Алімпіяда ў Рыа. Дзень адзінаццаты
Самым вялікім медальным уловам у аўторак магла пахваліцца Вялікабрытанія, якая сабрала аж дзевяць узнагарод, тры з якіх — вышэйшай вартасці.
Расіянкі Наталля Ішчанка і Святлана Рамашына ўзялі золата ў сінхронным плаванні ў спаборніцтве дуэтаў. Гэтая перамога здзіўленняў не выклікала, паколькі расіянкі дамінуюць у гэтым відзе спорту на алімпіядзе ўжо амаль два дзесяцігоддзі.
Украіна выйграла сваё першае золата ў Рыа. Гімнаст Алег Верняеў стаў лепшым на брусах. Для Вярняева гэтая ўзнагарода стала ўжо другой на сёлетняй Алімпіядзе. Да гэтага ён стаў срэбраным прызёрам у абсалютным першынстве. Усяго ў ўкраінскай зборнай ужо шэсць медалёў.
Тым часам сенсацыя здарылася ў жаночым футболе: зборная Бразіліі, дзеючыя алімпійскія чэмпіёны, вылецелі з турніру пасля пройгрышу ў чвэрцьфінале кітаянкам з лікам 2: 3.
Медальныя чаканні беларусаў ў аўторак былі звязаныя з Марынай Літвінчук і Надзеяй Ляпешка, што выступалі ў спаборніцтвах байдарак-двоек. Нягледзячы на тое, што дзяўчаты ў паўфінальным заездзе, у фінале яны здолелі паказаць толькі шосты час і застацца па-за межамі п’едэсталу. Цяпер надзея застаецца толькі на нашую жаночую байдарку-чацвёрку, якая выйдзе на старт 19 жніўня.
Беларускі штангіст Аляксей Мжачык заняў у фінале толькі чацвёртае месца з сумай у 411 кілаграмаў. Зрэшты варта адзначыць, што для срэбранага прызёра чэмпіянату свету сярод юніёраў гэта — першы алімпіяскі старт і ў яго яшчэ ўсё наперадзе.
Усіх аматараў лёгкаатлетыкі Беларусі парадавала ўлюбёнца публікі Аліна Талай. Яна здолела прабіцца ў паўфінал Алімпіяды ў бегу на 100 м з бар’ерамі. У сваім забегу яна паказала вынік у 12,74 секунды і заняла другое месца (чацвёрты час з усіх удзельнікаў). Пазаўзець за Аліну можна будзе ўначы 18 жніўня. Паўфінал пачнецца ў 2:45 па мінскім часе.
След няўдач
Еўрарадыё дазналася аб намерах больш не запрашаць у зборную Беларусі па спартовай гімнастыцы амерыканак. Падобныя рашэнні тлумачацца надзвычай няўдалым выступам натуралізаванай грамадзянкі ЗША Кайлі Дзіксан, якая заняла ў кваліфікацыі перадапошняе месца.
Бронзавая медалістка Алімпіяды ў Рыа на дыстанцыі 50 метраў вольным стылем Аляксандра Герасіменя падзялілася ў інтэрвію выданню «Прэсбол» сваім меркаваннем аб слабых выніках нашых плаўчых на сёлетніх Гульнях. Па меркаванні Герасімені да гэтага прывялі надзвычай напружаная нэрвовая сітуацыя ў зборнай і прынцыповыя рознагалоссі з галоўным трэнерам каманды Дзмітрыем Манцэвічам.
Сапраўдны Алімпійскі дух
Гісторыя, якая дэманструе, што сапраўдныя спартоўцы здольныя чалавечае стаўленне ставіць вышэй за прагу да медалёў адбылася на паўфінальным забегу на пяць тысяч метраў. Навазеландка Нікей Хамблін за чатыры кругі да канца спатыкнулася і ўпала тварам наперад. Амерыканка Эбі Д’Агастына, што бегла за ёю не паспела ўхіліцца і ўпала побач.
Д'Агастына паспела падняцца першай, але замест таго, каб працягнуць забег, яна дапамагла падняцца навазеландцы. Пасля гэтага абедзве жанчыны пачалі кульгаючы бегчы да фінішу. Пры гэтым амерыканка паспела падгарнуць яшчэ і правую нагу, але да фінішу спартсменкі дацягнулі і абняліся пасля сканчэння спаборніцтваў.
Такому сапраўднаму алімпійскаму ўчынку была задаволеная не толькі публіка, але і суддзі, якія вырашылі дапусціць абедзвюх атлетак да фіналу. Траўмы, атрыманыя імі на бегавой дарожцы апынуліся несур’ёзнымі і дазваляюць прыняць у іх удзел.
