1018-ты дзень вайны. Расія нанесла ракетны ўдар па Канатопе

Сабралі апошнія звесткі з франтоў расійска-украінскай вайны, якую развязаў Крэмль пры падтрымцы рэжыму Лукашэнкі.

Фота УСУ

Фота УСУ

Сілы абароны Украіны працягваюць даваць адпор расійскім акупантам. На Пакроўскім і Курахоўскім напрамках, а таксама ў Курскай вобласці працягваюцца жорсткія баі, паведамляе Генеральны штабУСУ.

Адзначаецца, што 6 снежня па стане на 22:00 адбылося 163 баявыя сутыкненні. Акупанты нанеслі два ракетныя і сем авіяцыйных удараў. Акрамя гэтага расійцы нанеслі 512 удараў дронамі-камікадзэ і здзейснілі 3270 абстрэлаў украінскіх пазіцый.

Каля Ваўчанска, Ціхага і ў напрамку высокай Яругі і Казачай Лапані на Харкаўскім напрамку акупанты пяць разоў штурмавалі пазіцыі ўкраінскі байцоў, але атрымалі адпор. У Генштабе заявілі, што арыенціровачныя страты ворага на гэтым кірунку склалі 87 чалавек забітымі і параненымі. Акрамя таго, былі знішчаны артсістэма, чатыры баявыя браняваныя машыны, 17 дронаў, а таксама тры адзінкі аўтамабільнай і адна адзінка спецыяльнай тэхнікі.

У ведамстве падзяліліся, што на Купянскім кірунку паблізу Калеснікоўкі, Лазавой, Загрызава і Заходняга захопнікі дзевяць разоў атакавалі ўмацаванні ўкраінскіх вайскоўцаў.

На Ліманскім кірунку РФ за мінулыя суткі 14 разоў штурмавала пазіцыі ўкраінскіх абаронцаў. Усе атакі ўдалося адбіць.

Каля Белай Гары і Ступачак акупанты тройчы паспрабавалі рушыць наперад на Краматорскім кірунку, але беспаспяхова.

На Тарэцкім кірунку расійцы 6 снежня восем разоў штурмавалі пазіцыі ўкраінскіх байцоў у раёнах Тарэцка, Дыліеўкі і Шчарбінаўкі. Атакі адбітыя.

На Пакроўскім кірунку расійцы здзейснілі 44 штурмавыя і наступальныя дзеянні. Найбольшая актыўнасць расійцаў захоўваецца ў раёнах Міралюбоўкі, Луча, Лісоўкі, Жоўтага і Чумацкага. На гэтым кірунку былі забітыя 107 расійскіх салдат, а яшчэ 172 акупанты атрымалі раненні. Таксама былі знішчаныя варожы БМП, пяць аўтамабіляў, два квадрацыкла, антэна кіравання БПЛА і матацыкл.

На Курахоўскім кірунку за 6 снежня адбылося 35 атак. Акрамя гэтага, акупанты спрабавалі прасунуцца ў раёнах Старых Церняў, Віднага, Сонцаўкі, Курахова, Дачнага і Далёкага.

На Крэмаўскім кірунку за суткі акупанты 20 разоў атакавалі каля Успенаўкі, Канстанцінопальскага, Раздольнага, Новадараўкі і Навасёлкі.

На Арэхаўскім кірунку інтэрвенты беспаспяхова спрабавалі рушыць наперад. Яны нанеслі авіяцыйныя ўдары КАБамі па грамадзянскай інфраструктуры Новапаўлаўкі і Запарожжа.

На Прыдняпроўскім кірунку Сілам абароны Украіны ўдалося адбіць тры атакі акупантаў. Адзначаецца, што вораг поспеху не меў.

У Курскай вобласці ідуць жорсткія баі. Украінскія байцы наносяць адчувальныя страты расійскай арміі, падкрэслілі ў Генштабе.


Глядзіце таксама

Расійскія войскі працягваюць наступ на ўсходзе Украіны. Як паведамляе ўкраінскі маніторынгавы праект DeepState, расійская армія прасунулася каля некалькіх населеных пунктаў. У прыватнасці, гаворка ідзе пра Наватроіцк, Шаўчэнкі, Далёкае, а таксама Навааленаўку. Акрамя таго, у расійцаў ёсць поспехі каля горада Тарэцк.

Нагадаем, напярэдадні, 6 снежня, аналітыкі DeepState паведамлялі, што расійскія войскі акупавалі Навапусцінку, якая знаходзіцца непадалёк Наватроіцкага на Пакроўскім кірунку фронту. А на Курахоўскім кірунку захопнікі акупавалі населеныя пункты Старыя Церны, Ільінку, Навадзмітрыроўку.

Як заявіў вайсковец 109-га батальёна УСУ Ягор Фірсаў, цяпер у Данецкай вобласці самымі гарачымі кропкамі з'яўляюцца Часаў Яр, Мірнаград, Пакроўск, Курахава і Тарэцк.

Паводле яго слоў, на іх участку фронту складана, «вораг прэсінгуе, прымяняе зброю, абыходзіць з розных бакоў, спрабуючы выйсці з нашага боку на Канстанцінаўку праз Тарэцк»: «А з іншага боку праціўнік рухаецца праз Часаў Яр таксама на Канстанцінаўку. Непадалёк ад Пакроўска, дзе мы перакрываем нашымі дронамі пэўныя трасы, і фіксуем, што акупанты там назапашваюць свае сілы. Гэта значыць, цяпер захопнік плануе максімальна ажыццяўляць атакі на Пакроўск. Баі працягваюцца пад пгт Шаўчэнкі, а гэта вельмі блізка ад Пакроўска. А далей Курахова, дзе мы ведаем, што там таксама складаная сітуацыя».


