Гродна як выклік сістэме. Насуперак усяму «Нёман» рвецца да медалёў чэмпіянату

Калі аднойчы пра беларускія падзеі 2020 года здымуць фільм, адна з сюжэтных ліній абавязкова павядзе гледача на захад краіны. У бок 350-тысячнага Гродна — горада, дзе пульсацыі вен падчас пратэстаў былі гарачымі, зацятымі і нястрымнымі. Дзе за некалькі месяцаў мясцовыя жыхары пражылі цэлае жыццё, красамоўна паказаўшы ўладзе сваю грамадзянскую пазіцыю, нацыянальную свядомасць і востры палітычны тэмперамент.

Гродзенскі «Нёман»: пяць крокаў да цуда. Фота прэс-службы ФК «Нёман»

Гродзенскі «Нёман»: пяць крокаў да цуда. Фота прэс-службы ФК «Нёман»

Гэта тут, на беразе Нёмана, супраць афіцыйных вынікаў выбараў пратэставалі дзясяткі тысяч чалавек. І рабілі гэта так упэўнена і пераканаўча, што гарадскія вертыкальшчыкі палохаліся і саступалі. Так, у жніўні ўлады дазволілі ў Гродна правядзенне мітынгаў на цэнтральных плошчах, выпусцілі на волю ўсіх затрыманых і абяцалі прадстаўнікам грамадзянскай супольнасці эфір мясцовага тэлеканалу.

Гэта тут начальнік абласной міліцыі выбачаўся перад людзьмі за гвалт з боку сваіх падначаленых, а на буйным прадпрыемстве «Гродна Азот» узнікла адна з першых у краіне забастовак. Пад уплывам такіх турбулентных працэсаў нервова заварушыўся Мінск. Не прайшло і двух тыдняў пасля выбараў, а Аляксандр Лукашэнка ўжо паспешліва тушыў пажар і мяняў мясцовае кіраўніцтва — замест Уладзіміра Краўцова новым гродзенскім губернатарам стаў былы міністр аховы здароўя і тутэйшы ўраджэнец Уладзімір Каранік.

Гэта тут, як і ў Мінску, за перамены выступалі цэлымі прафесійнымі супольнасцямі і працоўнымі калектывамі. Медыкі, рабочыя, бізнесоўцы… Гродзенскі драматычны тэатр прыпыніў спектаклі на нявызначаны час. Яго акцёраў затрымлівалі на мітынгах, калектыў у сувязі з гэтым пратэставаў і залучыўся падтрымкай купалаўцаў. Ладзяць акцыі студэнты мясцовых універсітэтаў — іх таксама затрымліваюць, але хлопцы і дзяўчаты не баяцца.

На гэтым фоне свайго кшталту пратэст абазначае і тутэйшы футбол. Так, больш фігуральна, але красамоўных рысаў і сімвалічных паралеляў хапае. Гродзенскі «Нёман», пра які мы пазітыўна пісалі яшчэ ў жніўні, не губляе тэмп і ўпарта набліжаецца да сенсацыйных медалёў чэмпіянату Беларусі.

У мінулым туры нёманцы здабылі найважнейшую перамогу — вырвалі тры балы ў Жодзіне і скінулі з хваста тамтэйшае «Тарпеда». Цяпер заходняя каманда займае ў табліцы другі радок — паміж заможнымі БАТЭ і «Шахцёрам», да фінішу першынства застаецца пяць тураў.

У чым гродзенскі футбольны пратэст? Ды вось у гэтым. Небагаты «Нёман» падрывае асновы, паказваючы, што ў футбол гуляюць не грошы, бюджэты, трансферы і зоркі. А элементарная самаадданасць і прага да поспеху. Дзе той Брэст, дзе гульцы маюць астранамічныя зарплаты? Дзе другое «Дынама» — мінскае, якім апякуецца спартыўны дзяржапарат? Шукайце іх недзе ў сярэдзіне пелетону — далёка за спінай Гродна, які ўпэўнена адстойвае свае правы на маленькае шчасце.