Чэмпіёнская перамога над смерцю
CNN распавяла гісторыю алімпійскага чэмпіёна ў парусным спорце ў класе «Накра 17» аргентынца Сант'яга Ланге, які выйграў яго разам з Сесіліяй Каранза-Саролі.
«54-гадовы Ланге — дзіўны чалавек. У мінулым годзе ў яго дыягнаставалі рак, ён страціў палову лёгкага, але даказаў, што нішто не можа спыніць яго на шляху да алімпійскага золата. Два яго сыны спаборнічаюць на Алімпіядзе ў класе «49», і яны першымі павіншавалі яго з перамогай. Ланге двойчы станавіўся бронзавым прызёрам Алімпіяд у Афінах і Пекіне ў класе «Тарнада» і зараз дамогся сваёй мэты», — піша CNN і прыводзіць падрабязнасці таго, як спартовец аднаўляўся пасля аперацыі.
Змяненне клімату як пагроза Алімпіядам
Нечаканую пагрозу будучым Алімпіядам выявілі навукоўцы. Паводле даследавання часопіса The Lancet, да 2084 года толькі восем гарадоў за межамі Заходняй Еўропы змогуць прэтэндаваць на правядзенне летніх Алімпійскіх гульняў у тым фармаце, у якім яны праводзяцца цяпер.
Даследнікі сцвярджаюць, што асноўнай прычынай памяншэння колькасці патэнцыйных прэтэндэнтаў на Гульні з'яўляецца глабальныя змены клімату. Крытэрамі для даследавання былі гарады з колькасцю насельніцтва не менш за 600 тысяч чалавек, якія размешчаны на вышыні не вышэй 1500 метраў над узроўнем мора і маюць добрыя фінансавыя магчымасці для правядзення падобных спаборніцтваў. Па сцверджаннях навукоўцаў, колькасць гарадоў, што адпавядаюць гэтым умовам зменшыцца радыкальна ўжо за бліжэйшыя дзесяцігоддзі.
Допінг не адступае
Міжнародны алімпійскі камітэт паведаміў аб пазбаўленні зборнай Расіі залатога медаля Алімпійскіх гульняў-2008 у эстафеце 4 па 100 метраў з-за станоўчага выніку допінг-пробы бягухі Юліі Чармашанскай, якая выступала ў гэтым забегу. Пасля паўторнай праверкі яе аналізаў з Гульняў у Пекіне былі выяўленыя сляды двух забароненых рэчываў: станазалола і дегідрахлормецілтэстастэрона (турынабола). Акрамя таго, Чармашанская была пазбаўленая восьмага месца ў забегу на 200 метраў у індывідуальным заліку.
Раней паведамлялася, што пераправеркі аналізаў Алімпіяды 2008 і 2012 гадоў выявілі каля 100 станоўчых допінг-пробаў. Пасля заканчэння Гульняў у Рыа пройдуць трэцяя і чацвёртая пераправеркі, аднак да некаторых спартсменаў МАК ужо прымяняе санкцыі. Срэбра АГ-2012 пазбавіўся і ўкраінскі кідальнік кап'я Аляксандр Пятніца, абвінавачаны ў допінгу.
Тым часам прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі цяжкай атлетыкі (IWF) Тамаш Аян заявіў аб намеры дыскваліфікаваць цяжкаатлетаў з Расіі, Казахстана і Беларусі з-за допінгу на адзін год пасля Гульняў у Рыа. Па словах Аяна, пра гэтае рашэнне будзе абвешчана ў канцы верасня або пачатку кастрычніка. Не выключана, што дыскваліфікацыі падвергнуцца і іншыя краіны.
Нашы надзеі на сённяшні дзень
Акрамя спробы Аліны Талай прабіцца ў фінал, якая пачнецца ў 2:45 уначы нам будзе яшчэ за каго пазаўзець.
У кваліфікацыі сярод кідальнікаў молата выступяць адразу тры беларускія атлеты на чале з бронзавым прызёрам пекінскіх Гульняў-2008 Іванам Ціханам. Разам з ім у лік 12 фіналістаў маюць намер прабіцца Павел Барэйша і Сяргей Каламіец.
Чэмпіёнка свету Марына Арзамасава і Юлія Кароль выйдуць на старт папярэдніх забегаў на дыстанцыі 800 м.
На вяслярным канале «Лагуна» беларуска Марына Літвінчук паўдзельнічае ў кваліфікацыйных заездах байдарак-адзіночак.
Без удзелу беларусаў пройдуць медальныя спаборніцтвы па бадмінтоне, боксе, вольнай барацьбе, конным спорце, настольным тэнісе і таэквандо.