Ці будзе Корсіка незалежнай?

Экспертная супольнасць Францыі аналізуе абяцанку прэзідэнта Эмануэля Макрона даць Корсіцы аўтаномію.

Ілюстрацыйная выява, pixabay.com

Ілюстрацыйная выява, pixabay.com


Аўтаномію Макрон паабяцаў карсіканцам падчас выступу 29 верасня ў Аячо (сталіца выспы). Прамова, як выказаўся сам Макрон, была «гістарычнай». Цяжка з гэтым не пагадзіцца. Ніколі раней французскі прэзідэнт адкрыта не падтрымліваў аўтаномію тэрыторыі, якая з’яўляецца часткай Францыі з таго часу, як была набыта ў генуэзцаў у 1768 годзе.

Аўтаномія, па словах французскага прэзідэнта, «дазволіць Корсіцы захаваць сваю душу». «Я за тое, каб спецыфіка Корсікі была ўключаная ў асобны артыкул Канстытуцыі», — заявіў Макрон.

Праўда, ён тут жа даў зразумець, што аўтаномія Корсікі «не павінна быць накіравана супраць французскай дзяржавы і павінна заставацца пры гэтым у межах рэспублікі». Цяжка зразумець, што гэта значыць. Адзіная канкрэтыка — ідэя стварэння камісіі, якая на працягу шасці месяцаў прадставіць праект пагаднення аб той самай аўтаноміі.

Макрон таксама падтрымаў выкладанне карсіканскай мовы, каб яна стала «сэрцам кожнага карсіканца». Аднак прэзідэнт супраць прызнання карсіканскай мовы афіцыйнай нароўні з французскай.

Увогуле патрабаванні аўтаноміі Корсікі гучаць ужо шмат гадоў. У 2000 годзе прэм'ер-сацыяліст Ліянэль Жаспен нават пагадзіўся пашырыць аўтаномію Корсікі ў абмен на спыненне гвалту, аднак чамусьці далей справа не пайшла. Магчыма таму, што многія правыя палітыкі баяліся і дасюль баяцца, што занадта вялікая аўтаномія выспы прывядзе да распаду Францыі. 

Глядзіце таксама

Гісторыя працягваецца. Партыя «Нацыянальнае аб'яднанне», якой кіруе Марын Ле Пэн, ужо абвінаваціла Макрона ў спробе «разбурыць французскую нацыю».

Зрэшты, праціўнікаў аўтаноміі шмат сярод умераных палітыкаў. Многія з іх апелююць да заветаў якабінскай традыцыі. Лідары французскай рэвалюцыі жорстка змагаліся з прыхільнікамі рэгіянальнай аўтаноміі. «Рэспубліка адзіная і непадзельная», — так гучаў адзін з лозунгаў рэвалюцыі 1793 года.

З іншага боку, рэакцыя карсіканскіх нацыяналістаў на прамову Макрона сведчыць аб тым, што яны таксама не занадта вераць Парыжу. 

Жыль Сімяоні (Gilles Simeoni), умераны нацыяналіст і кіраўнік рэгіянальнай адміністрацыі Корсікі, вітаў выступленне прэзідэнта, адзначыўшы, аднак, што Макрон казаў вельмі абстрактна пра тую аўтаномію. У тым жа духу пракаментаваў выступ Макрона Жан-Гі Таламоні (Jean-Guy Talamoni), кіраўнік радыкальнага лагера прыхільнікаў незалежнасці выспы. Ён не пабачыў у словах прэзідэнта «ніякіх крокаў па выратаванні нашай мовы, прызнанні правоў карсіканскага народа — насамрэч нічога гістарычнага».

Не выключаюць, што Макрон за кошт абяцання аўтаноміі проста меў намер супакоіць эмоцыі жыхароў вострава. Сітуацыя застаецца напружанай пасля выпадку з Іванам Калонна (Yvan Colonna), лідарам радыкальнай фракцыі незалежнікаў. У 1998 годзе той быў асуджаны на пажыццёвае зняволенне за забойства прэфекта Клода Эрыньяка, вышэйшай службовай асобы французскай дзяржавы на востраве.

Падзея скампраметавала нацыяналістаў. У канчатковым выніку гэта падштурхнула нацыяналістычны лагер адмовіцца ад узброенай барацьбы і далучыцца да дэмакратычнага працэсу. Аднак Калонна для многіх застаўся культавай фігурай.

Таму калі ў маі 2022-га сукамернік забіў Калонну, гэта выклікала хвалю беспарадкаў. Тысячы пратэстоўцаў маршыравалі па гарадах і пасёлках па ўсім востраве, трымаючы транспаранты з надпісамі «Statu Francese Assassinu» («Французская дзяржава — забойца») і «I Francesi fora» («Далоў французаў»). Прапанова Макрона наконт аўтаноміі адназначна дапаможа стабілізаваць сітуацыю на востраве.

Корсіка, пратэсты пасля забойства Калонны

Корсіка, пратэсты пасля забойства Калонны

Зрэшты, стабілізацыя Корсікі за кошт абяцанкі аўтаноміі можа ў будучым мець вельмі вялікі кошт для 5-й рэспублікі. Нельга выключыць, што іншыя французскія рэгіёны (перш за ўсё Брэтань, дзе моцныя нацыяналістычныя традыцыі) скарыстаюцца прэцэдэнтам з Корсікай, каб запатрабаваць пашырэння ўласных паўнамоцтваў. 

Эксперты гавораць аб пагрозе паўтарэння сітуацыі ў Іспаніі, дзе існуе канкурэнцыяй паміж мясцовымі адміністрацыямі: рэгіёны з малымі паўнамоцтвамі імкнуцца атрымаць такі ж статус, як Каталонія і Краіна Баскаў, якія карыстаюцца асаблівымі прэрагатывамі.

Пакуль цяжка канчаткова прагназаваць, якія будуць наступствы прамовы Макрона, аднак відавочна, што разгарнуць сітуацыю назад ужо не атрымаецца. 

«Аўтаномія традыцыйна была табуяванай тэмай, якая разглядалася як нешта, што падрывае адзінства Французскай Рэспублікі. Але зараз мы сталі сведкамі змены стаўлення адносна гэтага пытання. Макрон перайшоў Рубікон», — адзначае выданне France24.