Валерый Ціхіня: галоўны суддзя

Ён пакланяўся ідэалам камунізму, а нацыянальна-культурнае адраджэнне лічыў небяспечным ворагам. Не быў кан’юнктуршчыкам, адзіны сярод дэпутатаў Вярхоўнага Савета 12 склікання выказаўся супраць ратыфікацыі Белавежскага пагаднення. Калі надзеў самую высокую мантыю Феміды, свята верыў у тое, што кансалідуючым пачаткам грамадства павінна стаць літара закона, але фатальна памыліўся.

 Валерый Ціхіня ў Вярхоўным Савеце, 1991 год, www.vytoki.net  

 Валерый Ціхіня ў Вярхоўным Савеце, 1991 год, www.vytoki.net  

Дваццаць пяць год таму, 23 сакавіка 1995 года незалежная Беларусь набыла першага старшыню Канстытуцыйнага Суда — Валерыя Гур’евіча Ціхіню.

Спікер на тры дні


Увесь жыццёвы шлях Валерыя Ціхіні так ці інакш быў звязаны з правазнаўствам, незалежна ад таго, дзе ён працаваў: у органах пракуратуры ці ў сістэме адукацыі. Высокі прафесіяналізм і, канешне, палітычная лаяльнасць рабілі сваю справу. Кар’ера Ціхіні імкліва развівалася. Своеасаблівым апагеем стаў 1989, калі Ціхіня быў прызначаны міністрам юстыцыі Беларускай ССР. Публічная рэспубліканская вядомасць прыйшла крыху пазней — праз год у сувязі з новаабраным Вярхоўным Саветам 12 склікання.
Ужо ў першы дзень (15 траўня 1990 года) працы першай сесіі здарыўся кур’ёз. Паводле тагачаснага заканадаўства, пачынаць працу сесіі новага савецкага парламента павінен быў старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі. У той час гэтую пасаду займаў Міхаіл Лагір, які адначасова ўзначальваў Камітэт народнага кантролю. Аднак Вярхоўны Савет Беларусі 12 склікання ў параўнанні з папярэднікамі быў ужо іншы. У Авальную залю прыйшлі людзі, сярод якіх былі тыя, хто не падзяляў камуністычныя погляды і не жадаў быць маленькай шрубкай сістэмы. Таму першая сесія Вярхоўнага Савета 12 склікання з самага пачатку адрознівалася ад прадказальных сесій мінулых гадоў. У выніку Лагір аказаўся не ў стане весці пасяджэнне. У экстранным парадку парламентарыі вымушаныя былі шукаць памочніка Лагіру. Першапачаткова была прапанавана кандыдатура дэпутата-юрыста і выкладчыка Віктара Ганчара, які насуперак рэктару Інстытута народнай гаспадаркі вылучыў сваю кандыдатуру і з трыумфам перамог па сталічнай Васняцоўскай выбарчай акрузе. Але Ганчар, відаць, у першую чаргу праз сваю маладосць не атрымаў шырокай падтрымкі сярод калегаў, якія зрабілі стаўку на міністра юстыцыі Валерыя Ціхіню.
Далей — болей. На наступны дзень, 16 мая 1990 года ў Лагіра рэзка падскочыў ціск і ён з парламенцкай трыбуны наўпрост трапіў на бальнічны ложак. У выніку з 16 па 18 мая 1990 года Ціхіня вёў пасяджэнні першай сесіі Вярхоўнага Савета Беларусі 12 склікання, пакуль яго не змяніў Мікалай Дземянцей, які 19 мая быў абраны старшынёй парламента.

Пазней Валерый Гур’евіч успамінаў, што шалёна стаміўся за гэтыя тры дні: маўляў, у Вярхоўным Савеце «самым бесправным» з’яўляецца старшыня, а сам парламент нагадвае ноўгарадскае веча. Сам Мікалай Дземянцей, а таксама Вячаслаў Кебіч у сваіх мемуарах узгадвалі выпадак з Лагіром і Ціхіням, але тлумачылі гэта не аб’ектыўнымі абставінамі, а правакацыяй, прынамсі, з боку сяброў БНФ, называлі іх дробнымі хуліганамі, абвінавачвалі ў распіцці спіртных напояў падчас пасяджэння сесіі.