Эстэтыку гродзенскага непадпарадкаванне падкрэсліваюць і паводзіны галоўнага трэнера. Ігар Кавалевіч рэгулярна крытыкуе футбольныя ўлады, пастаянна — нібыта за ўдзел у чымсьці несанкцыянаваным — атрымлівае штрафы і дыскваліфікацыі. І нават нядаўна сказаў: «Я магу выказаць здагадку, што “Нёман” не ўпісваецца ў канцэпцыю федэрацыі. Пасля столькіх нашых перамог і бяспройгрышных матчаў, відаць, мы там лішнія…»

Але заўзятары — і не толькі гродзенскія — упэўнена скажуць: не, дакладна не лішнія. Наш футбол надта забранзавеў у старых стэрэатыпах. Што ні год, што ні сезон — на п’едэстале знаёмыя ўсё твары. БАТЭ, «Шахцёр», адно ці другое «Дынама»… Як у тым кіно — у каго грошы, у таго і сіла. «Нёман» у гэтым сэнсе паказвае многае — прыклад, прэцэдэнт, надзею. Ён — быццам глыток свежага паветра, які так неабходны беларускаму чэмпіянату і які так важна захаваць.

Таму заўзеюць за гарэзлівую каманду Кавалевіча шматлікія прыхільнікі па ўсёй, трэба думаць, краіне. І, дарэчы, калі гродзенская футбольная мара спраўдзіцца, гэта будзе святам салідарнасці каманды і яе заўзятараў — тых самых студэнтаў, рабочых, медыкаў і іншых. Бо мы хоць часта крытыкавалі беларускіх футбалістаў за маўклівасць і слаба акрэсленую грамадзянскую пазіцыю, а, напрыклад, гульцы «Нёмана» сябе ўсё-ткі паказалі. У вядомым відэа з асуджэннем гвалту прынялі ўдзел ажно дзевяць з іх — Дзмітрый Дудар, Валерый Жукоўскі, Павел Забелін, Сяргей Курганскі, Артур Слабашэвіч, Яўген Ляшко, Раман Пасевіч, Уладзіслаў Яцкевіч, Дзмітрый Іваноў.

Медалі чэмпіянату стануць для хлопцаў узнагародай у тым ліку і за гэта…

Чэмпіянат Беларусі

ВЫНІКІ 25-га ТУРА: 26.09. ЭНЕРГЕТЫК-БДУ (Мінск) — ІСЛАЧ (Мінскі раён) — 1:1 (Мавату, 39 — Янане, 80). ГАРАДЗЕЯ — СЛАВІЯ (Мазыр) — 1:1 (Пазняк, 62 — Жук, 77). ТАРПЕДА-БЕЛАЗ (Жодзіна) — НЁМАН (Гродна) — 0:1 (Марушыч, 47+). БАТЭ (Барысаў) — ДЫНАМА (Брэст) — 2:4 (Няхайчык, 70, Міліч, 79 — Сядзько, 5, Савіцкі, 49, Крывец, 91+, 94+). 27.09. ДЫНАМА (Мінск) — ВІЦЕБСК — 1:0 (Шыкаўка, 74, з пенальці). РУХ (Брэст) — СЛУЦК — 5:0 (Садоўскі, 11, Нікіфарэнка, 35, Багамольскі, 85, 89, Канцавы, 90). 28.09. МІНСК — СМАЛЯВІЧЫ — 2:1 (Ал.Васільеў, 60, з пенальці, Ануфрыеў, 72 — Ханкевіч, 16).

Матч БЕЛШЫНА (Бабруйск) — ШАХЦЁР (Салігорск) перанесены праз каронавірус.

sport_9.jpg

26-ты ТУР. 16.10. СЛУЦК — МІНСК. 17.10. СЛАВІЯ — БЕЛШЫНА, ВІЦЕБСК — ЭНЕРГЕТЫК-БДУ, НЁМАН — ГАРАДЗЕЯ. 18.10. СМАЛЯВІЧЫ — ТАРПЕДА-БЕЛАЗ, ІСЛАЧ — БАТЭ, ШАХЦЁР — ДЫНАМА МН., ДЫНАМА БР. — РУХ.