Якія футбольныя клубы пазбаўлялі чэмпіёнства

У беларускім футболе чарговы скандал. Сілавікі са зброяй прыходзілі ў офіс салігорскага «Шахцёра», затрыманы былы спартыўны дырэктар клуба Уладзімір Нідэргаус, заведзена крымінальная справа.

football8.png


Каманду, якая тройчы запар выйгравала чэмпіёнскі тытул, падазраюць у спробе арганізаваць дамоўны матч. Праз гэта датычных чакае пакаранне не толькі паводле Крымінальнага кодэксу, але і ў юрысдыкцыі федэрацыі футбола. Наўпрост да таго, што могуць быць перагледжаныя вынікі апошняга чэмпіянату, і «Шахцёр» пазбавяць чэмпіёнства-2022.
Адразу спойлерым: на радыкальныя меры чыноўнікі федэрацыі (і Мінспорта, якое дэ-факта кіруе Домам футбола) наўрад ці вырашацца. Хутчэй за ўсё з клуба здымуць колькі ачкоў у залік наступнага сезона. Але салігорскі кейс дае нагоду прыгадаць ранейшыя выпадкі пазбаўлення каманд залатых медалёў. Такое здаралася неаднойчы, у тым ліку ў прагрэсіўных футбольных краінах.

Албанія: «Скендэбэў» нават выгналі з еўракубкаў



skenderbeu.jpg


Улетку 2014 года з гэтай камандай у Лізе чэмпіёнаў сустракаўся барысаўскі БАТЭ. З цяжкасцю — за кошт гола на чужым полі — беларусы перамаглі, а хлопцы з албанскага горада Корча яшчэ не ведалі, які маляўнічы капец падкрадаецца да іх клуба.
Капец прыйшоў, не павітаўшыся, у 2016 годзе. Раптам выявілася, што «Скендэрбэў» сістэмна арганізуе дамоўныя матчы з уласным удзелам. Для недасведчаных: так званыя «дагаварнякі» — ледзьве не самае цяжкае злачынства ў футболе. Калі б у гэтай гульні існавалі свае дзесяць запаведзяў, то «не ўдзельнічай у дамоўных матчах» была б адной з самых важных. Ёсць меркаванне, што тыя, хто гэты канон парушыў, пасля смерці трапляюць у омскі «Газмяс».
Калі сур'ёзна, то галоўнай ахвярай «дагаварнякоў» з’яўляюцца заўзятары — людзі, дзеля якіх футбалісты гуляюць і дзякуючы якім спорт наогул існуе. І вось гэтыя гледачы сядзяць на трыбунах, купіўшы квіток, марнуюць нервовыя клеткі, перажываюць за ўлюбёную каманду — і не падазраюць, якія яны насамрэч лохі. Бо каманда тая лепіць гарбатага на полі, гуляючы паводле загадзя спланаванага сцэнара.
Вось гэта самае і рабіў «Скендэрбеў». На той момант лепшы клуб Албаніі, які выйграў шэсць чэмпіянатаў запар. Флагман, так бы мовіць.
У выніку флагман патапілі. Мясцовая федэрацыя пазбавіла клуб апошняга золата вышэйшай лігі — сезону-2015/16. А ў дадатак да ўсяго чорная метка прыйшла з УЕФА — каманду з Корчы пазбавілі права ўдзельнічаць у еўракубках на дзесяць гадоў. Такая анафема ўдарыла па «Скендэрбэў» з накаўтычнай сілай. Ён больш не перамагаў у чэмпіянаце, з кожным годам выступаў усё горай, пакуль у розыгрышы-2021/22 увогуле не вылецеў у другі дывізіён. Дзе зараз і боўтаецца.

Кітай: «Шанхаю Шэньхуа» «прыляцела» праз дзесяць гадоў



shanhai.jpg


У 2003 годзе чэмпіёнам Кітая стаў клуб «Шанхай Шэньхуа». І ўсё было добра — святкавалі-радаваліся, прымалі віншаванні. Аднак мараль гэтай гісторыі аказалася ў тым, што ўсё таемнае з часам становіцца яўным.Праз шмат гадоў кітайскія праваахоўнікі вырашылі праверыць футбол на карупцыю. І пачалі капаць. Гэтак і дакапаліся да таго, што высветлілі: у тым самым 2003 годзе ў прынцыповым шанхайскім дэрбі на баку «Шэньхуа» (і супраць суперніка «Шанхай СІПГ») гуляў падкуплены суддзя. Дзякуючы яму будучы чэмпіён перамог з лікам 4:1. Потым былі даказаныя і іншыя аналагічныя выпадкі з боку функцыянераў бядовага клуба, што паставіла пытанне рубам: вінаватых трэба пакараць.
Ішоў ужо 2013 год — усе тэрміны даўніны мінулі. Але ж пакінуць за «Шанхаем Шэньхуа» чэмпіёнскае званне кітайская федэрацыя не магла. Бо не па фэньшую гэта. То і адабрала тытул.