І сам дэпутат


А потым з’явілася магчымасць для таго, каб і сам Ціхіня стаў сапраўдным народным абраннікам. Справа ў тым, што яшчэ да пачатку працы першай сесіі Вярхоўнага Савета БССР 12 склікання раптоўна памёр 42-х гадовы дэпутат Уладзімір Фурманаў, генеральны дырэктар светлагорскага вытворчага аб’яднання «Хімвалакно». У выніку па Светлагорскай-Маладзёжнай выбарчай акрузе мусіла адбыцца новая кампанія. Лепшай кандыдатуры чым Ціхіня было і не знайсці, тым больш, што сам ён быў ураджэнцам Гомельшчыны (з’явіўся на свет ў славутых Капаткевічах).

З мэтай умацаваць пазіцыі Ціхіні перад выбарамі яго 17 ліпеня 1990 года прызначылі міністрам юстыцыі ў новым урадзе на чале з Вячаславам Кебічам.

Валерыю Гур’евічу пашанцавала: ён вылучаўся на безальтэрнатыўнай аснове. Па афіцыйных звестках з 11 тыс. выбаршчыкаў акругі Ціхіню падтрымалі ажно 8 тыс. Па іроніі лёсу Ціхіня быў абраны народным дэпутатам 27 ліпеня 1990 года, у той самы дзень, калі Вярхоўны Савет 12 склікання прыняў Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі.

Праўда, не абышлося і без лыжкі дзёгцю. У Мандатную камісію Вярхоўнага Савета, якая і прызнавала паўнамоцтвы абраных дэпутатаў (яе ўзначальваў Васіль Лявонаў, якога дэпутат Лукашэнка называў сваім «великим учителем») пасыпаліся скаргі светлагорцаў: маўляў, абранне Ціхіні прайшло з парушэннем заканадаўства — штучна завышалася яўка, шмат жыхароў увогуле галасавалі без прад’яўлення пашпартоў і г.д. Але Мандатная камісія стала на бок Ціхіні. 31 ліпеня 1990 года Вярхоўны Савет афіцыйна зацвердзіў дэпутацкія паўнамоцтвы міністра.

Супраць БНФ


Калі Ціхіня прыйшоў у Вярхоўны Савет, дык амаль адразу трапіў пад агмень крытыкі самай актыўнай дэпутацкай групы — парламенцкай апазіцыі БНФ. Яму закідваліся не толькі кансерватыўныя камуністычныя погляды, але і тое, што ён у парушэнне тагачаснай Канстытуцыі БССР 1978 года займаў пасаду міністра і адначасова з’яўляўся народным дэпутатам. 16 кастрычніка 1990 года на другой нечарговай сесіі Вярхоўнага Савета апазіцыя БНФ паставіла пытанне рубам: каб, нарэшце, Ціхіня зрабіў выбар — альбо сысці з пасады міністра, альбо скласці дэпутацкія паўнамоцтвы. Ціхіня вырашыў застацца ў Вярхоўным Савеце і 21 лютага 1991 года быў вызвалены з пасады міністра юстыцыі ў сувязі з пераходам на іншую працу (узначаліў адну з кафедраў у Акадэміі кіравання пры Савеце Міністраў).

Дарэчы, у аднаго з калегаў Ціхіні — міністра замежных справаў і дэпутата Пятра Краўчанкі таксама быў выбар. Аднак Краўчанка, як вядома, абраў знешнепалітычную сьцежку.

Валерый Ціхіня, які да таго ж у 1990 годзе стаў сакратаром ЦК КПБ, быў цвёрда ўпэўнены ў тым, што камунізму няма альтэрнатывы. Канешне, Ціхіня, як разумны чалавек, прызнаваў незваротнасць зменаў. Аднак лічыў, што працэсы можна паставіць на службу камунізму і надаць яму чалавечы твар. Нездарма 19 кастрычніка 1990 года Ціхіня на другой нечарговай сесіі Вярхоўнага Савета абазначыў сябе ў якасці «центриста с левым уклоном».

