У Барысаве дзяцей пазбавілі палёў для трэніровак. Пяць назіранняў наўздагон футбольнаму ўік-энду

У Беларусь прыйшло цёплае надвор’е, і на футбольных нівах стала неяк крыху весялей. Прынамсі поболела гледачоў, хаця іх па-ранейшаму крытычна мала. Ну і чэмпіянат краіны набірае хаду — уражанні аб гульнявых (і не толькі) выходных у матэлыяле «НЧ».

Фота прэс-службы ФК «Шахцёр»

Фота прэс-службы ФК «Шахцёр»

Ідылія ў Салігорску

Мінула ўсяго чатыры туры, а салігорскі «Шахцёр» ужо пачынае ўпэўнена сыходзіць у адрыў. Каманда з горада вольных гарнякоў, якіх працягваюць прэсаваць і кідаць на «суткі», не страціла аніводнага ачка, забіла дзесяць галоў і прапусціла толькі адзін. Выдатны вынік стартавага этапу, пасля якога клуб ужо варта называць не «адным з…», а галоўным фаварытам сезону.

Учора «Шахцёр» крыху панерваваўся, але ўвогуле атрымаў дзяжурную перамогу, з буйным лікам адправіўшы «за Мажай» кволую «Смаргонь». У наступным туры салігорцы прымуць у госці мазырскую «Славію», і ўжо зараз маецца ўпэўненасць, што чарговыя тры балы лягуць у скарбонку гарнякоў як міленькія. А тым часам намінаваныя канкурэнты дзейсных чэмпіёнаў губляюць ачкі, выглядаюць нестабільна, месцамі хваравіта.

Што можа перашкодзіць гарнякам зноў узыйсці на вяршыню? Адважымся сказаць, што хіба толькі якая трасца ў клубнай эканоміцы. Напрыклад, калі раптам збяднее генеральны спонсар «Беларуськалій». Бо гаворка пра санкцыі не спыняецца, гандлёвыя партнёры калійнага камбіната транслююць заклапочанасць у сувязі з парушэннямі правоў працаўнікоў, а з-за акіяна пагражальна хмурацца Злучаныя Штаты…

Бюджэт жа ў «Шахцёра» агромністы і патрабуе ад карміцеля значных выдаткаў. Напэўна, ужо зараз можна сказаць, што ў Салігорску на футбалістаў траціцца дзяржаўных грошай не меней, чым у Мінску на хакейнае «Дынама».

Скандал у Мінску

БАТЭ ледзьве не саступіў у сталіцы «Мінску», аднак нават вырваная напрыканцы матча нічыя — зусім не тое, чым можа барысаўскае сэрца заспакоіцца. Бо і па форме, і па зместу гэта быў сумны вечар у выкананні колішняга флагмана.

Па форме БАТЭ мусіў прайграць. Портскія контратакі «гараджан» двойчы ўспорвалі вароты «жоўта-сініх», а ў адказ яны хаця і ціснулі, аднак збольшага бездапаможна корпаліся паабапал штрафной суперніка. У выніку ўсё ж лік зраўнялі, але з таго ўзняўся скандал. Па-першае, абаронца Павел Рыбак запхнуў мяч у сетку з дапамогай рукі, яку не заўважыў рэферы Віктар Шымусік. Па-другое, наконт пенальці на 92-й хвіліне таксама пры жаданні можна паспрачацца.

Судзейства ў беларускім футболе — звыкла цяжкая, балючая тэма. Што ні год — памылкі, сваркі, скандалы, падазрэнні, тэорыі змовы… Адразу скажам, што канспіралагічных версій аўтар не прытрымліваецца — хутчэй людзі ў чорным судзяць як умеюць. І вучаць іх судзіць — таксама як умеюць. Уменне ж даецца толькі пры сістэмнай, паслядоўнай працы. А адкуль яна з’явіцца, калі і тут маюць месца звальненні палітычнага кшталту. Так, у снежні з федэрацыі сыйшоў кіраўнік судзейскага дэпартаменту Андрэй Чэпа. Кажуць, развітальны емэйл, разасланы суддзям і лайнсмэнам, ён скончыў словамі «Жыве Беларусь!»

