Як пратэстуюць спартсмены. Дасье ў карыкатурах
Апошнія выступы беларускіх спартсменаў працягнулі доўгую традыцыю пратэстаў атлетаў на стадыёнах і па-за іх межамі. Прычым, як сведчыць прапанаваная падборка тэматычных карыкатур, часам дэмаршы спартсменаў мелі заўважныя наступствы.
Тым жа Алімпійскім гульням публічная дэманстрацыя палітычнага пратэсту была ўласцівая фактычна адразу. На IV Алімпіядзе 1908 года ў Лондане ўпершыню было вырашана арганізаваць цырымонію адкрыцця ў выглядзе шэсця каманд пад іх дзяржаўнымі сцягамі. Дзейства абярнулася канфузам, паколькі Вялікае Княства Фінляндскае, прадстаўленае асобнай камандай, з'яўлялася тады часткай Расійскай імперыі. Расія, якая ўдзельнічала ў Гульнях, забараніла зборнай Фінляндыі выступаць пад фінскім нацыянальным сцягам. У выніку фіны вырашылі байкатаваць навязаны ім расійскі трыкалор і ісці без сцяга наогул.
Падобным чынам паступілі і сябры венгерскай алімпійскай зборнай на Гульнях 1956-га ў Аўстраліі. Пратэстуючы супраць інтэрвенцыі СССР, яны выйшлі не пад сцягам Венгерскай сацыялістычнай рэспублікі, а пад старым нацыянальным штандарам. Пасля заканчэння спаборніцтваў шмат хто са спартсменаў адмовіўся вяртацца на радзіму. Таксама эміграваў на знак пратэсту і славуты Ферэнц Пушкаш, які займае шостае месца ў рэытынгу самых вялікіх футбалістаў у гісторыі.
Першым гучным індывідуальным пратэстам у спорце, безумоўна, быў дэмарш вялікага баксёра Мухамеда Алі вясной 1967-га. Ён адмовіўся ісці ў амерыканскае войска ў знак пратэсту супраць вайны ў В'етнаме. Пры гэтым баксёр спасылаўся на тое, што служба супярэчыць яго рэлігійным перакананням, паколькі ён напярэдадні прыняў іслам. Безумоўна, гэта было толькі алібі, паколькі Мухамед не хаваў сваёй крытыкі знешняй палітыкі прэзідэнта Джонсана. У выніку ён стаў іконай не толькі барацьбы за грамадзянскія правы, але і рухаў супраць вайны ў В'етнаме.
Дзяржава такой выхадкі не даравала. Спартсмен быў прызнаны вінаватым ва ўхіленні ад прызыву ў войска, прысуджаны да пяці гадоў пазбаўлення волі, аштрафаваны на 10 000 долараў і, нарэшце, пазбаўлены тытула чэмпіёна. Аднак у выніку аўтарытэт Мухамеда Алі прымусіў Вашынгтон адступіць. Пасля судовага працэсу ў 1970 годзе Алі выкупіў свой тытул і працягнуў баксёрскія паядынкі, некаторыя з якіх сталі гістарычнымі. Камічныя спробы Дзядзькі Сэма перамагчы вялікага баксёра — тэма адной з карыкатур таго часу.
Незвычайна багатай на палітычныя пратэсты ў 1968-ым годзе была летняя алімпіяда ў Мехіка. Так, гучна заявіла пра сябе чэхаславацкая гімнастка Вера Часлаўска. Пасля ўводу савецкіх войскаў у Чэхаславакію яна падпісала крытычны лістна адрас Масквы «Дзве тысячы слоў», і толькі ў апошні момант ёй дазволілі ляцець на Алімпійскія гульні.
Будучы незадаволенай сумнеўнымі, на яе думку, рашэннямі алімпійскай судзейскай калегіі прысудзіць не адзін, а два залатыя медалі, (не толькі ёй адной, але і гімнастцы з СССР), на цырымоніі ўзнагароджання падчас выканання дзяржаўнага гімна Савецкага Саюза Вера павярнула галаву ўбок і трохі апусціла яе. Гэты жэст быў сустрэты апазіцыяй Чэхаславакіі з вялікім энтузіязмам, але ў выніку спартсменка па рашэнні ўладаў краіны аказалася на доўгія гады невыязной.
