Нічога незвычайнага. Новым кіраўніком беларускага футбола стане гіравік з сельскагаспадарчым мінулым

У беларускім футболе наспяваюць перамены. Добрая навіна: нацыянальнай футбольнай федэрацыяй больш не будзе кіраваць палкоўнік-артылерыст. Дрэнная навіна: яму наўзамен прыйдзе майстар па падняцці пудовых гір з вялікім досведам у жывёлагадоўлі. Нічога незвычайнага: сыходзіць шыла — прыходзіць мыла.

_belarus_sport_futbol_2022_fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__18__logo_1.jpg


Артылерыст — гэта, вядома, Уладзімір Базанаў. Беларускую федэрацыю футбола ён узначаліў у 2019 годзе і за чатыры гады не разбурыў толькі тое, да чаго не паспеў дацягнуцца.

Гэта, канешне, перабольшванне, бо футбол у краіне імкліва дэградуе ўжо шмат гадоў і нават геній кіравання з гэтым снежным камяком нічога не зробіць. Але факт застаецца фактам: так млява і няўдала, як апошнім часам, беларусы не гулялі ніколі.

Куды ні кінь — усюды паражэнні. Зборная правальвае адзін адборачны турнір за другім. Клубы вылятаюць ужо ў першых раўндах еўракубкавых кваліфікацый. Ніводнай зоркі хаця б сярэднееўрапейскага ўзроўню Беларусь не мае. Гледачоў на трыбунах стадыёнаў моцна бракуе.

Карацей, пацыент хутчэй мёртвы, чым жывы. І адчайна патрабуе дэфібрылятара. На чале федэрацыі ў гэтым сэнсе больш пасаваў бы чалавек з медыцыны, але наверсе абралі іншы шлях.

Новы старшыня БФФ — 62-гадовы Мікалай Шарснёў. Суцэльны дзяржаўны службовец, пікам лукашэнкаўскай кар’еры якога былі сем гадоў (2014—2021) на пасадзе кіраўніка Віцебскай вобласці. Пасля сыходу корпаўся на нейкай сінекуры ў Акадэміі навук і вось — дачакаўся «пераводу ў спорт».

22 сакавіка ён афіцыйна прыме паўнамоцтвы правадыра беларускага футбола. Фармальна будзе абраны на справаздачна-выбарчай канферэнцыі, але нават дзеці ў школах спартыўнага рэзерву ведаюць, што кіраўнікоў федэрацый у Беларусі дэ-факта прызначаюць на ўзроўні Лукашэнкі і ніяк не ніжэйшым.

Да свайго «губернатарства» на Віцебшчыне Шарснёў працаваў у сельскай гаспадарцы. Паводле першай вышэйшай адукацыі ён заатэхнік — скончыў Віцебскую ветэрынарную акадэмію. Яшчэ пра СССР працаваў у калгасах з характэрнымі назвамі «Ленінскі шлях» і «Сцяг перамогі». Ужо ў часы незалежнасці перамагаў на «Дажынках» і займеў вялікі досвед у птушкагадоўлі. Пакручасты, што і казаць, быў шлях да крэсла кіраўніка футбольнай федэрацыі.

Сувязь са спортам у Шарснёва ёсць, але досыць спецыфічная. Ён захапляецца жымам штангі лежачы і падняццем гір. Паважаныя, безумоўна, дысцыпліны, але ў якасці хобі бессэнсоўны дадатак да футбола. А футбол не «Дажынкі», і ў сённяшніх інтэрв’ю прапагандысцкім СМІ гіравік-ветэран гэтага не адмаўляе. Ён шчыра прызнаўся, што называць яго «экспертам, які дасканальна разбіраецца ў футболе, не зусім правільна». І гэта таксама шмат што тлумачыць: у лукашэнкаўскай сістэме неабавязкова быць спецыялістам — больш выгадна быць лаялістам. І тады кар’ера дакладна пабудуецца.