У адным пытанні Ціхіня быў бескампрамісным: у адносінах да БНФ. Ён цвёрда верыў, што Беларускі народны фронт — абсалютнае зло, якое імкнецца ўзарваць рэспубліку, унесці яблык разладу ў грамадства. Таму Ціхіня актыўна выступаў супраць афіцыйнай рэгістрацыі БНФ, крытыкаваў парламенцкія ініцыятывы апазіцыі. У прыватнасці, у кастрычніку 1990 года Ціхіня разам з высокопастаўленым партыйцам Аляксеем Камаем выступіў супраць праекта дэкрэта апазіцыі БНФ аб уладзе, паводле якога прадугледжвалася дэпалітызацыя арміі, пракуратуры, унутраных спраў, КДБ і забарона дзейнасці партый на дзяржаўных прадпрыемствах і ўстановах.


Валерый Ціхіня, Аляксей Камай і Анатоль Малафееў, 1991 год, www.vytoki.net

Валерый Ціхіня, Аляксей Камай і Анатоль Малафееў, 1991 год, www.vytoki.net

Валерыя Ціхіню як перакананага камуніста і вернага ленінца асабліва абурыла антыкамуністычнае альтэрнатыўнае шэсце, якое было арганізавана БНФ у Мінску 7 лістапада 1990 года. Тады ў сваёй прамове лідар фронта Зянон Пазьняк назваў Леніна самай крывавай постаццю, а да помніка пралетарскага правадыра ўсклалі шыбеніцу, калючы дрот, якія сімвалізавалі НКУС і ГУЛАГ.

Шэсце, як вядома, не абышлося і без інцыдэнтаў. Некалькім міліцыянтам былі нанесеныя лёгкія цялесныя пашкоджанні, а адзін з удзельнікаў шэсця разбіў аб ленінскі пастамент пляшку гарэлкі.

Пры абмеркаванні пытання альтэрнатыўнага шэсця ў Вярхоўным Савеце 12 склікання 27 лютага 1991 года Валерый Ціхіня быў, бадай, самым эмацыйным. Вось некаторыя ўрыўкі з яго выступу: «На альтернативном митинге 7 ноября в отношении коммунистов были пущены в ход приемы политического и морального террора. В адрес коммунистов на митинге звучали угрозы вплоть до физической расправы. Такие угрозы, кстати, в письменном виде я получил лично… Со времен гитлеровской оккупации Минск не видел виселицу, которую нагло и цинично демонстрировали, нам, коммунистам, бэнээфовские демонстранты». Далей Валерый Гур’евіч працягваў: «В последнее время у меня было немало встреч в трудовых коллективах. Практически во всех трудовых коллективах, где я бывал, звучала только одна просьба: организаторы альтернативного митинга и нарушители общественного порядка должны нести ответственность перед нашим советским законом».

І тут Ціхіня меў рацыю. Амаль на працягу месяца пасля шэсця ў Вярхоўны Савет паступіла каля 230 абураных лістоў, зваротаў, рэзалюцыяў (можна не сумнявацца, што большасць з іх была створана «в добровольно-принудительном порядке»). Напрыклад, захаваўся зварот да Вярхоўнага Савета сходу калектыва афіцэраў і прапаршчыкаў вайсковай часткі №11797 г. Дзяржынска ад 10 снежня 1990 года. У звароце сталічныя падзеі 7 лістапада 1990 года ля помніка «Владимиру Ильичу Ленину, посвятившему всю свою жизнь трудовому народу, борьбе за социализм», трактаваліся як вандалізм і варварская акцыя. Вайскоўцы патрабавалі пазбавіць Зянона Пазьняка дэпутацкага мандата і «предать его народному суду».

Апазіцыя БНФ не заставалася ў даўгу, крытыкавала Ціхіню. Зянон Пазьняк называў Валерыя Гур’евіча «вялікім спецам ад юрыспрудэнцыі і ЦК». Калі здарыўся знакаміты жнівеньскі путч 1991 года, Ціхіню разам з Камаем і першым сакратаром ЦК КПБ Анатолем Малафеевым залічылі ў галоўныя памагатыя маскоўскіх змоўшчыкаў (што, праўда, не перашкодзіла актывістам БНФ выратаваць Ціхіню ад раз’юшанага натоўпу).


