Бітва за касцёл, да якой спрычыніўся і будучы Папа Рымскі

55 гадоў таму, 18 мая 1969 года, у польскай Нова-Хуце быў адкрыты першы ў горадзе касцёл. Каб дабіцца будаўніцтва і адкрыцця гэтага храму людзям давялося ісці пад кулі.

Касцёл Маці Божай Каралевы Польшчы (Каўчэг Гасподні), фота karnet.krakowculture.pl

Касцёл Маці Божай Каралевы Польшчы (Каўчэг Гасподні), фота karnet.krakowculture.pl

Нова-Хута — паўночна-ўсходняя частка Кракава — быў у сацыялістычнай Польшчы не простым горадам. Яго спраектавалі «з нуля» пад вялізны металургічны завод, будаўніцтва якога пачалося ў 1949 годзе.

Рашэнне аб будаўніцтве Нова-Хуты мела не толькі эканамічныя, але таксама і палітычныя прычыны. Умовай «будаўніцтва асноў сацыялізму ў Польшчы» была абвешчана хуткая індустрыялізацыя краіны. Таму ў такія галіны як металургія і машынабудаванне накіроўваліся вялікія інвестыцыі.

З іншага боку, паскораная індустрыялізацыя адбывалася на фоне сталінскага тэрору і існавання паводле нормаў матэрыяльнага аскетызму, навязаных грамадзянам. Гэта прывяло да выбуху злачыннасці на глебе разрыву сацыяльных сувязей. У выніку гвалтоўнай «казарменнай» урбанізацыі ў першыя гады будаўніцтва Нова-Хуты тут квітнела прастытуцыя і п'янства, карупцыя і крымінал, а людзі масава не з'яўляліся на працоўных месцах.

Часткова іх спрабавалі падмяніць зняволенымі і мясцовымі цыганамі, якіх гвалтоўна накіроўвалі на будоўлю. Эксперымент з цыганамі скончыўся сумна. Яны не былі прыстасаваныя да гарадскога ладу жыцця, і часам разводзілі вогнішчы прама ў кватэрах.

Зрэшты, у Нова-Хуце асядалі таксама выхадцы з сяла з традыцыйным мысленнем. Менавіта яны выступілі з ініцыятывай будаўніцтва ў горадзе касцёла.

Першапачаткова такія просьбы ўлады проста ігнаравалі. У планах пабудаваць Нову-Хуту як праграмны сацыялістычны горад, не прадугледжвалася месца для царквы. Аднак у 1956-м у краіне пачалася палітычная адліга. Новы партыйны бос Уладзіслаў Гамулка на сустрэчы з дэлегацыяй вернікаў запэўніў, што будаўніцтва храма не з'яўляецца праблемай для партыі. На будаўнічай пляцоўцы быў усталяваны драўляны крыж.

Аднак неўзабаве быў узяты курс на больш жорсткую палітыку ў дачыненні да Касцёла. Таму на канферэнцыях гаркама Польскай аб'яднанай працоўнай партыі і раённага савету Нова-Хуты было вырашана праект будаўніцтва замарозіць, а крыж зняць.

27 красавіка 1960 года каля 8:30 на месца, дзе знаходзіўся крыж, прыбыла брыгада рабочых. Аднак дэмантаваць крыж перашкодзілі звычайныя мінакі. Людзі сталі вакол крыжа, каб не дапусціць да яго рабочых. Паступова натоўп вырас да тысячы чалавек.

Каля 14:00 паліцыя пачала разганяць людзей, выкарыстоўваючы, у тым ліку, слёзатачывы газ. Магчыма, на тым быў бы і канец гісторыі. Аднак менавіта ў гэты час на заводзе скончылася першая змена, і частка працоўных далучылася да пратэстаў. Тут жа з'явіліся барыкады. Дэманстранты атакавалі офіс раённай адміністрацыі. Жыхары стыхійна арганізавалі дапамогу ўдзельнікам сутыкненняў, у тым ліку, выкідваючы бінты з вокнаў і хаваючы з сваіх кватэрах тых, хто ўцякаў ад паліцыі.

У адказ з Кракава падвезлі падмацаванне. Пасля гэтага паліцыя пачала масавыя аблавы, арыштоўваючы ўсіх, хто знаходзіўся паблізу месца падзей. У  дэманстрантаў стралялі. Пад дручкі паліцыі трапілі нават пажарныя, якія спрабавалі патушыць будынак гарадской адміністрацыі. Прыкладна а 23:00 улады ўзялі горад пад свой кантроль.

Дакладных звестак аб колькасці пацярпелых у выніку сутыкненняў няма. Спрэчным з'яўляецца і пытанне аб загінулых, хаця па сведчаннях жыхароў можна меркаваць, што яны былі. Паводле нявызначаных звестак, было зроблена 140 стрэлаў. Арыштавана каля 500 чалавек (у тым ліку 50 непаўналетніх), з іх 87 асуджаны да турэмнага зняволення, 119 аштрафаваны. Пасля падзеяў многія людзі страцілі працу.

Рэпрэсіі закранулі нават тых, хто не прымаў удзел у падзеях і, напрыклад, толькі фатаграфаваў ці лячыў параненых. Колькасць людзей, якія пацярпелі ад дзеянняў паліцыянтаў, ацэньваецца ў некалькі соцень. Многія людзі не звярталіся ў бальніцы, баючыся наступстваў.

Інфармацыя аб ахвярах падзей у СМІ не паведамлялася. У медыя ўдзельнікаў пратэстаў называлі групамі хуліганаў ці рэлігійнымі фанатыкамі. 

Аднак у выніку пратэстоўцы перамаглі. Хаця беспарадкі былі задушаны паліцыяй, настойлівасць жыхароў нарэшце прынесла вынікі: у 1967 годзе ў Нова-Хуце пачалося будаўніцтва першай царквы — Касцёла Маці Божай Каралевы Польшчы (Каўчэга Гасподня), якую адкрылі праз два гады, 18 траўня 1969 года.

Застаецца дадаць, што адкрываў той Касцёл кракаўскі біскуп Караль Вайтыла — будучы Папа Рымскі Ян Павел Другі. Ён жа раней адкрыта крытыкаваў ідэю зняцця крыжа: маўляў, той стаў аб'ектам культу, і яго зняцце будзе парушэннем кананічнага права, што абразіць пачуцці вернікаў. Як раз гісторыя вакол будаўніцтва касцёла ў Нова-Хуце зрабіла яго імя вядомым сярод палякаў. Ці стаў бы Караль Вайтыла пантыфікам, калі б прамаўчаў у 1960 годзе?