Наогул жа ўзровень арбітражу ў чэмпіянаце цалкам адпавядае ўзроўню гульні. І калі бездапаможна боўтаецца з разу ў раз зборная ў турнірнай кваліфікацыі, то адкуль у судзействе з’явіцца свой Фелікс Брых ці Джунейт Чакыр?

«Ухадзі!» ў Брэсце

«Дынама» супраць «Дынама». Фота прэс-службы ФК «Дынама-Брэст»

«Дынама» супраць «Дынама». Фота прэс-службы ФК «Дынама-Брэст»

На берагах Буга сустрэліся два «Дынама» — брэсцкае і мінскае — дый разышліся, нічога не здабыўшы і нічога не страціўшы. Нічыя 1:1 — больш нагод узрадавацца такому выніку, бадай, у гаспадароў. Бо грашыма, складам і амбіцыямі яны прыкметна збяднелі, і цяпершнае другое месца ў табліцы выглядае сенсацыяй.

Дарэчы, на гульню ў Брэсце сабралося пяць тысяч заўзятараў. Па сённяшніх байкотных часах, аўдыторыя неймаверная — і только яна дазволіла туру атрымаць боль-менш прыстойную сярэднюю лічбу наведвальнасці — 1364.

Праўда, спецыфіка жыцця ў сучаснай Беларусі такая, што калі недзе збіраецца зашмат народу, то папулярныя несанкцыянаваныя лозунгі пачынаюць узнікаць нібыта самачынна. І ляцяць у паветра, адлюстроўваючы грамадскія настроі.

У Брэсце скандзіравалі «Ухадзі!» Фармальна — на адрас мінчука Аляксандра Сялявы, якога суддзя выдаліў краснай карткай. Але ж — вы самі ўсё разумееце…

Поле ў Барысаве

Ігар Стасевіч. Фота TUT.BY

Ігар Стасевіч. Фота TUT.BY

У самым вядомым футбольным горадзе краіны без месца для трэніровак засталіся 250 юных гульцоў — выхаванцаў мясцовай ДЮСШ-2. Школа гэтая вядомая ўжо тым, што менавіта адсюль пайшоў у дарослы футбол Ігар Стасевіч — капітан зборнай і тройчы лепшы футбаліст Беларусі. Аднак гадаваць новых Стасевічаў у Барысаве цяжка — у тым ліку праз такія захады.

Два палі ДЮСШ-2 былі закрытыя выракам санстанцыі. Маўляў, не абсталяваны спорткомплекс стацыянарнымі (ёсць толькі «бія») туалетамі і сучаснымі раздзявальнямі. Таму выкарыстоўваць інфраструктуру забаронена — прычым адразу на два гады. Цяпер дзеці вымушана «бамжуюць» — трэніруюцца хто дзе. Трэнеры і бацькі скардзяцца, адміністрацыя школы разводзіць рукі і паказвае вычыма наверх. Наверсе — ва ўладзе горада — агалошваюць прыкметы беларускай «стабільнасці»: на ліквідацыю выяўленых санстанцыяй недахопаў няма грошай.

Канешне, ёсць адчуванне, што ў хуткім часе сітуацыя выправіцца, бо вельмі ўжо яна недарэчная. Гэта калі б зачынілі школу агульнаадукацыйную — паламаўшы адным махам увесь навучальны працэс. Напэўна, у хуткім часе заварушыцца ці федэрацыя, ці нават спартовае міністэрства, і неяк вырашаць пытанне ў ручным рэжыме. Аднак першапрычына падобных з’яў так і застанецца панаваць — гэта калі нарматывы і цыркуляры вышэй за інтарэсы і жаданні простых людзей. І калі б так было толькі ў футболе…

Містэр Сміт у Рэчыцы

Фота прэс-службы ФК «Спадарожнік»

Фота прэс-службы ФК «Спадарожнік»

Тым часам грымнуў сенсацыяй рэчыцкі «Спадарожнік», якога даўно і катэгарычна запісалі ў аўтсайдэры. Ім ён па сутнасці і застаецца, аднак  перамога ў Мінску над «Энергетыкам» крыху падправіла хлопцам кармы ды самаацэнку.