Пад час жнівенскіх падзей у Мінску ў 1991 годзе, www.vytoki.net

Пад час жнівенскіх падзей у Мінску ў 1991 годзе, www.vytoki.net

Аднак Ціхіня яшчэ доўгі час заставаўся адданы камуністычным ідэалам. Напрыклад, 19 студзені 1994 года ён у Вярхоўным Савеце рашуча асудзіў вываз з Беларусі спецслужбамі Вільнюса былых буйных літоўскіх партфункцыянераў Ермалавічуса і Буракавічуса (іх вінавацілі ў крывавых падзеях у Літве ў студзені 1991 года) і назваў гэта «пиратством по политическим мотивам». Калі Вярхоўны Савет 17 сакавіка 1994 года абмяркоўваў справаздачу галоўнага рэдактара парламенцкай «Народнай газеты», то Ціхіня абвінаваціў Іосіфа Сярэдзіча ў тым, што апошні аддаў яе «на откуп оппозиции». Ціхіня таксама заявіў, што Вярхоўны Савет Беларусі 12 склікання — адзіны ў свеце орган улады, супраць якога быццам бы накіравана яго ўласнае выданне.

За СССР!


Доўгі час існавала легенда пра тое, што дэпутат Аляксандр Лукашэнка быў адзіным, хто галасаваў супраць ратыфікацыі Белавежскага пагаднення аб роспуску СССР, якое было падпісана ў Віскулях 8 снежня 1991 года. Сапраўды, пры ратыфікацыі пагаднення адзіны дэпутат выказаўся супраць. У жніўні 1995 года Аляксандр Лукашэнка заявіў краснаярскім журналістам, што гэта быў ён (беларускі кіраўнік тады актыўна спекуляваў на гэтай тэме). Аднак у пачатку верасня таго ж года дэпутат Вярхоўнага Савета 12 склікання і галоўны рэдактар папулярнай і апазіцыйнай газеты «Свабода» Ігар Гермянчук пад псеўданімам Пятро Панкратовіч апублікаваў пратакол галасавання, з якога бачна, што Лукашэнка адсутнічаў у момант галасавання. Па прычыне таго, што галасаванне не было пайменным, з пратакола, аднак, невядома, хто ж галасаваў супраць. Гермянчук сцвярджаў, што гэта Ціхіня.


 Пратакол галасавання па ратыфікацыі Белавежскага пагаднення ад 10 снежня 1991 года. Свабода, 8 верасня 1995 год.

 Пратакол галасавання па ратыфікацыі Белавежскага пагаднення ад 10 снежня 1991 года. Свабода, 8 верасня 1995 год.

Словы Гермянчука пацвярджае стэнаграма выступу Ціхіні ў дзень ратыфікацыі Белавежскага пагаднення — 10 снежня 1991 года. Калі ўсе тыя, хто выступіў (камуністы і ветэраны), узнеслі хвалу Шушкевічу за падпісанне пагаднення (адзін з дэпутатаў заявіў нават, што Шушкевіч вырашыў непераадольную задачу — «куб в квадрате»), то Ціхіня абрынуўся на «Брестское соглашение» з крытыкай, назваў яго «облаком в штанах». Менавіта тады ў палітычную гісторыю найноўшай Беларусі ўвайшлі словы Ціхіні: «Сколько не говори халва, во рту слаще не станет, сколько не говори суверенитет, самостоятельней не станешь». Ціхіня заявіў, што Віскулі забілі апошнюю надзею на тое, што СССР можна было рэфармаваць на канфедэратыўнай аснове. Уласных і сенсацыйных прызнанняў Ціхіні на гэты конт прыйшлося чакаць ажно дваццаць год, калі ў канцы 2011-га ў інтэрв’ю «Аргументам і фактам» ён адважыўся і прыадчыніў заслону над таямніцай.

Не лады з Шушкевічам


У Валерыя Гур’евіча не склаліся адносіны са Станіславам Шушкевічам, які ўзначаліў Вярхоўны Савет у верасні 1991 года. Напэўна, доктар юрыдычных навук не мог дараваць фізіку падпісанне Белавежскага пагаднення, яўнай сімпатыі нацыянальна-дэмакратычнай плыні. Ціхіня быў упэўнены, што Шушкевіч і апазіцыя БНФ заадно, таму горача вітаў адстаўку Станіслава Станіслававіча. Так, 26 студзеня 1994 года звычайна стрыманы Ціхіня ў сваім выступе ў Вярхоўным Савеце заявіў, што «позняки и шушкевичи приходят и уходят, а народ остается». Шушкевич падзякаваў Ціхіню «за профессорскую интеллигентность».

