Халіф — не сапраўдны

Абвешчаная тэрарыстамі Ісламская дзяржава Сірыі і Лівану (ISIS) існуе прыкладна паўгода. І за гэты час ужо паспела займець ворагаў — курды, феміністкі, адміністрацыя Абамы, кіраўніцтва Ірана… Але найбольш арыгінальны крытык праекту Ісламскай дзяржавы — 90-гадовы грамадзянін ЗША Асман Баязід. 



bayezid_osman.jpg

Асман Баязід
Баязід і яго прыхільнікі лічаць, што стваральнікі ISIS — самазванцы, паколькі называцца халіфам (так называе сябе кіраўнік ісламістаў Абу Бакр аль-Багдадзі) можа выключна нашчадак Асманаў.  Асман Баязід належыць да дынастыі Асманаў, ён нашчадак вялікага султана Сулеймана. Дынастыя кіравала Асманскай імперыяй (халіфатам) з 1281 па 1922 гады і была заканадаўча скасаваная ў 1923-м. На змену ёй прыйшла Турэцкая Рэспубліка, а самі чальцы султанскай сям’і эмігравалі ў Францыю, дзе ў 1924 годзе і нарадзіўся Асман.

Калі б не рэспубліка, то Асман стаў бы вялікім султанам і пражыў бы жыццё без асаблівых турбот. Аднак будучы звычайным эмігрантам, ды яшчэ без бацькі, які пайшоў з сям’і, яму давялося самому прабіваць дарогу ў жыцці.


Але барацьба за хлеб надзённы не прымусіла Асмана адмовіцца ад тытула халіфа — назва самога высокага тытула ў мусульман.
У розныя часы погляды на гэты тытул былі рознымі. Для дынастый Амеядаў і Абасідаў халіф — гэта тытул кіраўніка, які ён атрымліваў у спадчыну. Гэты тытул для іх злучаў у сабе неабмежаваную вышэйшую духоўную і свецкую ўладу. Для харыджытаў халіф — выбарны кіраўнік, абмежаваны воляй мусульманскай абшчыны. У Егіпецкім султанаце халіфы з’яўляліся выключна духоўнымі лідарамі, пакідаючы свецкае кіраванне султанам. Шыіты лічаць, што халіфам можа быць толькі нашчадак Алі — адзін з родзічаў Мухамеда, тым самым выкрэсліваючы прадстаўнікоў дынастыі Амеядаў са спісу халіфаў. 
Ва ўсім гэтым хаосе падыходаў прэтэнзіі Асмана Баязіда на тытул халіфа выглядалі не так ужо і кепска. Яго продкі пры жыцці былі прызнаныя халіфамі большай часткай ісламскага свету, нават не будучы пры гэтым роднымі Мухамеда. Пачалося з таго, што асманскіх султанаў у зеніце іх славы і магутнасці ахапіла мара — стаць у дадатак і халіфамі. Праблема была вырашана ў пачатку ХVІ стагоддзя, калі султан Селім Першы захапіў арабскія тэрыторыі, узяў у палон апошняга Абасіда, прывёз яго на бераг Басфору і пасадзіў у турму. У выніку той пагадзіўся перадаць паўнамоцтвы халіфа Селіму. 
Аднак напоўніцу эксплуатаваць брэнд халіфа султаны пачалі пасля паразы ў руска-турэцкай вайне 1768–1774 гадоў, пасля якой быў падпісаны ганебны для туркаў мір. Паводле яго Турцыя фактычна адмаўлялася ад Крыму і Кубані, дазваляла расійскаму флоту вольны праход праз Басфор і прызнавала за Расіяй права абараняць правы хрысціян у дунайскіх княствах Асманскай Імперыі. Але ў тэкст мірнай дамовы быў дададзены пункт пра тое, што султан з’яўляецца заступнікам усіх мусульман ва ўсім свеце. Тут і ўзгадалі пра тэму халіфа. Заходнія дзяржавы, якія падтрымлівалі слабеючы на вачах Канстанцінопаль, не толькі віталі новую іпастась султана, аднак і ахвотна пачалі раскручваць яго імідж заступніка ўсіх мусульман у сваіх калоніях. 
Праўда, не ўсе пагадзіліся з новымі паўнамоцтвамі кіраўнікоў Асманскай імперыі. Прынцыпова адмаўляліся прызнаць яго яшчэ тады халіфам султан Марока, прыхільнікі прарока Махдзі з Судану, вахабіты з Аравіі. Яшчэ да такога, як турэцкі парламент заканадаўча ліквідаваў халіфат, халіфам абвясціў сябе былы правадыр антытурэцкага арабскага паўстання легендарны Хусейн ібн Алі. Аднак нягледзячы на ўсё гэта, менавіта Асманскі дом застаўся вядучым прэтэндэнтам у негалоснай барацьбе за статус халіфа.
Аднак цяпер нечакана ў Асмана Баязіда з’явіўся канкурэнт. Пасля таго, як у ліпені ісламісты ўзялі Масул, Абу Бакр аль-Багдадзі — лідар іх групоўкі — выдаў дэкрэт пра тое, што ён і ёсць новы халіф. Такую пасаду займець, паводле яго словаў, яму дазваляюць асабістыя якасці: глыбокія рэлігійныя пачуцці, лідарскі талант і галоўнае — далёкія роднасныя сувязі з прарокам Мухамедам. 

Хутчэй за ўсё, Абу Бакр аль-Багдадзі прысвоіў сабе тытул халіфа ў мэтах мабілізацыі прыхільнікаў джыхаду. Тэма адраджэння халіфату — адна з цэнтральных у пракламацыях ісламістаў. 


Узурпацыя тытулу халіфа выклікала цікавую дыскусію сярод ісламскіх багасловаў і палітыкаў. Натуральна, больш за ўсё непакояцца прыхільнікі Асманаў. Яны разгарнулі сапраўдную кампанію вакол тэзісу пра тое, што халіф несапраўдны. На іх думку, лідар тэрарыстаў парушыў усе правілы абрання халіфа. Дарэчы, суніты лічаць, што для абрання халіфа патрэбна правядзенне ўнутры абшчыны простага адкрытага галасавання (гэта значыць, уносіцца шэраг прапаноў аб годных кандыдатурах, якія даказалі ў грамадстве свае неабходныя навыкі ў справе кіравання, а пасля большасцю галасоў абіраецца халіф). 
А вось іншыя багаслоўскія школы і знаўцы ісламу бачаць у постаці і ўчынках новага халіфа хутчэй доказ таго, што ад халіфату мусульманам трэба адмаўляцца. Ідэя халіфату, паводле іх словаў, з’яўляецца анахранізмам і ўтопіяй, а зараз яшчэ і дыскрэдытацыяй. 
Сапраўды, новы халіф і яго ўчынкі пакуль выклікаюць толькі жах. Асабліва пасля відэа смяротнага пакарання журналістаў. Адзін мула з Германіі нават заклікаў на знак пратэсту супраць ISIS пісаць назву самаабвешчанай дзяржавы выключна ў двукоссі. 
Так ці інакш, сама ідэя халіфату цяпер становіцца ў ісламскім свеце маргінальнай. Як піша выданне «Huffington Post», гульня Абу Бакр аль-Багдадзі ў халіфа прывядзе да таго, што правадыры іншых ісламскіх тэрарыстаў таксама абавязкова пачнуць называць сябе халіфамі.