Чым закончыцца Еўрамайдан?

Ці працягнуцца пратэсты ва Украіне? Апазіцыя абяцае працягнуць акцыю пратэсту на Майдане Незалежнасці, якая, па іх словах, павінна закончыцца адстаўкай як мінімум ураду Азарава.



maidan_.jpg

На Майдане Незалежнасці з 24 лістапада праходзіць перманентны мітынг. А 27 лістапада з Еўрапейскай плошчы сюды перабраліся жыхары намётавага гарадку (300–400 чалавек) аранжавай апазіцыі. Хутчэй за ўсё, яны тут і застануцца.

Пакуль акцыя знешне не выглядае асабліва небяспечнай для інстытутаў улады. Пасля вялікай маніфестацыі ў нядзелю 24 лістапада ў цэнтры ўкраінскай сталіцы стала знаходзіцца максімум тысяча чалавек. Увечар колькасць людзей павялічваецца за кошт тых, хто прыходзяць сюды з працы або вучобы. Аднак гэта нават блізка не падобна да Майдану 2004-га, геаграфія якога ўключала некалькі кварталаў вакол плошчы, а колькасць сталых жыхароў у намётах ішла на дзясяткі тысяч.

Невялікую колькасць удзельнікаў Майдану апазіцыйныя СМІ тлумачаць негатыўным стаўленнем людзей да палітыкаў і траўмай, што пакінула палітыка Юшчанкі, якога Майдан прывёў да ўлады. Дарэчы, апошні заявіў, што гатовы ўзначаліць Еўрамайдан, чым вельмі павесяліў інтэрнэт-супольнасць.

Яшчэ да Еўраймайдану ў прэсе пісалі пра неабходнасць шукаць новыя формы пратэсту. Менавіта таму на Майдане, у адрозненні ад пляцоўкі перад Еўрапейскім домам, была забароненая партыйная сімволіка, акрамя нацыянальнай і бандэраўскай. Даходзіла нават да сутычак з тымі, хто прыцягнуў з сабой, скажам, партыйны банер. У дадатак арганізатары Майдану паспрабавалі ўзнавіць атмасферу дзевяцігадовай даўніны, з яе наіўнай верай у хуткія перамены і са шчырым энтузіязмам мас. Тут можна падысці да мікрафону і выказаць сваё разуменне еўрапейскага выбару. Часам натоўп перабівае аратара, які спрабуе казаць пра нейкія палітычныя актуаліі. «Без палітыкі, без палітыкі!» — крычаць студэнты, якія складаюць касцяк маніфестантаў.

Пасля таго, як партыйныя пратэстоўцы з Еўрапейскага Майдану пераехаў на беспартыйны Майдан Незалежнасці, у прэсе пачалі казаць пра пахаванне акцыі. «Партыйная масоўка сваёй арганізаванасцю задушыць анархісцкі энтузіязм «беспартыйцаў», і ўжо заўтра тон на пляцоўцы вакол манумента незалежнасці будуць задаваць партыі. Студэнтам жа застанецца скакаць і крычаць: «Хто не скача, той маскаль!» (вельмі зараз папулярная крычалка). Белым гаспадарам падабаюцца скокі тубыльцаў», — піша адзін з аглядальнікаў.

Менавіта на студэнтаў робіцца галоўная стаўка апазіцыі. Усе памятаюць, што ў кастрычніку 1991-га менавіта студэнты дабіліся адстаўкі ўраду. 26 лістапада ў Кіеве пачалі страйк тры ВНУ — два гуманітарных і эканамічны. Прыкладна паўтары тысячы людзей, якія збеглі з заняткаў, зрабілі карцінку на тэлебачанні, аднак на Майдане таксама не засталіся. Пасля рытуальнага: «Хто не скача, той маскаль!» разбегліся сядзець у сваіх чатах. Левая апазіцыя ў сувязі з гэтым падкрэслівае, што на акцыі няма ніводнага сацыяльнага лозунга. На іх думку, сітуацыя студэнцкай дамінанты ў апазіцыйным руху ў адсутнасці кантактаў з сацыяльным пратэстам можа надоўга закансерваваць існуючы несур’ёзны ў вачах абывацеля моладзевы фармат Майдану.

Сапраўды, цяжка сказаць, наколькі «беспартыйнасць» мае практычны эфект. Вельмі часта спічы выступоўцаў, які гавораць «без палітыкі», дастаткова наіўныя. Па сутнасці, яны пастаянна паўтараюць словы пра тое, як жа файна будзе, калі ўкраінцам не трэба будзе шэнгенская віза, калі ва Украіне будзе еўрапейская судовая сістэма, еўрапейскія пенсіі г. д. Хапае і яўных вар’ятаў. Напрыклад, адзін з аратараў заклікаў Еўрапейскую камісію прыняць у склад ЕС у якасці асобнай дзяржавы тэрыторыю Майдана і ўдзельнікаў пратэстаў. Што тычыцца моладзі, то яна часта рвецца да мікрафона, выключна для таго, каб кінуць у натоўп той самы лозунг: «Хто не скача, той маскаль!». Пасля гэтага ўся прысутная людская маса пачынае весела скакаць, заражаючы сваім энтузіязмам нават турыстаў з Расіі, якія прыйшлі паглядзець на карнавал.

Рэакцыя ўлады на тыя скокі пакуль вельмі спакойная. Вертыкаль намагаецца імітаваць актыўныя перамовы наконт еўраінтэграцыі, плюс дэманстратыўна падколвае апазіцыю. 26 лістапада выконваючы абавязкі мэра Кіева наведаў палатачны гарадок на Еўрапейскай плошчы, каб даведацца, ці не патрэбна апазіцыянерам чагосьці. Ну а Януковіч увогуле сказаў, што «апладзіруе тым, хто выйшаў на Еўраймадан».

Відавочна, што ў адміністрацыі Віктара Януковіча жадаюць выйграць час. За апошнія дзевяць гадоў у цэнтры Кіева было безліч акцый пратэстаў: падатковы Майдан, Чарнобыльскі Майдан, «Урадзіеўскі Майдан (Урадзіеўка — вёска на Херсоншчыне, дзе міліцыянты згвалтавалі жанчыну, што выклікала агульнанацыянальны пратэст супраць міліцэйскага гвалту), Афганскі Майдан і г.д. Усе яны ў выніку заканчваліся практычна нічым, паколькі грамадства хутка губляла да іх інтарэс. Мяркуючы па ўсім, на Банкаўскай лічаць, што Еўрамайдан хутка ўсім надакучыць і папоўніць калекцыю Майданаў, якія сканфузіліся.

Аднак нават пры такім мінорным для апазіцыі сцэнары, праблема асацыяцыі Украіны з ЕС не здымаецца з палітычнай павесткі. Улада столькі часу дражніла ўкраінцаў еўраморкаўкай, што зняць тэму будзе вельмі цяжка. Прынамсі, пакуль не зразумела, як гэта зрабіць. А апошнія падзеі давялі, што пратэстны рэсурс ва Украіне вельмі моцны.

Хаця займацца прагнозамі на будучыню пакуль рана. Магчымы варыянт выхаду Еўрамайдана на большы маштаб звязваюць з масавай негатыўнай рэакцыяй на сам факт непадпісання дамовы пра асацыяцыю 29 лістапада.