У беларускім футболе выкрылі дамоўныя матчы. Чаму гэта ганьба з адценнем палітыкі?
Салігорскі «Шахцёр» і мінскі «Энергетык» пазбавілі медалёў праз дамоўныя матчы.
Цяперашні скандал у беларускім футболе — самы буйны такога кшталту: карупцыя, дамоўныя матчы, пазбаўленне чэмпіёнства, аграмадныя штрафы і крымінальная справа
У чацвер, 11 траўня, у беларускім футболе выбухнула такая бомба, якую раней нават цяжка было сабе ўявіць. Дысцыплінарныя органы федэрацыі адмянілі вынікі леташняга першынства краіны, а чэмпіёна і віцэ-чэмпіёна пазбавілі медалёў і пакаралі так, што ў бліжэйшыя гады аб вялікіх перамогах ім застаецца толькі марыць.
Што адбылося і чаму некаторыя бачаць у гэтым палітычны падтэкст?
Мінус тытулы і балы, плюс буйныя штрафы
Чэмпіён — салігорскі «Шахцёр». Дакладней, ужо былы чэмпіён. У яго забралі тытул, а таксама адмінусавалі 30 балаў у сёлетнім сезоне і яшчэ 20 — у чэмпіянаце–2024. Плюс штраф 370 тысяч рублёў.
Віцэ-чэмпіён — мінскі «Энергетык»-БДУ. Дакладней, ужо былы віцэ-чэмпіён. Сталічны клуб пазбавілі срэбраных узнагарод, а разам з гэтым і 20 балаў у бягучым першынстве і 10 — у наступным. Плюс штраф 74 тысячы рублёў.
У дадатак абедзвюм камандам забаранілі гуляць у еўракубках.
Пакаралі і яшчэ адзін клуб — бабруйскую «Белшыну». Мінус 10 і 5 балаў адпаведна ў гэтым і наступным сезонах, а таксама штраф 74 тысячы рублёў.
І гэтым справа не абмежавалася. Футбольная федэрацыя пакарала яшчэ шэраг футбалістаў — дыскваліфікацыямі і штрафамі. І ў якасці разынкі — на 5 гадоў ад футбольнай дзейнасці адхілены фактычны кіраўнік «Энергетыка», вядомы трэнер Анатоль Юрэвіч. Таксама ён мусіць выплаціць штраф 37 тысяч рублёў.
Гэта толькі вердыкт паводле футбольнай юрысдыкцыі. Вядзецца і крымінальная справа, там пазней будзе свой прысуд. Расследаванне распачата паводле артыкула 253 Крымінальнага кодэкса («Подкуп удзельнікаў і арганізатараў спартыўных спаборніцтваў»).
Асноўнай прычынай такіх жорсткіх рашэнняў сталі дамоўныя матчы ў мінулым першынстве і матчы, у якіх заможны «Шахцёр» матэрыяльна заахвочваў «энергетыкаў» і бабруйчан гуляць напоўніцу супраць турнірных канкурэнтаў салігорцаў. Апошняе ў футболе называецца «стымуляваннем», яно рэгламентам чэмпіянату забаронена.
Што варта ведаць і разумець
Дамоўныя матчы (так званыя «дагаварнякі») сталі сапраўднай хваробай беларускага футбола. У сучаснай гісторыі гэта далёка не першы выпадак.
У «мірныя часы», яшчэ да падзей 2020-га, такія махінацыі адбываліся ў 2015, 2016, 2017, 2018 гадах. Былі гучныя разбіральніцтвы, суды і дыскваліфікацыі. На пачатку стагоддзя фіксаваліся спробы подкупу на ўзроўні нацыянальнай зборнай, што ўвогуле за мяжой дабра і зла.
Аднак менавіта цяперашні скандал — самы буйны такога кшталту. Бо па яго выніках радыкальна перагледжаны паказчыкі мінулага чэмпінату, зрынуты яго пераможцы. Пра гэта напісалі нават замежныя медыя, якія звычайна амаль не звяртаюць увагі на футбол у Беларусі.
Так, «дагаварнякі» і іншая карупцыя здараюцца і ў іншых краінах, у тым ліку такіх дасведчаных, як Італія ці Іспанія. Наўпрост гэтай вясной пракуроры тузаюць славутую «Барселону» па падазрэнні ў фінансавых махінацыях. Занадта вялікія грошы круцяцца ў сусветным футболе, каб можна было прамінуць адпаведныя спакусы нагрэць рукі крымінальным чынам.
У беларускім футболе, праўда, астранамічных інвестыцый няма, але і галоўная адметнасць апошняга скандалу ў іншым.
Відавочна, што з мінулых разоў правільныя высновы не зроблены. Лёсы папярэднікаў, якіх сурова пакаралі, не ўразілі футбольны соцыум настолькі, каб не наступаць на тыя ж самыя граблі. Яны і наступілі — і да іх прыйшлі.
Таксама варта адзначыць, што галоўны фігурант сённяшняй справы — а гэта, безумоўна, «Шахцёр» — стаў ахвярай уласнай беспакаранасці. Колькі гадоў ужо клуб дакараюць у марнаванні дзяржаўных грошай (галоўны спонсар салігорцаў — «Беларуськалій»), але ўсё дарэмна.
Фірмовай схемай «гарнякоў» сталі масавыя трансферы замежных гульцоў, якія прыходзяць за вялікія грошы, вынікаў на полі не дэманструюць і потым ціха сыходзяць з каманды, саступаючы месца наступным партыям легіянераў. Ужо і спартыўныя медыя выкрывалі падазроную сутнасць гэтых аперацый, і канкрэтныя імёны-прозвішчы датычных называлі, і астранамічныя сумы ў валюце называлі… У мінулым годзе дайшло да таго, што «Шахцёр» наўпрост абвінавацілі ў наяўнасці «чорнай бухгалтэрыі».
Пах адкатаў, адмывання грошай і сыходу ад падаткаў тут даўно стаіць, устойлівы і рэзкі, але хай хоць смурод стаіць. Хто на яго зверне ўвагу, калі «Шахцёрам» асабіста кіруе генеральны дырэктар калійнага камбіната і па сумяшчальніцтве кум Віктара Лукашэнкі Іван Галаваты?
Зразумела, што і ў выпадку «дагаварнякоў» у Салігорску разлічвалі на ўплывовасць магутнага кіраўніка. Але, як бачым, рэсурсу ў Галаватага гэтым разам не хапіла. Прызначанае пакаранне ўжо дакладна выкрасліць салігорскую каманду з ліку фаварытаў вышэйшай лігі. А абмежаванасць фінансаў у падсанкцыйнага «Беларуськалія» да таго ж спараджае чуткі аб істотным скарачэнні спонсарскай дапамогі. Што ўвогуле ставіць пад сумнеў далейшы дабрабыт самага паспяховага футбольнага клуба Беларусі апошніх гадоў.
Але дзе тут палітыка?
Тыя, хто цяміць у расстаноўцы сіл у беларускім футболе, заўважылі, што пакаранне «Шахцёра» вельмі выгадна сталічнаму «Дынама». У сённяшняй рэчаіснасці салігорцы, бадай, адзіныя, хто мог бы скласці канкурэнцыю мінчанам у барацьбе за чэмпіёнства. «БАТЭ» ўжо не той, што раней, а астатнія ўдзельнікі вышэйшай лігі аб’ектыўна дынамаўцам не раўня.
«БАТЭ», дарэчы, не той у тым ліку таму, што пяцярым футбалістам каманды забараніла гуляць Мінспорта. І тут якраз палітыка і пачынаецца.
Тыя выканаўцы, нагадаем, удзельнічалі ў 2020 годзе ў запісе відэа супраць гвалту. Грамадзянскую пазіцыю тады заявілі дзясяткі гульцоў, праз што большасць потым зазналі ціск. Праз амаль тры гады ў чорным спісе засталося няшмат спартсменаў, але барысаўскіх там — болей, чым другіх. А сам «БАТЭ» ў выніку застаўся без лідараў і на золата фактычна не прэтэндуе.
Залішне казаць, што забарона на прафесію — справа супрацьзаконная, але беларускі рэжым пасля падзей 2020 года на закон асабліва не аглядваецца. Не звяртае на яго ўвагі і міністр спорту Сяргей Кавальчук, які, паводле наяўнай інфармацыі, асабіста курыруе спісы нядобранадзейных футбалістаў.
Гэты самы Кавальчук, як вядома, мае таксама «блаславенне» Лукашэнкі на тое, каб чэмпіёнам краіны ў 2023 годзе стала менавіта «Дынама». Дыктатар яму на людзях і пры тэлекамерах сказаў, не саромеючыся, што менавіта мінчане мусяць фінішаваць першымі. А гэта, лічы, загад, за невыкананне якога можна і партыйны білет на стол пакласці. Таму Кавальчук і шчыруе.
У адрозненне ад «БАТЭ», «Шахцёр» пашчасціла прыбраць са шляху да залатых медалёў на законных падставах. «Дагаварнякі» ўсё ж не жартачкі. Але калі ў мінулыя гады на футбольныя махінацыі ў Салігорску ўлады ахвотна закрывалі вочы, то цяпер раптам спахапіліся і хуценька прыцягнулі махляроў да адказнасці— і гэта выклікае пэўныя пытанні. Галоўнае з іх: ці не выбарчае гэта правасуддзе, якое ёсць разнавіднасцю беззаконня?
Але зноў жа: каму гэта цікава і каго гэта калі спыняла? Загад галоўнага футбаліста Беларусі трэба выканаць, і метады тут — справа дзясятая. Таму гісторыя з дамоўнымі матчамі — гэта не толькі пра карупцыю ў айчынным футболе, але і пра тое, як расчышчаецца дарога да чэмпіёнства.