Цімашэнка папрасіла ЕС падпісаць дамову аб асацыяцыі і без яе вызвалення

Былы прэм'ер-міністр Юлія Цімашэнка апублікавала 27 лістапада новы зварот, у якім заклікала кіраўнікоў Еўрапейскага саюза падпісаць пагадненне аб асацыяцыі з Украінай, калі на гэта «пад ціскам вялікага паўстання ўкраінцаў на ўсіх еўрамайданах ва Украіне і па ўсім свеце» усё ж пагодзіцца прэзідэнт Віктар Януковіч, «без ваганняў і ўмоў, у тым ліку і тых, што тычацца майго вызвалення».



yulia1.jpg

Як гаворыцца ў заяве, якую зачытала ў Харкаве дачка і абаронца былога прэм'ера Яўгенія Цімашэнка, гэтым ЕС дапаможа «усёй нацыі пераадолець цывілізацыйную прорву». «Гэта своеасаблівая "машына часу", якая здольная выхапіць нас з мінулага і перамясціць у еўрапейскую рэальнасць, у сям'ю вольных грамадстваў», — заявіла былы прэм'ер. Па словах Цімашэнкі, «трэба вызваляць не толькі асобных палітвязняў, а трэба вызваляць Украіну».
На думку былога прэм'ера, калі Януковіч не падпіша пагадненне паслязаўтра ў Вільні, «ён ужо яго не падпіша ніколі».
Яна таксама заклікала ЕС у выпадку, калі прэзідэнт «сарве» падпісання пагаднення ў Вільні, не пакідаць «дыктатуры ва  Украіне тэрыторыі для выжывання».
«Без Украіны не будзе моцнай аб'яднанай Еўропы», — заявіла Юлія Цімашэнка.
Былому прэм'еру, якая знаходзіцца цяпер у лякарні ў Харкаве, сёння споўнілася 53 гады.
Яе вызваленне ці хаця б прадастаўленне ёй магчымасці выйсці з-пад варты для лячэння за мяжой на тых ці іншых умовах было адным з фактычных умоў Еўрапейскага саюза для падпісання пагаднення аб асацыяцыі з Украінай, на якое спадзяваліся на саміце ініцыятывы ЕС «Усходняе партнёрства» у Вільні ў Літве ў канцы гэтага тыдня.
Але на мінулым тыдні ўрад Украіны выдаў распараджэнне, якім прыпыніў падрыхтоўку да падпісання пагаднення аб асацыяцыі з ЕС на Віленскім саміце. Ва ўрадзе гэтае рашэнне тлумачылі эканамічнымі праблемамі і неабходнасцю палепшыць адносіны з Расіяй, якая ў апошні час, напярэдадні Вільнюскага саміту, шматкроць засцерагала Украіну ад падпісання пагаднення, абяцаючы рэзкае пагаршэнне эканамічных сувязяў паміж краінамі і ўжо ажыццявіла шэраг крокаў да такога пагаршэння.
У Еўрасаюзе выказалі шкадаванне з нагоды гэтага рашэння і заявілі, што дзверы ў асацыяцыі з боку ЕС застаюцца адчыненыя. Ва Украіне гэта ж рашэнне выклікала шэраг пратэстаў, вядомых як еўрамайданы.
radiosvoboda.org