Ну а прынёс яе рэчыцкім футбалістам экзатычны гастралёр — містэр Сміт, які прыехаў… з Нікарагуа. Наўрад ці памылімся, калі дапусцім, што гэта першы грамадзянін далёкай цэнтральна-амерыканскай краіны, якога занёс лёс на сталую працу ў 65-тысячны беларускі раённы цэнтр. Наўрад ці пакрыўдзім легіянера, калі назавём яго гастралёрам сярэдняй нагі, бо зборная, за якую ён гуляе, займае ў сусветным рэйтынгу ажно 149 месца. Што 61 пазіцыю ніжэй за Беларусь, якая ўмее прайграць бельгіцам з прыніжальным лікам 0:8.

І яшчэ здагадка: магчыма, каб захавацца ў вышэйшай лізе «Спадарожніку» варта глыбей ўзараць гэты трансферны напрамак? І запрасіць у свае шэрагі, напрыклад, парачку гульцоў з сонечнага Гандурасу. Горай з таго беларускаму футболу пэўна не будзе, хутчэй наадварот — бо сваіх майстроў даўно не хапае.

ЧЭМПІЯНАТ БЕЛАРУСІ. ТУР 4

ТУР 4. 9.04. ЭНЕРГЕТЫК-БДУ (Мінск) — СПАДАРОЖНІК (Рэчыца) — 0:1 (250; Сміт, 77).

10.04. ІСЛАЧ (Мінскі раён) — РУХ (Брэст) — 0:1 (270; Рахманов, 69). СЛУЦК — ТАРПЕДА-БЕЛАЗ (Жодзіна) — 2:0 (550; Бобко, 52, Сасін, 78). ДЫНАМА (Брэст) — ДЫНАМА (Мінск) — 1:1 (5084; Беленькій, 70 — Кісляк, 15).

11.04. МІНСК — БАТЭ (Барысаў) — 2:2 (902; Касараб, 47, Зіновіч, 64 — Рыбак, 82, Скавыш, 92+, з пенальці). ГОМЕЛЬ — НЁМАН (Гродна) — 2:0 (700; Ан.Салавей, 11, 33). СЛАВІЯ (Мазыр) — ВІЦЕБСК — 0:2 (2350; Цевераў, 27, 49). ШАХЦЁР (Салігорск) — СМАРГОНЬ — 3:0 (980; Філіпенка, 8, Анціч, 72, Іванавіч, 84. На 47+-й хвіліне Валікаеў (Смаргонь) не рэалізаваў пенальці (міма варот)).              

           Г     В      Н     П        М          А

1. Шахцёр                 4      4      0     0       10-1      12

2. Дынама Бр           4      2      2      0       6-1         8

3. Дынама Мн           4     2      2      0       5-1          8

4. БАТЭ                     4     2      2      0       8-4          8

5. Гомель                  4     2      1      1        7-4         7

6. Тарпеда-БелАЗ    4     2      0      2        2-5         6

7. Рух                        4     1      3      0        4-3          6

8. Іслач                     4     2      0      2        3-5          6

9. Віцебск                 4     1      2      1        2-1          5

10. Мінск                   4     1      2     1        5-5           5

11. Энергетык-БДУ   4     1      1      2       4-3          4

12. Слуцк                  4      1      1      2       3-5          4

13. Спадарожнік       4      1      0      3       1-7          3

14. Нёман                 4      0      2      2        1-4          2

15. Славія                 4      0      1      3        1-5          1

16. Смаргонь            4      0      1      3        1-9          1

ТУР 5. 16.04. Спадарожнік — Іслач, Віцебск — Слуцк. 17.04. Тарпеда-БелАЗ — Дынама Бр, Нёман — Мінск, БАТЭ — Энергетык-БДУ, Шахцёр — Славія. 18.04. Дыныма Мн — Гомель, Рух — Смаргонь.