Бунт у прэрыях
Геаграфія рэгіёнаў, якія патрабуюць суверэнітэту, імкліва пашыраецца: Шатландыя, Ганконг, Каталонія… Цяпер пра сваю незалежную дзяржаву задумаліся ў заходніх правінцыях Канады.
Урад канадскай франкамоўнай правінцыі Квебек 9 лістапада прыняў гістарычнае рашэнне — дзяржаўныя паслугі ў рэгіёне, дзе 82 працэнты жыхароў з’яўляюцца франкафонамі, будуць надавацца выключна па-французску. Хаця чыноўнікі кажуць, што новая норма накіраваная на тое, каб прымусіць мігрантаў вучыць французскую мову, шмат хто з каментатараў пабачыў у гэтым чарговы крок Квебека ў бок незалежнасці.
Але цэнтр канадскага сепаратызму сёння знаходзіцца ў іншым месцы. У апошнія дні свет стаў сведкам рэнесансу руху за незалежнасць заходніх канадскіх правінцый (Альберта, Саскачэван, Манітоба, Брытанская Калумбія). Колькасць аматараў выхаду з Канады тут расце як на дражджах: ад 10 працэнтаў у Манітобе да 27 працэнтаў у Альберце. Адначасова паўстаў тэрмін Wexit — рух за выхад заходніх правінцый са складу краіны. Ужо створаная адпаведная палітычная партыя — Wexit Alberta.
Феномен Wexit галоўным чынам разглядаюць як рэакцыю тутэйшага грамадства на вынікі выбараў у федэральны парламент, якія прайшлі 18 кастрычніка. Дэпутацкую большасць у ім захавалі лібералы пад кіраўніцтвам Джасціна Трудо. На канадскім захадзе, дзе большасць галасавала за кансерватыўную апазіцыю, вынікі галасавання ўспрынялі вельмі балюча. Трудо вядомы як заўзяты змагар з кліматычнымі зменамі, што, на думку многіх, ставіць крыж на лакальных нафтагазавых праектах.
Прычым, гэта толькі кветачкі. Лібералы мараць да 2050 года ператварыць Канаду ў краіну, якая ўвогуле не прадукуе шкодных для атмасферы газаў, а гэта будзе мець адпаведныя наступствы для сыравіннай галіны.
Антыпатыя заходнікаў да Трудо — гэта амаль што фамільная рыса. Шмат хто памятае прэм’ерства П’ера Трудо — бацькі цяперашняга прэм’ера, які ў 1980-м падпарадкаваў «нафтанку» заходніх правінцый федэральнаму цэнтру. З тых часоў «трудафобія» стала адной з візітовак тутэйшай палітычнай культуры.
Згаданыя фактары абвастрыла так званая «заходняя фрустрацыя» — комплекс мясцовых жыхароў, што цэнтр ігнаруе іх інтарэсы, і ўвогуле не імкнецца іх зразумець. Гэта перакананне, паводле сацыялогіі, падзяляюць 56 працэнтаў насельніцтва заходніх правінцый. Трэба сказаць, што тэма — не выдумка культуролагаў. Дамінуючы на захадзе прыродны ландшафт — прэрыя, — выклікае ў абарыгенаў асаблівы светапогляд, не падобны да філасофіі жыхароў Таронта або Манрэлю. Хутчэй яго можна параўнаць з забабонамі жыхароў амерыканскага Захаду. Дарэчы, тую ж Альберту ў турыстычных гідах любяць называць «канадскім Тэхасам».
Нарэшце, сепаратысцкія сантыменты падсілкоўвае эканамічная статыстыка, паводле якой заходнія рэгіёны даюць у федэральны бюджэт на парадак больш, чым атрымліваюць.
Застаецца дадаць, што сепаратызм на канадскім захадзе — не экзотыка. Прыкладна з 1930 года падчас выбараў гучаць прамовы пра тое, што жыхары Альберты — асобная ад канадцаў нацыя. Навіны з Квебеку, які пашырае свае паўнамоцтвы, заўжды выклікалі зайздрасць у некаторых палітыкаў. У правінцыі дзейнічае Партыя незалежнасці, якая, праўда, атрымлівае на выбарах мізер.
Ці атрымаюць яны больш на хвалі цяперашняга сепаратысцкага ажыятажу? Перспектывы праекту пакуль незразумелыя. Складаецца ўражанне, што спікерамі Wexit з’яўляецца групоўка блогераў, што не маюць кансалідаванай палітычнай пазіцыі. Акрамя таго, тэму намагаюцца інструменталізаваць кансерватары. Кансерватыўны губернатар Альберты ўжо абвінаваціў Трудо ў тым, што яго палітыка выклікае рэгіянальны сепаратызм. Шмат у чым будучыня Wexit залежыць ад фармату кабінету, які павінны сфарміраваць лібералы.
У любым выпадку, наўрад ці Атава будзе спакойна назіраць за тым, што адбываецца на захадзе краіны. У канадскім Кабміне заявілі пра рашучы намер змагацца за адзінства краіны. «Канадцы ў Альберце і Саскачэване — ведайце, што вы важная частка нашай вялікай краіны. Давайце ўсе разам працаваць, каб аб’яднаць яе», — заявіў прэм’ер. Саюзнікамі лібералаў у барацьбе за адзінства, відавочна, стане вялікі сегмент грамадзянскіх ініцыятыў — эколагі, феміністкі, індзейскія арганізацыі, якія традыцыйна крытыкуюць энергетычныя праекты, і гэтак далей.
Зрэшты, Атава павінна быць заўжды гатовая да падобных выклікаў. Практычна ў кожнай правінцыі Канады ёсць сепаратысцкія групоўкі. Сваю (праўда, сатырычную) дзяржаву ў 1967 годзе абвясціў нават мікрараён у Таронта. Дзяржава мае пашпарты, каралеву, і нават армію, якая складаецца з дзяцей да 14 гадоў і ўзброеная паветранымі балонікамі.