З шарснёўскага папярэдніка, дарэчы, лаяліст атрымаўся выдатны. Палкоўнік Базанаў гераічна вынес на сваіх шырокіх плячах усе выклікі 2020 года. Выразна падтрымаў Лукашэнку пасля фальсіфікацыі выбараў і падчас масавых пратэстаў. Як піянер удзельнічаў у публічных праўладных мерапрыемствах, у тым ліку ў таемнай інаўгурацыі. З імпэтам былога вайскоўца змагаўся з іншадумствам, рэпрэсаваў футбалістаў, вычышчаў з сістэмы ўсіх непажаданых.

Фота: pressball.by

Фота: pressball.by


Імаверна, праз такую ідэйную адданасць яго не адправяць на пенсію, хаця паводле ўзросту (65 гадоў) ужо самы час. Абазнаныя людзі кажуць, што «артылерысту» знайшлі новы «агнявы пункт» — ролю ледзьве не намесніка старшыні БФФ. Відаць, па ідэалагічнай працы, тут папярэдні досвед прыдасца.

Такія вось стратэгічныя пературбацыі чакаюцца ў беларускім футболе, і варта сказаць, што нейкім (і ніякім) дзівам яны не з’яўляюцца. Ужо шмат напісана пра тое, што звычайным розумам логіку кадравых прызначэнняў у лукашэнкаўскім спорце спасцігнуць нельга. Гандбаліст тут кіруе федэрацыяй тэніса. Вясляр — федэрацыяй хакея. Валейболам — генерал і экс-міністр па надзвычайных сітуацыях. Нацыянальным алімпійскім камітэтам — старэйшы сын Лукашэнкі. І гэтак далей — наўпрост да федэрацыі шахмат, якую ўзначальвае начальнік аддзела кадраў кампаніі «Белавія». Ці ўмее ён хадзіць е2 — е4 і ці ўвогуле адрознівае шахматы ад шашак, невядома.

Зрэшты, логіка спартыўных прызначэнняў у Беларусі менавіта такая, што шавец можа быць цалкам без ботаў. Галоўнае, каб быў «крэпкім хазяйсцвеннікам» з дастатковай наменклатурнай вагой.

Лічыцца, што ўласна спартыўнымі пытаннямі могуць займацца прафесіяналы, а вось генеральная лінія, фінансы, кантроль і «гасударава вока» — гэта ўжо епархія выключна прызначаных «дзяржаўнікаў». Ну і яшчэ спартыўная федэрацыя — гэта ўтульная цёплая ванна для тых, хто вертыкалі больш не патрэбны, а старасць хоча сустрэць пры заробку і партфелі. Выпускнік ветэрынарнай акадэміі Шарснёў якраз з такіх.

Дарэчы, паводле чутак, на ролю старшыні БФФ нейкі час таму разглядалі дырэктара Цэнтра коннага спорту ў Ратамцы. Дык у сеціве жартавалі, што «конюх» на чале беларускага футбола — не самая благая партыя.

_belarus_sport_futbol_2022_fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__22__logo_1.jpg


Насамрэч, яно сапраўды няважна, хто будзе надзьмуваць шчокі ў галоўным кіруючым крэсле футбольнай федэрацыі. Усё роўна нічога не зменіцца. І ўсе гэта цудоўна разумеюць.

Як прайгравалі беларускія футбалісты, так і працягнуць прайграваць. Як выляталі з еўракубкаў, так і надалей будуць. Як выціскалі з прафесіі годных гульцоў, так і будуць выціскаць.

Пасля 2020 года ў дасведчаных спецыялістаў існуе поўнае разуменне, што пры ўладзе Лукашэнкі айчынны спорт чакае толькі адна будучыня — далейшая дэградацыя і няўхільны заняпад. Перыяд позняй, састарэлай, сыходзячай у нябыт дыктатуры іншых сцэнароў проста не прадугледжвае. І гэта тычыцца не толькі спорту.