Бацька ўсіх блакбастэраў
35 гадоў таму на экраны выйшаў фільм «Сківіцы». Пасля гэтага лета стала галоўным сезонам кінапрэм’ераў.
Да чэрвеня 1975 года лета лічылася мёртвым сезонам у свеце кіно. Панавала думка, што людзі ў гэты час аддаюць перавагу адпачынку на прыродзе, а не ходзяць на прэм’еры.
35 гадоў таму на экраны выйшаў фільм «Сківіцы». Пасля гэтага лета стала галоўным сезонам кінапрэм’ераў.
Да чэрвеня 1975 года лета лічылася мёртвым сезонам у свеце кіно. Панавала думка, што людзі ў гэты час аддаюць перавагу адпачынку на прыродзе, а не ходзяць на прэм’еры.
Увогуле, да выхаду «Сківіц» прэм’еры былі элітным і амаль зачыненым мерапрыемствам. Новыя стужкі дэманстравалі ў 5–7 кінатэатрах буйных гарадоў. Такая практыка
здавалася дастаткова лагічнай з пункту гледжання эканомікі. На прэм’еры прыязджалі мясцовыя пракатчыкі, якія набывалі копіі для паказу ў малых лакальных кінатэатрах. Нават такія
апрыёры паспяховыя фільмы, як «Хросны Бацька–2», спачатку паказалі толькі ў некалькіх кінатэатрах.
Летам 1975 года ўсё кардынальна змянілася. Кінакампанія «Universal», на якой былі створаныя «Сківіцы», вырашыла паказаць карціну 20 чэрвеня па ўсёй краіне, у 445
кінатэатрах. Выхаду папярэднічала незвычайная на той час рэкламная кампанія.
«Universal» не пралічылася. Памеры даходаў ад продажу квіткоў на карціну вярнулі прадстаўленне пра магчымасці кінабізнесу. «Сківіцы» сталі першым фільмам у
гісторыі, які прынёс яго стваральнікам больш за 100 мільёнаў долараў прыбытку. За адно толькі лета 1975 года стужку паглядзелі 67 мільёнаў амерыканцаў! Менавіта пасля той прэм’еры ў
кінематографе замацаваўся тэрмін «блакбастэр».
Аказалася, што менавіта ў час летняга адпачынку людзі валам валяць у залы кінатэатраў. Гэта была сапраўдная рэвалюцыя. Каляндарныя схемы ўсіх вядучых кінастудый былі перагледжаныя такім чынам, каб
выдаваць самы якасны прадукт менавіта да пачатку сезону летняга адпачынку. Тыя, хто гэта не зрабіў, кусалі локці. У наступным годзе поспех «Сківіц» паўтарыў
«Омэн». Яшчэ праз год, у 1977-м, абсалютным лідэрам пракату сталі «Зорныя войны», якія таксама выйшлі на экраны ўлетку.
Аднак, натуральна, поспех «Сківіц» звязаны не толькі з асаблівасцямі псіхікі гледачоў у час канікул і адпачынку. Тут спрацавала некалькі фактараў.
Па-першае, трэба аддаць належнае прадзюсерам кампаніі «Universal». Яны першыя звярнулі ўвагу на аповесць Пітэра Бенчлі «Сківіцы», якая ў 1974 годзе
з’явілася на кніжным рынку ЗША.
У аснове сюжэта твора Бенчлі — гісторыя на востраве, жыхароў якога тэрарызуе вялікая акула. Паліцэйскі прапануе мэру зачыніць пляжы. Той адмаўляецца: з-за гэтага панясе страты курортны
бізнес. Тым больш, хутка 4-га ліпеня — Дзень незалежнасці, калі на востраве праходзіць вялікая яхтавая рэгата. Аднак менавіта ў гэты дзень пачвара наносіць галоўны ўдар —
з’ядае папросту на вачах усяго пляжу воднага выратавальніка. Востраў ахоплівае паніка.
У выніку ветэран другой сусветнай вайны, рыбак і эксперт з нацыянальнага інстытута акіянаграфіі, адпраўляюцца ў мора, каб сустрэцца не проста з акулай, а з сапраўды велізарнай, дзесяціметровай
машынай для забойства. На працягу двух дзён і адной ночы працягвалася барацьба паміж людзьмі і акулай, у выніку акулу ўсё ж удаецца знішчыць.
Аповесць належала да жанру таннага фікшэна. «Гумка» — як называюць такога кшталту кнігі ў ЗША. Яе мастацкая каштоўнасць была вельмі спрэчнай. Знаўцы літаратуры
адразу вылічылі, што галоўныя характары герояў злізаныя ў Германа Мэрвіла, Генрыка Ібсена і іншых класікаў літаратуры, якія пісалі пра мора. Аднак на «Universal» вырашылі зрабіць з
«гумкі» цукерку. Да Бенчлі даслалі сцэнарыста, які адаптаваў кнігу для здымкаў.
На гэтым «Universal» не супакоіўся. Было вырашана інвеставаць у праект шалёныя грошы. Толькі механічная фігура акулы каштавала 2 мільёны долараў. Самая смешнае, што яна ў першы
здымачны дзень узяла і пайшла на дно. Давялося рамантаваць. Дарэчы, вечныя праблемы з бутафорскай акулай прымусілі стваральнікаў шукаць новыя формы перадачы прысутнасці пагрозы. Так з’явіўся
класічны кадр — дрыжанне хваляў на вадзе, якое сімвалізуе набліжэнне акулы. Важную ролю таксама адвялі музыцы. Тэма са «Сківіц» (аўтар Джон Уільямс) увайшла таксама ў
аналы.
Думаецца, аднак, што галоўным сакрэтам поспеху стаў талент маладога Стывена Спілберга.
На той момант у яго паслужным спісе было толькі два невялікія па бюджэце фільмы. «Сківіцы» сталі яго пропускам у эліту Галівуду. Спілберг здолеў не проста зрабіць добры фільм. За
кошт інтрыгі і атмасферы на экране ён выклікаў у людзей жывёльны, амаль міфічны, страх, які сядзіць глыбока ў чалавечай падсвядомасці.
Цікава, што сам Спілберг слаба верыў у поспех сагі пра акулу-людажэра. З-за дрэннага надвор’я фільм здымалі не 55, а 153 дні. Апошнія сцэны ў моры здымалі без Спілберга, які баяўся, што злая
на яго каманда папросту выкіне яго з карабля.
Аднак фільм, як было сказана вышэй, пераўзышоў усе чаканні. Як прыклад —па матывах стужкі было знята тры сіквелы, зроблена безліч гульняў для кампутараў і г.д.
Пацярпелі ад трыумфу карціны хіба што ўладальнікі пляжаў. У тым жа 1975-м яны падалі на «Universal» у суд, бо колькасць аматараў плаваць у моры вельмі скарацілася — так усе
баяліся акул.
Другой групай ахвяр «Сківіц» сталі… акулы. Менавіта так сцвярджалі ў 1975 годзе ахоўнікі жывёльнага свету. На іх думку, карціна — суцэльны міф пра акул, якія на
самай справе дастаткова мірныя істоты. Аматары жывёл нават стварылі тады рух у абарону іміджу акул.