Археолагі склалі мапу антычнага горада без раскопак

Упершыню археолагі склалі мапу цэлага рымскага горада пры дапамозе геарадара, не праводзячы раскопак. Навукоўцы з Кембрыджскага і Гентскага універсітэтаў выкарыстоўвалі новую тэхналогію зандыявання, якая дазваляе хутчэй сканаваць вялікія плошчы і атрымліваць выявы ў высокім разрозненні. У выніку яны нанеслі на мапу 30,5 га тэрыторыі горада рэспубліканскай эпохі Новыя Фалерыі (Falerii Novi), размешчанага ў 50 кіламетрах на поўнач ад Рыма. Тэхналогія дазваляе археолагам бачыць горад на розных глыбінях і вывучаць яго эвалюцыю ад асновы да разбурэння.

rome_1.jpg

Геарадар выявіў размяшчэнне тэрм, будынка рынку, тэатра, лавак, жылых дамоў, а таксама буйнога комплексу невядомага прызначэння, які стаяў паблізу паўночнай брамы горада. Магчыма, ён звязаны з рэлігійнымі культамі мясцовых жыхароў — італійскага народа фаліскаў. Комплекс складаецца з двух вялікіх структур даўжынёй каля 60 метраў з цэнтральным шэрагам калон і ўключае ў сябе два будынкі меншага памеру з нішамі, у якіх, верагодна, раней стаялі статуі.
Атрымалася выявіць таксама вадаправодныя трубы, злучаныя з прамавугольнай структурай у паўднёвай частцы горада, якая, як лічыцца, была адкрытым басейнам. Вадаправодная сетка была пракладзена пад будынкамі, а не ўздоўж вуліц, як звычайна. Гэта азначае, што горад быў пабудаваны па загадзя складзеным плане і вадаправоды былі ўсталяваныя да таго, як узвялі будынкі.
Гаспадары горада — фаліскі — неаднаразова вялі войны з Рымам, баючыся яго нарастальнай магутнасці. У 351 годзе да н. э. чарговая ваенная кампанія скончылася тым, што ў фаліскай сталіцы Старых Фалерыях размясціўся рымскі гарнізон. Але падчас Першай Пунічнай вайны (264-241 гады да н. э.) фаліскі зноў абвясцілі сябе незалежнымі ад Рыма. Падавіўшы бунт, рымляне разбурылі сталіцу суперніка, а тых, хто застаўся жывы з фаліскаў перасялілі ў спецыяльна заснаваны горад, які і атрымаў назву Новыя Фалерыі. Да канца рэспубліканскага перыяду яго насельніцтва дасягала 2500 чалавек.
Каля 700 года н. э. горад быў закінуты і паступова разбурыўся. Захаваліся рэшткі гарадскіх сцен, у тым ліку 50 з 80 вежаў і 2 з 8 брамы, а таксама раскапаныя ў XIX стагоддзі руіны тэатра і форуму. Тэрыторыя горада не забудоўвалася, што зрабіла яго ідэальным месцам для прымянення геарадара.
Паводле Pro Science