Атака Карлсанаў
Швецыя 9 верасня абірае новы парламент. Выбары могуць цалкам змяніць шведскі палітычны ландшафт.
У размовах са шведамі мне прынамсі пару разоў даводзілася быць сведкам цывілізацыйнага шоку. Візаві не разумелі, чаму ў нашых шыротах такі папулярны Карлсан, які жыве на даху. Па іх словах, Карлсан для шведаў — хутчэй, адмоўны персанаж, і не толькі таму, што любіць хуліганіць.
Акрамя ўсяго, Астрыд Ліндгрэн выявіла ў вобразе чалавека з прапелерам прадстаўнікоў асобнай сацыяльнай катэгорыі суайчыннікаў. Гэта нешта кшталту мясцовых «ватнікаў» — людзей, якія думаюць шаблонамі, шукаюць простыя адказы на складаныя праблемы, намагаюцца не працаваць, а жыць на сацыяльную дапамогу. Нарэшце, яны аматары закласці за каўнер (у кніжцы алегорыяй алкаголю, маўляў, выступае варэнне, якое так любіць Карлсан).
Калі пагадзіцца з такой трактоўкай, то прызначаныя на 9 верасня выбары можна назваць атакай Карлсанаў. Менавіта маргіналітэт складае касцяк электарату партыі «Шведскія дэмакраты» (SD), якая рвецца да ўлады.
Увогуле, SD была заснаваная ў 1988 годзе ветэранамі шэрагу праварадыкальных груповак. Дастаткова доўга партыя знаходзілася ў другім эшалоне шведскай палітыкі. Фартуна ўсміхнулася SD у 2010-м, калі ёй удалося трапіць у парламент з 4 працэнтамі. На выбарах 2014-га партыя замацавала свае пазіцыі (13 працэнтаў).
Прычыны росту сімпатый да SD тыя ж, што і паўсюдна ў Еўропе, — мігранты. За апошнія сем гадоў Швецыя прыняла каля 400 тысяч іншаземцаў. У пераліку на аднаго шведа гэта найбольшая колькасць сярод усіх краін Еўрасаюзу. Мігранты, асабліва з мусульманскіх краінаў, выклікалі шмат культурных, сацыяльных і крымінальных праблемаў — і зрабілі тэму іх асіміляцыі часткай выбарчай павесткі.
Прычым, антыімігранцкія сантыменты сярод шведаў настолькі моцныя, што яны гатовыя заплюшчыць вочы на адкрыты экстрэмізм «Шведскіх дэмакратаў». Напрыклад, у 2014 годзе адзін з правадыроў SD заклікаў мясцовых яўрэяў адмовіцца ад сваёй рэлігіі, каб інтэгравацца ў шведскі соцыум. Другі партыйны лідар засмучаўся праз тое, што найбольш папулярным шведам у свеце сёння з’яўляецца вядомы футбаліст Славан Ібрагімавіч — сын баснійскіх уцекачоў. Што да мусульман, то старшыня партыі Йімі Акесан увогуле лічыць іх галоўнай пагрозай для Швецыі з часоў Другой сусветнай вайны.
Няма сумневаў, што па выніках выбараў SD пашырыць сваю фракцыю ў парламенце. Паводле апублікаваных 2 верасня вынікаў апытанняў, партыя можа атрымаць каля 20 працэнтаў. У індэксе папулярнасці «Шведскія дэмакраты» саступаюць толькі эсдэкам (25 працэнтаў).
Праўда, атрыманых мандатаў дакладна будзе мала, каб сфармаваць урад або ўвайсці ў кааліцыю нават з партыямі правага напрамку. Моцныя партыі Швецыі выключаюць магчымасць супрацоўніцтва з SD. Аднак палітолагі ўсё роўна б’юць у званы. Па іх словах, поспех правых у перспектыве разбурыць правілы гульні ў шведскай палітыцы.
Не выключана, што правыя цэнтрысты, уражаныя поспехам SD, пачнуць самі эксплуатаваць ксенафобскія забабоны. Гэта азначае, што «Шведскія дэмакраты» змогуць пашырыць свой еўрафобскі і ксенафобскі дыскурсы на ўвесь правы фланг. Пачнецца працэс накшталт таго, што цяпер адбываецца ў Італіі.
Зрабіць больш жорсткай міграцыйную палітыку не супраць і некаторыя сацыял-дэмакраты, рэйтынг якіх прасеў у параўнанні з 2014-м на 5–6 працэнтаў. Скараціўся энтузіязм сярод шведаў наконт «Зялёных» — асноўнага партнёра эсдэкаў па кааліцыі, якія ўвогуле на мяжы праходу ў парламент (5 працэнтаў). Нават негалосная падтрымка экс-камуністаў з боку Партыі левых з 10 працэнтамі папулярнасці не дазволіць прэм’еру Стэфану Лёфвену пайсці на новую кадэнцыю.
На правым флангу сітуацыя аналагічная. Асноўныя кансерватыўныя партыі — «Умераныя» і Партыя цэнтру — разам могуць спадзявацца атрымаць прыкладна 30 працэнтаў падтрымкі, а гэтага недастаткова для фармавання ўраду.
На думку экспертаў, праблема, якая паўстане пасля выбараў, можа быць вырашаная на карысць «Умераных». Іх лідар Ульф Крыстэрсан можа сітуацыйна выкарыстаць «Шведскіх дэмакратаў», якія дакладна не будуць галасаваць за працяг прэм’ерства Лёфвена. Аднак нават такі сцэнар у будучыні не застрахуе Швецыю ад палітычнага хаосу. З іншага боку, хіба хаос — гэта не тое, што больш за ўсё любіў Карлсан?