Час і палітыка

Паўночная Карэя ў гэтую ноч ўвяла ў краіне асобны час, каб «не жыць у адным часавым поясе з імперыялістычнымі марыянеткамі з Сеулу». Апоўначы гадзіннікі перавялі назад на паўгадзіны. Але ідэя Кім Чэн Ына не арыгінальная.



rtxcfs0.jpg

Палітычныя супярэчнасці наконт таго, як павінна выглядаць табло гадзінніка, выявіліся яшчэ на першай мерыдыяльнай канферэнцыі 1884 года ў Вашынгтоне, дзе былі зафіксаваныя часавыя паясы і ўведзены славуты нулявы мерыдыян, які, як вядома, праходзіць па Грынвічу. Варыянт з Грынвічам не вельмі спадабаўся шэрагу краін. Увогуле, на працягу гісторыі было каля 30 варыянтаў нулявога мерыдыяну, уключаючы славуты Мерыдыян Фера — мерыдыян, які праходзіць праз Канарскі востраў Іеро (раней Фера), пра які ў 150 годзе пісаў яшчэ Клаўдзій Пталамей.

Найбольш былі незадаволеныя Грынвічам французы, у якіх з XVII стагоддзя быў свой нулявы парыжскі мерыдыян. Суперніцтва паміж Парыжам і Грынвічам мела таксама экзатэрычны прысмак. У колах акультыстаў парыжскі мерыдыян чамусьці разглядаўся як частка плану масонаў. Лічылася, што гэта лінія паказвае шлях да нейкай сакральнай тайны ордэну. Гэтая байка ў нашы часы была выкарыстаная аўтарам кнігі «Код да Вінчы».

Не падтрымала вынікі Вашынгтонскай канферэнцыі і Расійская імперыя. На геаграфічных картах Расійскай імперыі з 1840-х гадоў нулём адліку часу быў Пулкаўскі мерыдыян — мерыдыян, які праходзіць праз цэнтр Круглай залы галоўнага будынка Пулкаўскай абсерваторыі, што пад Санкт-Пецярбургам. Цікава, што той мерыдыян таксама праходзіў і праз Магілёў. Турыст, які прыязджаў, напрыклад, у еўрапейскую частку Расійскай імперыі, павінен быў перавесці стрэлкі на сваім гадзінніку на 2 гадзіны адну хвіліну і 18 секунд наперад. Урад Расіі не далучаўся да міжнароднай сістэмы часавых паясоў аж да Кастрычніцкай рэвалюцыі.

Наступная рэвізія вынікаў Вашынгтонскай канферэнцыі была звязаная з праблемай летняга часу. Сутнасць спрэчкі вядома кожнаму. Адны лічаць, што за кошт пераводу стрэлак можна павялічыць светлую частку сутак, што спрыяе эканоміі. Іх апаненты кажуць, што штучны час кепка ўплывае на арганізм.

Яшчэ з пачатку ХХ стагоддзя на Захадзе пачаліся дэбаты наконт ідэі пераводзіць стрэлкі ўзімку і ўлетку. За кожным лагерам стаяла сур’ёзнае лобі. Кропку ў гэтай дыскусіі паставіла Першая сусветная вайна, калі краіны дзеля эканоміі энергіі пачалі адна за адной уводзіць летні час. Піянерам аказалася Германія ў 1916 годзе. Яе прыкладу паследавалі краіны Атланты, уключаючы ЗША ў 1918-м.

Вайна прывяла таксама да часавых рэформаў на акупаваных тэрыторыях. Так, пасля фактычнай акупацыі Украіны нямецкімі войскамі ў 1918 годзе ў Кіеве было прынята рашэнне аб пераводзе ўкраінскіх гадзіннікаў з расійскага часу на берлінскі.