Пасля змены рэжыму былая гімнастка ўзначаліла Нацыянальны алімпійскі камітэт, стала членам МАК ад Чэхіі і дарадцам прэзыдэнта Вацлава Гавела па фізкультуры і спорце. Нават пасля смеріці ў 2016-ым яе жэст у Мехіка дасюль натхняе чэшскіх графікаў.
На Алімпіядзе 1968 года ўпершыню ў гісторыі гульняў быў ужыты такі спосаб палітычнага пратэсту, як наўмыснае парушэнне палажэнняў Алімпійскай хартыі: чарнаскурыя амерыканскія спартсмены Томі Сміт і Джон Карлас, залаты і бронзавы прызёры па лёгкай атлетыцы, не байкатуючы спаборніцтваў у цэлым, на цырымоніі ўзнагароджання падчас выканання гімна ЗША дэманстратыўна апусцілі галовы і паднялі сціснутыя кулакі.
Паколькі гэты жэст быў сімвалам руху леварадыкальнай афра-амерыканскай групоўкі «Чорныя пантэры», правая Амерыка абурылася. Абодва спартсмены былі выключаныя з каманды ЗША і выгнаныя з Гульняў, падвергшыся нападкам з боку кансерватыўнай прэсы і грамадскасці.
Аднак у выніку спраўдзіліся словы аднаго з тых спартсменаў: «Амерыка ацэніць наш учынак». Цяпер тая сцэна лічыцца важнай старонкай барацьбы за грамадзянскія правы ў краіне і дасюль не страціла актуальнасці. У 2016 годзе гульцы нацыянальнай футбольнай лігі ЗША (NFL) запусцілі акцыю супраць паліцэйскага самавольства, якая знайшла водгук не толькі ў Амерыцы. Сэнс акцыі ў тым, каб падчас выканання нацыянальнага гімну апускацца на калена. Адзін з карыкатурыстаў адлюстраваў ініцыятара акцыі Коліна Каперніка ў кампаніі з легендарнымі Томі Смітам і Джонам Карласам.
На жаль, падчас эскалацыі халоднай вайны самі спартсмены сталі інструментамі палітычнай барацьбы. Спачатку ЗША байкатавалі Алімпіяду-80 ў Маскве. Праз чатыры гады аналагічна паступіў СССР у дачынені да Гульняў у Лос-Анджэлесе. Пры гэтым у Маскве, натуральна, матывавалі рашэнне пра байкот клопатам пра асабістую бяспеку спартсменаў. Характэрная карыкатура з часопіса «Крокодил».
У наш час вельмі папулярна стала выказваць сваю палітычную пазыцыю з дапамогай надпісаў на футболках. Так, у 1997-ым годзе ў матчы Кубка Кубкаў форвард ангельскага «Ліверпуля» Бобі Фаўлер прадэманстраваў трыбунам футболку ў падтрымку рабочых ліверпульскіх докаў. У Грузіі ў мінулым годзе футбалісты з'явіліся на поле ў футболках з надпісам пра тое, што Расія акупавала частку іх краіны.
Нарэшце, у гэтым годзе адбылося неверагоднае — спартовая федэрацыя запатрбавала, каб на футболках прысутнічаў пратэстны палітычны лозунг. У першым туры Англійскай Прафесійнай Лігі пасля аднаўлення турніру пасля каранціну на футболках гульцоў замест прозвішчаў было напісана Black Lives Matter — назва арганізацыі, якая асацыюецца з апошнімі грамадзянскімі выступамі ў Штатах. Як бачым, спорт становіцца яшчэ больш палітызаваным, і таму палітычныя заявы айчынных спартсменаў, напэўна, гэта ўжо норма.Праўда, ёсць і тыя, хто супраць такога трэнду. Напрыклад, мастак амерыканскага кансерватыўнага рэсурсу Know Your Mem баіцца, што свет спорту вымушаны адаптавацца пад забабоны левых радыкалаў.