І ўсе ж прафесіянал


Калі адкінуць палітычныя прыхільнасці Ціхіні, то перад намі паўстае сапраўдны навуковец і практык. Пра тое сведчыць наданне яму ў 1990 годзе звання заслужанага юрыста рэспублікі, прызначэнне яго намеснікам старшыні Вышэйшай атэстацыйнай камісіі ў 1993 годзе, працы па рэдкім па тых часах накірунку — міжнароднаму праву, удзел у абмеркаваннях і экспертызах парламенцкіх законапраектаў.

Пра прафесіяналізм Ціхіні сведчыць яго праца ў Канстытуцыйнай камісіі. Яго прапановы да праекта Асноўнага Закона мелі грунтоўны характар. Ціхіня папярэджваў пра паспешлівасць, дэкларатыўнасць шматлікіх фармулёвак. Напрыклад, ён заўсёды крытыкаваў канстытуцыйную норму, паводле якой Беларусь — дэмакратычная краіна і выступаў за тое, што Беларусь ставіць мэтай быць дэмакратычнай дзяржавай.
Праўда, праз адносіны з Шушкевічам ў лістападзе 1992 года Ціхіня па ўласным жаданні пакінуў Канстытуцыйную камісію. У снежні 1993 года Ціхіня адмовіўся ўвайсці ў склад пагаджальнай камісіі Вярхоўнага Савета па пытанні інстытута прэзідэнцтва: маўляў, мой уласны «коэффициент полезного действия будет равен нулю».

У Высокім Судзе


Неўзабаве надыйшоў час, калі маладой незалежнай краіне спатрэбіўся прафесіяналізм Валерыя Ціхіні, а сам ён мусіў прыглушыць свае палітычныя і асабістыя сімпатыі і антыпатыі. 27 красавіка 1994 года ён быў абраны суддзём раней невядомага айчыннай практыцы новага органа — Канстытуцыйнага Суда. Больш таго, Ціхіня аказаўся ў ліку тых, хто атрымаў самую большую колькасць дэпутацкіх галасоў. Паводле Канстытуцыі, зацверджанай 15 сакавіка 1994 года, кандыдатуру старшыні Суда прапаноўваў прэзідэнт. Аднак выбары галоўнага начальніка краіны пакуль не адбыліся і таму працай Канстытуцыйнага Суда кіраваў намеснік старшыні. Гэтую пасаду і заняў Ціхіня, пра што ўжо пісаў «Новы Час».


У Аляксандра Лукашэнкі пасля яго абрання на пасаду кіраўніка краіны фактычна не было альтэрнатывы, акрамя Ціхіні, па пытанні старшыні Канстытуцыйнага Суда. 23 сакавіка 1995 года Валерый Гур’евіч Ціхіня большасцю дэпутацкіх галасоў быў зацвержданы галоўным суддзём Беларусі.

Ціхіня энергічна ўзяўся за справу, лічыў, што зможа спрацавацца з новым кіраўніком краіны. Некаторыя няўклюдныя і яўна бачныя прэзідэнцкія антыканстытуцыйныя захады (увядзенне «вертыкалі», забарона друку даклада Сяргея Антончыка, звальненне Іосіфа Сярэдзіча і інш.) Ціхіня, хутчэй за ўсё, тлумачыў маладосцю ды гарачнасцю Лукашэнкі і быў упэўнены, што Канстытуцыйны Суд усё паставіць на месца.

З цягам часу пазіцыя Ціхіні пачала змяняцца. Што на гэта паўплывала? Збіццё дэпутатаў апазіцыі і сумнеўны рэферэндум 14 мая 1995 года? Паўторныя выбары Вярхоўнага Савета 13 склікання ці публічнае захапленне Лукашэнкам германскім парадкам 1930-40-х гадоў? Сказаць цяжка. Аднак можна сцвярджаць адно: Ціхіня ўсвядоміў, што калі не астудзіць запал залішне актыўнага кіраўніка — чакай бяды.

