх паліцэйскіх у Медным каля Цверы пачаліся працы па эксгумацыі парэштак ахвяр сталінскіх рэпрэсій. Відавочцы гэтага, супрацоўнікі сталічнай камендатуры паліцыі Варшавы, апавядалі мне, што забітых было так многа, што зямля на месцы прац была цёмна-сіняй ад колеру паліцэйскіх мундзіраў. Адным з тых, каго забілі ў Медным, быў і ўраджэнец беларускага Мінска Люцыян Вацлаў Менке.
Вось такія тры трагічныя чалавечыя лёсы. У гісторыі сталінскіх злачынстваў на тэрыторыі Беларусі яшчэ шмат нявывучаных старонак. Да сённяшняга дня застаецца шмат «белых плям» і ў гісторыі савецкіх рэпрэсій супраць грамадзян Польшчы на тэрыторыі Заходняй Беларусі ў 1939-1941 гадах. Праўда пра тыя жудасныя падзеі патрэбна не толькі палякам, але і нам, беларусам, таму што без яе не магчыма паўнавартаснае разуменне савецкага перыяду гісторыі Беларусі.
Свае меркаванні, а таксама інфармацыю па гісторыі сталінскіх злачынстваў на тэрыторыі Заходняй Беларусі ў 1939-1941 гадоў можна дасылаць на электронны адрас аўтара: katyn_blr@gazeta.pl