Алімпіяда ў Рыа. Дзень дванаццаты

Дванаццаты дзень Алімпійскіх гульняў у Рыа расчараваў беларускіх заўзятараў. Адна з галоўных надзей зборнай — Аліна Талай не здолела кваліфікавацца ў фінал.

olymp9_1.jpg

Катастрофа Аліны Талай

Няўдачай скончыўся выступ беларускі Аліны Талай у паўфінале забегу на 100 метраў з бар’ерамі. Пасля не самага кепскага старта Аліна ўпэўнена йшла да таго, каб увайсці ў запаветную чацвёрку для кваліфікацыі ў фінал, але на апошнім, восьмым, бар’еры яна зачапіла нагой перашкоду. У выніку збітага тэмпу яна фінішавала апошняй з вынікам 13,66. Пасля забегу Талай, апусціўшы галаву, вельмі хутка пакінула стадыён.

Але ў беларускай інтэрнэт-прасторы распачалася акцыя падтрымкі выбітнай спартсменкі, якая раней вызначалася актыўнай падтрымкай роднай мовы і гісторыі сваёй краіны.

Нашы працягваюць бегчы

Упэўнена выйшла ў паўфінал у забегу на 800 метраў чэмпіёнка свету з Беларусі Марына Арзамасава. Пры гэтым яна паказала час 1: 58,44 — асабісты рэкорд сезона. Паўфіналы пройдуць у пятніцу.

olymp7.jpg

Яе калега па зборнай Юлія Кароль у сваім забегу заняла пятае месца, пры гэтым таксама з асабістым рэкордам (02:01,09). Але, на жаль, для паўфіналу гэтага аказалася мала.

Няўдача «пана» Файдэка

У спаборніцтвах сярод малатабойцаў было горача. Увага беларускіх заўзятараў была прыцягнута да выступлення Івана Ціхана, які даўно спаборнічае з польскімі спартсменамі за лідэрства ў гэтым відзе спорта.

olymp8.jpg

Сюрпрыз для польскай зборнай здарыўся з яе лідэрам – чэмпіёнам свету Павелам Файдэкам, які праваліў кваліфікацыю і ўзяў толькі 72 метры (хоць для яго не рэдкасць і дыстанцыя ў 80 метраў). Пры гэтым раней Файдэк адзначаўся зневажальнымі заявамі на адрас Ціхана.

olymp6.jpg

У выніковай класіфікацыі Ціхана абышоў толькі іншы паляк — Войцэх Навіцкі. Акрамя Івана у фінал таксама прайшоў Сяргей Каламоец з вынікам 74,29 метра (8-е месца). Трэці прадстаўнік Беларусі — Павел Барэйша застаўся на крыўдным 13-м месцы. Заўзець за нашых малатабойцаў будзем у гэтую пятніцу.

Ці было рабаванне?

У мужчынскай зборнай ЗША па плаванні ўзніклі нечаканыя праблемы: яе чальцам Гунару Бэнца, Джэку Конгеру, а таксама Раяну Лохтэ і Джэймсу Фейгену забаранілі пакідаць Бразілію. Прадстаўнікі бразільскіх уладаў патлумачылі гэта тым, што заявы плаўцоў аб тым, што яны з’яўляюцца ахвярамі рабавання, што нібыта адбылося ў мінулую нядзелю, не адпавядаюць рэчаіснасці.

Адзін з плыўцоў — Раян Лохтэ — паведаміў раней, што на іх напалі, калі яны вярталіся ў алімпійскую вёску з вечарынкі у Французскім алімпійскім доме. Іх таксі спынілі людзі, якія выдавалі сябе за афіцэраў паліцыі, пасля чаго адзін з іх прыставіў да галавы Лохтэ пісталет і забраў яго грошы і асабістыя рэчы.

Але бразільская паліцыя паведаміла, што паказанні плыўцоў не супадаюць паміж сабой, а таксама не пацвярджаюцца дадзенымі камер відэаназірання. Сам Раян Лохтэ ўжо паспеў пакінуць Бразілію, паколькі забарона яго выезда выйшла тады, калі яго самалёт ужо скіроўваўся ў ЗША.