Вайна


Спрыяльны момант наступіў, калі, нарэшце, быў абраны Вярхоўны Савет Беларусі 13 склікання. 22 лютага 1996 года Валерый Ціхіня выступіў (Лукашэнка адсутнічаў) перад дэпутатамі з пасланнем аб стане канстытуцыйнай законнасці ў краіне ў 1995 годзе. Ад пачатку і да канца пасланне было вытрымана ў антыпрэзідэнцкім духу: «Мы не драматизировали ситуацию, но не занимались лакировкой действительности. Мы признали неудовлетворительным состояние конституционной законности в 1995 году. Нарушался принцип разделения властей, имело место нарушение прав человека. В минувшем году исполнительная власть выходила за рамки правового поля. Одиннадцать указов президента были объявлены полностью или частично не соответствующими Конституции».

Ціхіня, у прыватнасці, звярнуў увагу на юрыдычныя калізіі, звязаныя з прызначэннем на пасады (без згоды Вярхоўнага Савета) міністра ўнутраных спраў, абароны, Генеральнага пракурора, старшыні праўлення Нацбанка.

Дыскусіі разгарнулся вакол п.1 артыкула 100 Канстытуцыі, паводле якога прэзідэнт меў права рабіць захады дзеля нацыянальнай бяспекі, тэрытарыяльнай целасці краіны, для забеспячэння правоў грамадзянаў. Праўда, якія гэта захады і як яны павінны рэалізоўвацца, Канстытуцыя не тлумачыла (Лукашэнка ўжо выкарыстаў гэты пункт для вызвалення з пасады галоўнага рэдактара «Народнай газеты» Іосіфа Сярэдзіча ў сакавіку 1995 года). Калі Шушкевіч спытаў пра гэты пункт, Ціхіня адказаў, што Канстытуцыю прымалі для законапаслухмяных грамадзянаў, а пры такой гумавай фармулёўцы можна вынесці і смяротны прысуд. Дэпутат Андрэй Клімаў па-прароцкі заўважыў: трэба адмяніць гэты пункт, бо паводле яго Лукашэнка можа ліквідаваць і Вярхоўны Савет, і Канстытуцыйны Суд.

Пасля паслання Ціхіня і Лукашэнка назаўсёды сталі палітычнымі ворагамі. Супрацьстаянне паміж імі той ці іншы раз успыхівала вострымі канфліктамі. Напрыклад, у маі 1996 года пацярпела крах ініцыятыва кіраўніка дзяржавы рэфармаваць Канстытуцыйны Суд: зрабіць так, каб палова яго членаў прызначалася выканаўчай уладай. Тады Лукашэнка зноў звярнуўся да эфектыўнай палітычнай зброі — рэферэндуму.

Калі Ціхіня азнаёміўся з прэзідэнцкім праектам Канстытуцыі, паводле якога ліквідаваўся Вярхоўны Савет, напэўна, яго ахапіў жах. І звычайнаму чалавеку было зразумела, што гэта індульгенцыя на неабмежаваныя паўнамоцтвы і ператварэнне краіны ў рэжым асабістай улады аднаго чалавека.

І Ціхіня імкнуўся даказаць, што прэзідэнцкі канстытуцыйны праект — гэта прававы Чарнобыль і канфрантацыя ў грамадстве. Але ў вырашальны момант Валерый Гур’евіч завагаўся і здзейсніў буйную гістарычную памылку: 22 лістапада 1996 года разам падпісаў пагадненне аб грамадска-палітычнай сітуацыі і канстытуцыйнай рэформе, якое было прапанаванае расійскім бокам. Паводле пагаднення, рэферэндум меў выключна кансультацыйны характар, а на працягу пэўнага часу Канстытуцыйны сход на парытэтных пачатках павінен быў распрацаваць новы праект Асноўнага Закона. І гэта пры тым, што была сабраная дастатковая — 73 — колькасць галасоў дэпутатаў, каб запусціць працэдуру імпічменту. Аднак высілкамі паплечнікаў Лукашэнкі ў парламенце пагадненне не было зацверджана і беларускі кіраўнік заявіў, што рэферэндум будзе мець абавязковы характар.

Што атрымался б, калі б Валерый Гур’евіч праявіў цвёрдасць і пайшоў да канца. Ці жылі б мы ў іншай краіне? Але гісторыя не любіць умоўнага ладу.