Францыя: Тапі патапіў марсэльскі «Алімпік»



marsel.jpeg


На стыку 80-х і 90-х гадоў мінулага стагоддзя ў французскім футболе суцэльна дамінаваў «Алімпік» з Марсэля. Яму шчасціла найперш праз буйныя асігнаванні, якія накіроўваў на каманду новы ўласнік — бізнесовец Бернар Тапі. Ён набыў клуб у 1986-м і марыў зрабіць яго мацнейшым не толькі ў Францыі, а і ў Еўропе.
Уласна кажучы, гэта ў яго атрымалася. З 1989-га па 1993 год марсэльцы станавіліся чэмпіёнамі краіны, а ў тым жа 1993-м каманда з горада Эдмона Дантэса заадно выйграла Лігу чэмпіёнаў. Вось яно, шчасце? Так, аднак было яно нядоўгім. Казачную гісторыю пераўтварыў у катастрофу скандал з подкупам супернікаў.
За чатыры дні да фіналу Лігі чэмпіёнаў «Алімпік» праводзіў шараговую гульню чэмпіянату Францыі з «Валансьенам». Як выявілася пазней, кіраўніцтва марсэльцаў перад гістарычным двубоем у ЛЧ так хацела пазбегнуць траўматызму сярод сваіх футбалістаў, што вырашыла даць хабар чужым. Каб тыя не надта шчыравалі на полі і паспрыялі перамозе «Алімпіка». Некалькі гульцоў «Валансьена» пагадзіліся, узялі грошы. Адзін адмовіўся — а пазней не вытрымаў, і пра ўсё расказаў трэнеру. Ну і панеслася.
Чэмпіёнам Марсэль тады стаў, але пазней быў пазбаўлены трафея. У дадатак каманду адправілі ў другі дывізіён — падумаць аб сваіх паводзінах. Гаспадара клуба Тапі пасадзілі на восем месяцаў за карупцыю і выкінулі з футбола праз дыскваліфікацыю. У 1994 годзе эксцэнтрычны прадпрымальнік пазбавіўся «Алімпіка», пазней спрабаваў сябе ў палітыцы, у ролі акцёра і спевака, а ў кастрычніку 2021-га памёр ва ўзросце 78 гадоў.
«Алімпік» паспяхова перажыў ліхія часы і пераадолеў цяжкасці. Аператыўна вярнуўся з другога дывізіёна ў мацнейшы. Стаў перамагаць. У 2010-м зноў выйграў першынства Францыі. У махінацыях больш заўважаны не быў.

Італія: жорстка нахілілі «Старую сіньёру»



modzi.jpg


Бадай, найбольш вядомы і самы скандальны выпадак футбольнай карупцыі, пра які чулі больш-менш усе, хто рэгулярна мые вушы. Гэтую гісторыю называюць Кальчаполі — ад слова «кальчо», як у Італіі завуць футбол. Альбо Моджыгейт — ад прозвішча тагачаснага генеральнага дырэктара турынскага «Ювентуса» Лучана Моджы, галоўнага фігуранта гучнай справы. А агулам гэты сюжэт падышоў бы да неблагога фільма пра традыцыі і норавы славутай сіцылійскай мафіі.
Зрэшты, мы не ў кіно, дый у падрабязнасцях згадваць тыя падзеі будзе занадта энергазатратна. Сусветная прэса пісала пра Моджыгейт некалькі месяцаў, адкрываючы ўсё новыя факты. Крымінальная справа ўрэшце разраслася да тысяч старонак, у ёй фігуравалі дзясяткі прозвішчаў і шмат футбольных клубаў.
Таму коратка.
Усё пачалося ў 2006 годзе, калі аўтарытэтная выданне «Gazzetta dello Sport» выпусціла матэрыял, ад якога ўздрыгнуў увесь італьянскі футбол. Журналісты апублікавалі звесткі, паводле якіх кіраўнік «Ювентуса» Лучана Моджы дамаўляўся з калегіяй рэферы, каб на гульні «Старой сіньёры» (нефармальны «псеўданім» турынскага клуба) прызначаліся патрэбныя суддзі.
Федэрацыя футбола Італіі адразу распачала расследаванне, неўзабаве падключыліся праваахоўныя органы, і хутка стала ясна, які шкілет схаваны ў шафе кальча.
Выявілася, што адразу некалькі клубаў — акрамя «Юве», уляпаліся «Мілан», «Фіарэнтына» з Фларэнцыі, рымскі «Лацыа» і «Рэджына» з Рэджа-да-Калабрыі — спляліся ў злачынны спрут, з дапамогай якога дасягалі патрэбных вынікаў у матчах. Там былі і змовы з суддзямі, і нейкія дамоўленасці паміж самімі ўдзельнікамі суполкі. Пра цёмныя справы Моджы і К стала канчаткова ўсё ясна пасля таго, як паліцыя атрымала запісы тэлефонных размоваў футбольных «мафіёзі».
Потым былі разбіральніцтвы, суды, скаргі на прысуды… У выніку з клубаў знялі пэўную колькасць ачкоў, некаторым забаранілі ўдзельнічаць у еўракубках, прымусілі гуляць без заўзятараў на стадыёне, прызначылі штрафы… Найбольш жорстка пакаралі «Ювентус», як клуб-завадатар. «Старую сіньёру» пазбавілі двух скудэта (чэмпіёнскіх тытулаў) — 2005 і 2006 гадоў, і адправілі на перавыхаванне ў другі дывізіён.
Што да самога Моджы, то яго некалькі гадоў цягалі па судах. Спачатку менеджару прысудзілі пяць гадоў і чатыры месяцы зняволення, пасля апеляцыі скарацілі тэрмін да двух гадоў і чатырох месяцаў.

yuventus.jpg


«Ювентус» у серыі «B» не затрымаўся — адразу выйграў чэмпіянат і вярнуўся ў элітны дывізіён. Пасля Моджыгейта турынцы дзевяць разоў станавіліся чэмпіёнамі Італіі. Праўда, зараз клуб зноў трасуць — ужо за фінансавыя махінацыі і адмыванне грошай. Кіраўніцтва сышло ў адстаўку, з каманды знялі 15 ачкоў… Але гэта ўжо зусім іншая гісторыя.