Самы быстры гол і непераможныя кенійцы

Бразілія ўпэўнена перамагла Гандурас з лікам 6:0 у паўфінальным матчы алімпійскага турніру. Матч стаў адметным не толькі праз высокую колькасць забітых мячоў, але і тым, што бразільскі футбаліст Неймар здолеў забіць самы хуткі гол на спаборніцтвах. Ужо на 14 секундзе ён перайграў брамніка з Гандураса і вывеў сваю зборную наперад. У матчы Неймар яшчэ двойчы асіставаў сваім калегам пры забіцці галоў. Цяпер у фінале Бразілію чакае сустрэча са зборнай Германіі.

olymp5.jpg

Прадстаўнік Кеніі Кансэслус Кіпрута ўпэўнена перамог у мужчынскім фінале з перашкодамі на 3000 м, забяспечваючы сваёй радзіме дамінаванне ў гэтым відзе спаборніцтваў на Алімпійскіх гульняў ажна з 1984 года.

olymp4.jpg

Японка Каоры Іцё стала першай жанчынай, якая выйграла залаты медаль у індывідуальных спаборніцтвах па дужанні на чатырох асобных Алімпійскіх гульнях. Шэраг яе перамог пачаўся яшчэ ў Афінах у 2004 годзе.



olymp2.jpg

Ямайка і ЗША: абагнаць усіх

Прадстаўніца Ямайкі Элейн Томпсан выйграла золата ў забегу на 200 м. Раней Томпсан не было роўных і ў забегу на 100 м.

Бягун Усэйн Болт з Ямайкі з лёгкасцю прабіўся ў фінал забегу на 200 м, а вось адзін з яго галоўных канкурэнтаў Джасцін Гэтлін з ЗША заняў толькі трэцяе месца і не будзе спаборнічаць за медалі. Часу, за які ён прабёг дыстанцыю не хапіла каб быць «пераможцам сярод прайграўшых». Гэтлін спаслаўся на праблемы са здароўем, якія адбіліся на такім дрэнным выніку.



olymp.jpg

Прадстаўніцы зборнай ЗША занялі ўвесь п’едэстал у бегу на 200 м з перашкодамі. Для Брыяні Ролінс фінальны забег, у якім яна паказала час у 12,48 с, стаў залатым. Яе калегі па зборнай Ніа Алі і Крысці Кэстлін раздзялілі з ёй радасць перамогі заняўшы другое і трэцяе месцы адпаведна.

olymp3.jpg

Ціана Барталета перамагла ў скачках у даўжыню сярод жанчын і прынесла зборнай ЗША яшчэ адзін залаты медаль. Ейны скачок на 7,17 м застаўся непераадольным для канкурэнтак. Услед за ёй на п’едэстал узыйшла яе суайчынніца Брытні Рыз.

Чаго чакаць у чацвер

Сёння ўдзельнікі Алімпійскіх гульняў у Рыа вызначаць уладальнікаў узнагарод у 27 відах праграмы. Беларускія атлеты выступяць у чатырох медальных намінацыях.

У спаборніцтвах на вяслярным канале «Лагуна» Марына Літвінчук стартуе ў вырашальным заездзе байдарак-адзіночак на дыстанцыі 500 м. Заезд прыкладна ў 16:04.

У сектары для кідання кап'я барацьбу за ўзнагароды павядзе чэмпіёнка Еўропы Таццяна Халадовіч. Фінал у ноч на пятніцу.

Дзве беларускі выступяць у спаборніцтвах па вольнай барацьбе. У вагавой катэгорыі да 63 кг будзе змагацца Марыя Мамашук, а яе сяброўка па камандзе Васіліса Марзалюк паспрабуе заваяваць медаль у вагавой катэгорыі да 75 кг.

У жаночым турніры па сучасным пяцібор'і пачне спаборніцтвы беларуска Анастасія Пракапенка, якой трэба будзе паказаць сябе ў першым відзе — фехтаванні.

Без удзелу беларускіх спартсменаў будуць вызначаны прызёры Гульняў у бадмінтоне, хакеі на траве, трыятлоне, боксе, парусным спорце, пляжным валейболе, скачках у ваду.