Алег Латышонак: Вайна пачалася! Ярузельскі абвясціў вайну народу!

32 гады таму камуністычныя ўлады Польшчы ўвялі вайсковае становішча. Уначы з 12 на 13 снежня 1981 года адбыліся масавыя арышты сябраў прафсаюза “Салідарнасць”. У час вайсковага становішча ў турмах сядзелі тысячы апазіцыянераў, дзясяткі асобаў загінулі. 



latyshonak_alieg1.jpg

Алег Латышонак

Пра пачатак вайсковага становішча і васьмімесячны тэрмін у турме з распавёў  “Радыё Рацыі” гісторык і ветэран “Салідарнасці” Алег Латышонак.

Алег ЛатышонакПрыбеглі мая сястра і сяброўка і крычаць, генерал па тэлевізары выступае: “Вайна пачалася! Ярузельскі абвясціў вайну народу!”. Пасля пабег да сябра з “Салідарнасці”, мы рушылі пад сядзібу ўлады рэгіёна. Кіраўніцтва наша арыштавалі ўначы, а я быў шараговы сябар “Салідарнасці”. Так што для нас гэта быў страшэнны ўдар.

РР: Калі вас арыштавалі?

Алег ЛатышонакМяне арыштавалі 28 красавіка — гэта была вялікая хваля арыштаў. У першую чаргу гэта было звязана з выдаўніцтвам і распаўсюдам падпольных бюлетэняў. Можна сказаць, што намі запхалі турму, у кожнай камеры сядзеў нехта са знаёмых або сяброў.

РР: Чым вы займаліся на працягу васьмі месяцаў?

Алег ЛатышонакНе было так кепска, бо былі кнігі, некаторыя нават не дрэнныя, бо ў бібліятэцы турмы мой сябар знайшоў кнігу, якую доўга шукаў на свабодзе і не мог знайсці. Пасля нам прынеслі кнігі з хаты. Вывучалі мовы, трэніраваліся. З турмы я выйшаў нашмат мацнейшы, чым быў да яе.

РР: Як вайсковае становішча адчувалася на Падляшшы?

Алег ЛатышонакГэта залежыць, бо трэба падзяляць. Інакш сябе паводзіла большасць беларусаў, бо яны ў цэлым не падтрымлівалі “Салідарнасці” ў цэлым, канешне, не ўсе. Як грамадства беларусы падчас вайсковага становішча адчулі псіхічную палёгку, бо “Салідарнасць” была польская патрыятычная, а беларусы звычайна баяцца пад’ёму патрыятызму палякаў.

Пры гэтым Служба бяспекі распаўсюджвала звесткі, што палякі рыхтуюцца на беларусаў — людзей спецыяльна запалохвалі. Для большасці, не толькі для палякаў, але і для большай часткі беларусаў вайсковае становішча было шокам, з’явілася пачуццё безнадзейнасці. Трэба прыгадаць, якая суровая зіма была, як было страшна. Спрабуеш нешта зрабіць, і бачыш, што не атрымліваецца. Мы наладзілі выхад бюлетэняў — гэта быў вялікі поспех. Зрабілі мы вельмі хутка, бо яшчэ за снежань паспелі гэта зрабіць, але за гэты поспех і расплачваліся. Усё гэта рабілася хутка, без адпаведнай канспірацыі, таму нас хутка злавілі. Быў лозунг: “Зіма ваша — вясна наша!”, але было зразумела, што на вясну ўжо нічога не будзе. 

РР: Як вайсковае становішча паўплывала на сем’і інтэрнаваных?

Алег ЛатышонакМагчыма, што сем’і пацярпелі больш за нас. Мы былі маладымі, нас несла нейкая вера, а бацькі памяталі горшыя часы, баяліся за нас, што мы змарнуем гады ў гэтых турмах. За імі бесперастанна сачылі, улада хацела ведаць, як паводзяць сябе сем’і. Я магу сказаць, што мая маці пацярпела, бо яна перажыла засмучэнне нервовай сістэмы і ўжо не вярнулася да працу.

Вайсковае становішча ў Польшчы было адменена 22 ліпеня 1983 года, яно доўжылася паўтара года. За гэты час каля 10 тысяч чалавек былі арыштаваныя.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя