«Зялёныя» партызаны Беларусі
Падчас Грамадзянскай вайны Беларусь была адным з эпіцэнтраў т.зв. «зялёнага» руху — самаабароны сялян супраць рознага кшталту ўдзельнікаў вайны.
Формы супраціву маглі быць рознымі, аж да сыходу ў лясы (адсюль каляровая маркіроўка руху), дзе ствараліся ўзброеныя фармаванні. Часцей за ўсё сяляне ў нашым рэгіёне станавіліся «зялёнымі», калі праходзілі мабілізацыйныя мерапрыемствы савецкай улады.
Савецкае ваеннае будаўніцтва ўжо з вясны 1918 года арыентавалася на стварэнне масавай арміі. Так, дэкрэтам ад 29 ліпеня 1918-га ў РСФСР быў уведзены ўсеагульны воінскі абавязак. Усё ваеннаабавязанае насельніцтва ва ўзросце ад 18 да 40 гадоў бралася на ўлік.
Аднак да паўнавартаснай масавай мабілізацыі справа дайшла толькі ўвесну 1919-га, што і выклікала першую «зялёную» хвалю, памеры якой былі вельмі вялікімі. На думку вучонага Я.С. Паўлава, на тэрыторыі, падкантрольнай «чырвоным», у розныя часы дзейнічала да 400 тысяч партызан. З іх у Беларусі — да 80 тысяч.
Беларускі рэгіён, як адзначаюць спецыялісты, быў спецыфічны, у тым ліку праз адсутнасць масавага Белага руху, прыгранічным становішчам губерняў, нарэшце, нацыянальна змяшаным складам насельніцтва з абуджэннем нацыянальных ідэнтычнасцяў. Акрамя таго, тут сялянства аказвалася часта лепш узброеным — з-за блізкасці фронту. У той жа час нежаданне ізноў ваяваць і аддаваць рэсурсы было амаль агульным.
Адзін з сведкаў тых падзей нехта А.Я. Снясараў перадае ў сваім дзённіку меркаванне А.Ф. Кадошнікава, начальніка штаба Маскоўскай ваеннай акругі: «Віцебская і Магілёўская губерні нам не далі ніводнага салдата, усё бяжыць бесцырымонна і неміласэрна».
Партызанцы спрыяў характар мясцовасці з багаццем лясоў і цяжкадаступных раёнаў, магчымасці выкарыстоўваць заўсёды небескарыслівых, але ўсё ж дзяржаўна арганізаваных суседзяў, нарэшце, нацыянальны беларускі фактар як дадатковы мабілізуючы кампанент.
Быў яшчэ адзін фактар. Планы эсэраў падняць мяцеж у прыфрантавых частках Чырвонай арміі на захадзе, а таксама ў тыле гэтых частак летам 1918-га праваліліся, але прывялі да стварэння добра арганізаваных «зялёных» паўстанцкіх ячэек на стыку Смаленскай, Віцебскай і Пскоўскай губерняў.
Нядзіўна, што багаццем «зялёных» сялянскіх атрадаў адрознівалася Віцебшчына, а канкрэтна Веліжскі павет і наваколлі Суража. Тут «зялёныя банды», як пісала савецкая прэса, грамілі Саветы, збівалі камуністаў.
3 ліпеня 1918 ноччу ўзброеныя дэзерціры і ўхілянты на перагонах Смаленск — Віцебск і Смаленск — Орша ўзарвалі тры масты. Практычна ва ўсіх іншых мясцовасцях, дзе дзейнічалі «зялёныя», яны маглі толькі марыць пра такія подзвігі, як падрывы мастоў. Для лоўлі паўстанцаў экстранна былі дасланыя атрады з Віцебска.
Адсутнасць уплыву на сельскую мясцовасць улада спрабавала кампенсаваць карным ударам па нізавых органах. За ўкрывальніцтва дэзерціраў у некаторых вёсках Вяліжскага павета канфіскоўвалі маёмасць. Аднак перамагчы актыўнае ўзброенае «зялёнае» дэзерцірства не ўдалося, яно працягвала існаваць.
Пры гэтым некаторыя беларускія «зялёныя» аказаліся ў цісках складанага палітычнага выбару. У выніку многія атаманы вымушаны былі лавіраваць, спрабуючы абаперціся на польскую, савецкую і літоўскую падтрымку.
«Зялёны» рух у беларускіх губернях цесна пераплятаўся з нацыянальнай самасвядомасцю. Рух франтоў, польская акупацыя, савецкія нацыянальныя ініцыятывы сфарміравалі шмат вектараў дзейнасці для актыўных маладых беларусаў. З вясны 1919-га партызанскую барацьбу ў беларускіх і літоўскіх губернях імкнуліся разгарнуць партыйныя арганізацыі і структуры Заходняга фронту РСФСР. Раённыя паўстанцкія штабы павінны былі арганізоўваць партызанскую барацьбу ў тыле польскіх войскаў.
Цікава, што ў канцы восені 1919-га найбольш шматлікім з такіх атрадаў быў Слуцкі — каля тысячы чалавек. Ёсць думка, што пазней ён мог стаць базай для ваенных структур у рамках Слуцкага паўстання 1920-га.
Забаўны факт: беларускія «зялёныя» з'явіліся нават у глыбіні Расіі. Гэта былі ўцекачы Першай сусветнай вайны з Заходняй Беларусі. Замест эвакуацыі на радзіму Саветы прымушалі іх да адбывання вайсковай павіннасці. Сыход да «зялёных» выглядаў натуральнай рэакцыяй.
Гнуткасць бальшавікоў у выніку дазволіла ім збіваць хвалі паўстанцкага руху, аперуючы амністыямі дэзерціраў, умелай агітацыяй і тэрорам. За першыя сем месяцаў 1919 года было асуджана 95 тысяч дэзерціраў, з якіх шэсцьсот — расстралялі, а больш за палову накіравалі ў штрафныя часткі.
Аднак яшчэ доўгі час вёска на паўночна-ўсходніх прасторах беларускіх паўночна-заходніх губерняў, Смаленшчыны жыла ў двух вымярэннях — «савецкім» і «зялёным», з дзённай і начной уладай. Паводле гісторыкаў, партызанская барацьба пратрымалася ў той жа Віцебскай губерні ледзь не ўсе 1920-я.