Аплявуха нямецкай дэмакратыі
Спакойны ход выбарчай кампаніі ў ФРГ, дзе пераможца ў выглядзе партыі Ангелы Меркель вядомы ўжо зараз, парушыў усплёск папулярнасці правапапулісцкай партыі «Альтэрнатыва для Германіі» (AfD). Пра магчымыя наступствы сённяшняга выбараў ў Германіі распавядае нямецкі журналіст Пітэр Бурк.
— Ад пачатку выбарчай кампаніі давер да AfD стала скарачаўся. Аднак літаральна за пару апошніх тыдняў рэйтынг партыі ўзняўся з 8 працэнтаў да 12. Што здарылася?
— Трэба сказаць, што лічбу ў 12 працэнтаў называе толькі адна сацыялагічная каманда. Аднак у прынцыпе ўсе пагаджаюцца, што AfD нечакана зноў пачала выклікаць сімпатыі ў бюргера. Гэта шмат для каго сюрпрыз, паколькі тэма мігрантаў — фішка правых, якая пару гадоў таму моцна хвалявала немцаў, —падавалася, даўно страціла актуальнасць. Уцекачы з Усходу больш-менш адаптуюцца да нямецкіх нормаў. Мяркуюць, што «альтэрнатыўшчыкам» дапамаглі палітыкі вядучых партый. Падчас дэбатаў яны спекулююць на гэтай праблеме, інфармацыйна гуляючы на руку «Альтэрнатывы для Германіі».
Другім фактарам палітолагі лічаць скандальную аўру вакол палітсілы. Супраць кандыдатаў партыі Аляксандра Гаўланда і Алісы Вейдэль распачаты справы за ксенафобскія і агрэсіўныя выразы і допісы ў інтэрнэце. У некаторых гарадах на ўзроўні муніцыпалітэтаў заклікаюць забараніць знешнюю рэкламу «Альтэрнатывы для Германіі». У частцы грамадства склаўся вобраз AfD як ахвяры рэжыму.
— Наколькі дапамагла ўздыму папулярнасці «Альтэрнатывы для Германіі» фігура Алісы Вейдэль, якая ўзначальвае выбарчы спіс разам з Гаўландам? На першы погляд, яна цалкам парушае кодэкс правадыра правай партыі: дэкларуе сваю прыналежнасць да сэксуальных меншасцяў, выхоўвае двух дзяцей з партнёркай, якая паходзіць са Шры-Ланкі?
— Аліса Вейдэль — каларытная фігура. Дасюль ніхто канчаткова не разумее, што прымусіла яе — паспяховую бізнес-вумен, пазбаўленую ксенафобскіх забабонаў, падтрымаць партыю, што абапіраецца на людзей, якія ментальна засталіся ў 1945 годзе. Калі меркаваць, зыходзячы з яе інтэрв’ю, заняцца палітыкай Алісу Вейдэль прымусіла нязгода з тым, што міграцыйная палітыка Меркель занадта дорага каштуе нямецкаму бюджэту. Праўда, можна паспрачацца, наколькі электарат «Альтэрнатывы для Германіі» сочыць за тым, што робіць і кажа фраў Вейдэль. Яе асабісты рэйтынг значна меншы за рэйтынг партыі. Галасаванне за «Альтэрнатыву для Германіі» мае больш пратэстны характар.
— Ці будзе праходжанне AfD у Бундэстаг выглядаць як нейкі выклік дэмакратыі?
— Хутчэй, не выклік, а сапраўдная аплявуха. Праект «ФРГ» будуецца на адмаўленні нацысцкай спадчыны. Пасля забароны выразна нацыяналістычнай Імперскай сацыяльнай партыі нацысты ніколі не мелі дэпутатаў у парламенце ФРГ. А зараз «Альтэрнатыва для Германіі» мае шанец не толькі прарвацца ў Бундэстаг, але і ўвогуле атрымаць там трэцюю па колькасці дэпутатаў фракцыю. Прагрэсіўныя немцы шакаваныя тым, што ў грамадстве так шмат людзей, гатовых галасаваць за антыдэмакратычную па сваёй прыродзе партыю і палітыкаў з такім бэкграундам. Практычна штодня высвятляецца, што той або іншы з кандыдатаў у спісе «Альтэрнатывы для Германіі» пачынаў свой шлях у палітыку як сябра нейкай праварадыкальнай групоўкі. Той жа Гаўланд адкрыта заклікае перагледзець палітыку гістарычнай памяці: пачаць шанаваць жаўнераў Вермахту і менш узгадваць пра Халакост.
— А ці не перабольшаныя перасцярогі наконт наступстваў прыходу AfD у Бундэстаг? Сыходзячы з выбарчай праграмы «Альтэрнатывы для Германіі», яе мэтай з’яўляецца не рэстаўрацыя Трэцяга Рэйху, а вяртанне нямецкай маркі і перагляд Маастрыхту. Акрамя таго, наўрад ці партыя атрымае міністэрскія партфелі ў складзе новага ўраду Меркель…
— Відавочна, што «Альтэрнатыва для Германіі» не будзе ўплываць на курс кабінета. Аднак яе прысутнасць у парламенце пагражае правілам і нормам, паводле якіх працуе дэмакратыя. Паколькі рэйтынг AfD будуецца на скандалах, яе дэпутаты пачнуць свядома ісці на канфрантацыі з апанентамі, што можа заблакаваць працу камітэтаў. Дэбаты ў парламенце, дзякуючы «Альтэрнатыве для Германіі», набудуць прысмак неканструктыўнага папулізму. Нарэшце, правыя папулісты, маючы фракцыю ў парламенце, атрымаюць доступ да дзяржаўных фондаў, што ўзмоцніць іх агітацыю на месцах.
— Наколькі можна верыць артыкулам пра тое, што за «Альтэрнатывай для Германіі» стаяць грошы Масквы?
— Ніякіх дакладных фактаў фінансавай падтрымкі з боку Расіі не вядома, аднак так званыя «рускія немцы», якія ў большасці ўхваляюць геапалітычны курс Крамля, сапраўды, вельмі часта сімпатызуюць правым папулістам. Акрамя таго, у нямецкіх рускамоўных СМІ шмат публікацый у падтрымку AfD.
— Ці можна прыпыніць наступ «Альтэрнатывы для Германіі»?
— На думку палітолагаў, скасаванне формулы «вялікая кааліцыя» (урадавы блок хрысціянскіх дэмакратаў і сацыял-дэмакратаў, якія разам фармавалі ўрад з 2005 года) аўтаматам пахавае AfD. У такім выпадку функцыю апазіцыі возьмуць на сябе эсдэкі. Яны сапраўды гэтым разам у кабінет ісці не жадаюць, аднак ніхто не ведае, што атрымаецца. Альтэрнатыва фармату «вялікай кааліцыі» — так званая кааліцыя «Ямайка» (саюз кансерватараў, лібералаў і «Зялёных», камбінацыя партыйных колераў якіх нагадвае сцяг Ямайкі — зялёна-чорна-жоўты). Але з «Ямайкай» таксама не ўсё зразумела праз тое, што «Зялёныя» баяцца паўтарыць досвед сацыял-дэмакратаў, якія ў кабінетах Меркель былі на другіх ролях і перасталі ўспрымацца як нейкая сур’ёзная партыя. Яшчэ не факт і тое, што сацыял-дэмакраты могуць перахапіць у AfD статус апазіцыі. На цяперашні момант спыніць «Альтэрнатыву для Германіі» здольны толькі канфлікт унутры арганізацыі. І падставы для такога сцэнару сапраўды існуюць.