Беларусы ЗША святкуюць 100-я ўгодкі БНР

Беларуска-Амерыканскае Задзіночанне (БАЗА) ў Вашынгтоне 23 сакавіка правяло святочны прыём з нагоды 100-годдзя абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі.

Фота Вячаслава Бортніка

Фота Вячаслава Бортніка

Падчас святкавання да беларусаў Вашынгтона далучыліся сябры і калегі, былыя кіраўнікі і супрацоўнікі місіі ЗША ў Беларусі, а таксама прадстаўнікі праваабарончых арганізацый.
З вітальным словам выступілі Меліса Хупер, дырэктар праграм праваабарончай арганізацыі Human Rights First па пытаннях правоў чалавека і грамадзянскай супольнасці; Канстанс Фліпо, былая высокапастаўленая супрацоўніца дыпламатычнай службы і былая намесніца кіраўніка амбасады ЗША ў Беларусі; Скот Роланд, старшы дарадца Дзяржаўнага дэпартамента ЗША пры Хельсінкскай камісіі ЗША і былы часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі.

Канстанс Фліпо, фота Аляксандры Мілянцей

Канстанс Фліпо, фота Аляксандры Мілянцей


Падчас свайго выступу Скот Роланд узгадаў, што ў перыяд яго працы ў Беларусі (2014-2016 гг.) ён быў сведкам падтрымкі ў справе дэмакратызацыі і правоў чалавека з боку міжнародных арганізацый.

 

Скот Роланд, фота Аляксандры Мілянцей

Скот Роланд, фота Аляксандры Мілянцей

Па вяртанні ў Вашынгтон спадар Роланд працягнуў сачыць за падзеямі ў Беларусі. Ён падкрэсліў, што Кангрэс ЗША з увагай ставіцца да сітуацыі ў краіне. Пра гэта сведчыць чарговае падаўжэнне “Акта аб дэмакратыі ў Беларусі,” які надае шмат увагі сітуацыі з правамі чалавека і палітычнымі зняволеннямі, а таксама санкцыям за парушэнні правоў чалавека.

 

У той жа час, нагадаў Роланд, “у існуючым заканадаўстве адкрыты шлях для пераацэнкі палітыкі ЗША ў дачыненні да беларуcкага ўрада пры ўмове крокаў да дэмакратыі і ўвагі да правоў чалавека”.
Спадар Роланд нагадаў, што дэлегацыя Кангрэса ЗША, якая наведала Беларусь у ліпенi 2017 года пад кіраўніцтвам сенатара Уікера, падчас сустрэчаў з прэзідэнтам Лукашэнкам і лідарамі грамадзянскай супольнасці казала, што новая адміністрацыя ЗША гатова працаваць над паляпшэннем стасункаў пры ўмове прагрэсу ў сферах дэмакратыі і правоў чалавека.
Сапраўды, амерыканскія заканадаўцы ўважліва сочаць за развіццём падзеяў у Беларусі. Так, у заяве з нагоды 100-й гадавiны абвяшчэння БНР сенатар ЗША  Боб Менэндэс адзначыў, што Беларусь зараз знаходзіцца на мяжы iнтарэсаў Расійскай Федэрацыі, якая спрабуе маніпуліраваць суседнімі краінамі для прасоўвання сваіх мэтаў. Сенатар заклікаў беларускія ўлады да павагі правоў чалавека, выканання сваіх мiжнародных абавязкаў у сферы дэмакратычнага кіравання і верхавенства права, а таксама прыпынення пераследу грамадзянскай супольнасці, незалежных СМІ, палітычнай апазіцыі і ўсіх тых, хто дабіваецца “асноўных свабодаў, якiх праглі іх продкі 100 гадоў таму”.
Меліса Хупер павіншавала беларусаў са стагоддзем незалежнасці і нагадала пра занепакоенасць міжнароднай супольнасці сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі. Так, спадарыня Хупер адзначыла, што ў сучаснай Беларусі дагэтуль існуе смяротнае пакаранне, парушаюцца правы ЛГБТ супольнасці, а таксама існуюць складаныя ўмовы для працы недзяржаўных арганізацый у краіне. “Калі апазіцыйныя лідары ў зняволенні, сапраўдныя перамены немагчымыя”, – адзначыла дырэктарка праграмаў Human Rights First.  

Алеся Сёмуха, фота Аляксандры Мілянцей

Алеся Сёмуха, фота Аляксандры Мілянцей


Сябра Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Алеся Сёмуха нагадала, што заснавальнікі БНР спадзяваліся зрабіць Беларусь свабоднай і незалежнай. Яны бачылі краіну, якая базуецца на прынцыпах самавызначэння, дэмакратыі, аховы правоў і свабод чалавека. 
Паводле прэс-рэлізу