Часавая рэформа шмат для каго стала сімвалам вайсковага — чытай ненармальнага — стану. Таму пасля заканчэння Першай сусветнай шмат якія краіны вярнуліся да старых правіл. Гэта ў сваю чаргу выклікала шэраг канфліктаў паміж цэнтральным урадам і мясцовымі ўладамі, якія намагаліся эканоміць і далей. Напрыклад, Нью-Ёрк нейкі час жыў па «вайсковаму часу», а штат навокал — па «мірнаму». Увогуле, вайна «за» і «супраць» пераводу стрэлак не закончыліся на Захадзе дасюль. Апошняй арэнай канфрантацыі была Аўстралія, дзе ў штаце Кліўленд у 2009 годзе нават давялося праводзіць рэферэндум наконт гэтага пытання. На плебісцыце з 55 працэнтамі галасоў падтрымкі верх узялі праціўнікі пераводу стрэлак.

Апісаны феномен успрыняцця ў масавай свядомасці пераводу стрэлак згуляў забаўны жарт з Гітлерам. Германія пасля Версалю таксама вярнулася да даваеннага часу. Толькі на другі год вайны ў 1940-м у Берліне вырашылі ўвесці зімовы і летні час. Улетку 1942-га, калі Вермахт прарваў фронт на поўдні СССР і пачаў імклівы наступ у напрамку Волгі і Каўказу, фюрэр пастанавіў адмовіцца ад летняга часу, што мусіла сімвалічна значыць хуткі канец вайны і пачатак нармалізацыі сітуацыі. Аднак гісторыя вырашыла інакш, і хутка немцы зноў пачалі пераводзіць стрэлкі.

Канчаткова практыку зімовага і летняга часу ў Еўропе замацаваў энергетычны крызіс 1973 года. Пасля таго, як нафта зноў стала таннай, тыя рашэнні не пераглядалі, паколькі тэма рацыянальнага выкарыстання энергіі нефармальна стала часткай ідэалогіі ЕС. А вось на ўсходзе кантыненту дасюль пануе анархія. Свой мясцовы час быў адным з першых патрабаванняў рухаў за незалежнасць у рэспубліках СССР. Той жа лозунг падхапілі сепаратысты ў новых дзяржавах. Напрыклад, у 1990-я гады лакальны час быў у Закарпацці і ў Крыме. Перайсці на маскоўскі час збіраюцца сепаратысты Данбасу.

Ісламская рэвалюцыя ў Іране і рост ролі ісламу паўплывалі на час у краінах з мусульманскім насельніцтвам. Тут паступова адмовіліся ад пераводу стрэлак, паколькі, на думку знаўцаў ісламу, гэта парушае нормы, якім павінны следаваць вернікі ў святы месяц Рамадан. Пачынаючы з 2008 года ідзе дыскусія пра тое, каб мусульманскія краіны разам перайшлі на час Меккі, дзе павінен праходзіць нулявы мерыдыян.

Апошнія буйныя гульні з пераводамі гадзіннікаў мелі месца ў Расіі і ў Венесуэле. Як вядома, прэзідэнцкая кадэнцыя Мядзведзева запомнілася адмовай ад летняга часу. Хаця палітычнай матывіроўкі тут не было, пазней яна з’явілася дзякуючы Беларусі. Мінск таксама адмовіўся ад пераводу стрэлак, матывуючы гэта таксама геапалітычнай салідарнасцю.

У 2006 годзе прэзідэнт Венесуэлы Уга Чавес змяніў часавы пояс краіны. Па патрабаванні Уга гадзіннікі былі пераве­дзеныя на паўгадзіны назад, у выніку чаго мясцовы час стаў адрознівацца ад грынвічскага на чатыры з паловай гадзіны, а не на чатыры, як раней. Па словах аднаго з чыноўнікаў у Каракасе, новаўвядзенне мусіла дапамагчы дзецям з бедных сем’яў, якім даводзіцца ўставаць да ўзыходу сонца, каб ісці ў школу.

Аднак гульні са стрэлкамі — не самае жудаснае, што могуць рабіць палітыкі.