Глядзіце таксама

Марскія беспілотнікі ВМС УСУ нанеслі ўдары па расійскіх цэлях, якія знаходзіліся ля ўзбярэжжа часова акупаванага Крыма. Пра гэта паведамляе тэлеграм-канал Ваенна-марскіх сіл УСУ.

Падчас атакі ўдалося знішчыць сістэмы назірання расійцаў, якія яны размясцілі на раней захопленых газавых платформах.

«Паляванне на ворага ў Чорным моры працягваецца. Акупанты не застануцца на нашай тэрыторыі — дастанем іх усюды», — заявіў камандуючы ВМС УСУ Аляксей Неіжпапа.

Раней паведамлялася, што марскія дроны нанеслі ўдары па часова акупаванай Керчы на тэрыторыі Крыма. Паведамлялася аб выбухах у раёне суднабудаўнічага прадпрыемства «Затока». З-за атакі расійцам прыйшлося перакрыць Крымскі мост.

Пазней палкоўнік УСУ ў запасе Раман Світан распавёў, што для знішчэння Крымскага моста трэба задзейнічаць не менш за тры розныя тыпы зброі — балістычныя ракеты ATACMS, крылатыя ракеты і беспілотныя катэры.


Глядзіце таксама

У Данецкай вобласці ўкраінскія вайскоўцы для таго, каб вызваліць кварталы Тарэцка, якія ўтрымлівае РФ, узрываюць цэлыя шматпавярхоўкі, спадзеючыся знішчыць акупантаў, якія ў іх хаваюцца, піша Forbes.

Верагодна, на гэтым тыдні, украінскія нацгвардзейцы з 1-га атрада «Амега» адправіліся да шматпавярхоўкі, якую ўтрымліваюць расійцы, у цэнтры Тарэцка. Падчас таго, як кулямётчык на даху іх браняванай машыны страляў з буйнакалібернага кулямёта, вайскоўцы, якія сядзелі ззаду, дасталі з машыны выбуховыя зарады і кінулі іх у адтуліну сцены будынка, пасля чаго хутка заскочылі назад у бронемашыну.

Пасля гэтага машына паехала з месца, а праз некалькі секунд зарады здэтанавалі, выбіўшы вокны на некалькіх паверхах будынка.

У той жа час адзін з аналітыкаў адзначыў заканамернасць украінскіх удараў па расійскіх пазіцыях у цэнтральным раёне Тарэцка. Падчас удараў былі бачныя прыкметы блізкага бою, што сведчыць пра тое, што ўкраінцы сумяшчалі свае абстрэлы з пяхотнымі нападамі. Пасля штурмаў абстрэлы сціхлі, гэта азначае, што ўкраінскія вайскоўцы выціснулі расійскіх захопнікаў, піша Forbes.

«Зраўнаваць горад з зямлёй, каб выратаваць яго, на першы погляд, абсурдная тактыка. Але альтэрнатывай для ўкраінскіх брыгад у гэтым сектары з'яўляецца здача рэшткаў Тарэцка расійцам і адступленне да наступнага бліжэйшага населенага пункта», — аналізуюць у выданні.


Глядзіце таксама

Раніцай 7 снежня расійскія акупацыйныя войскі атакавалі Канатоп Сумскай вобласці. У населеным пункце каля 06:17 прагучалі выбухі. Мэр горада Арцём Семяніхін паведаміў, што краіна-агрэсар запусціла балістыку з часова акупаванага Крыма.

«Гэтая балістыка з Крыма. Такі дастае да нас. Дарэчы, пуск адбыўся з Перакопскага Пярэсмыка. Напэўна таму і дацягнуліся да нас», — напісаў гарадскі галава.

Інфармацыя аб наступствах атакі адрозніваецца. У Сумскай абласной ваеннай адміністрацыі заявілі, што акупанты атакавалі інфраструктуру горада. Як адзначаецца, канчатковыя наступствы яшчэ ўстанаўліваюцца, але на месцы ўжо працуюць усе неабходныя службы.

Аднак Семяніхін ўсё абверг, падкрэсліваючы, што разбурэнняў або пашкоджанняў няма, а таму ліквідацыі з прыцягненнем спецыяльных і экстраных службаў не вядуцца і не вяліся.


Глядзіце таксама

Галоўнакамандуючы УСУ Аляксандр Сырскі заявіў, што камандаванне Сіл абароны старанна рыхтавалася да правядзення аперацыі ў Курскай вобласці. У прыватнасці, генералы ўлічвалі вопыт папярэдніх наступаў на фронце.

«Мы пралічвалі розныя варыянты развіцця падзей. Было ў нас мінімальнае і максімальнае заданне. Вядома, мы ўлічылі вопыт вядзення Харкаўскай аперацыі (у 2022 годзе). Гэта не перабольшанне, мы сапраўды ўлічвалі гэты досвед, з улікам таго, што і мясцовасць была падобная», — адзначыў генерал у дакументальным фільме пра Курскую аперацыю, які транслявалі ў эфіры тэлемарафона.

Паводле слоў Сырскага, за двое сутак перад наступальнымі дзеяннямі ён аб'ездзіў усе падраздзяленні, растлумачыў мэты і пажадаў украінскім абаронцам поспеху. Ён дадаў, што перад пачаткам атакі матываванасць асабістага складу была вельмі высокай.

Як распавёў галоўнакамандуючы, расійцы старанна рыхтавалі сваю тэрыторыю да абароны. Так, на Куршчыне была магутная абарончая лінія, уключаючы мінныя палі рознай канфігурацыі.

«І галоўнае на асноўных напрамках, даступных для наступу нашых войскаў, былі ўладкованыя добра падрыхтаваныя абарончыя збудаванні», падзяліўся Сырскі.