Чалавекам года па версіі Time стала Грэта Тунберг

Часопіс Time назваў шведскую экаактывістку Грэту Тунберг чалавекам 2019 года.

 INSTAGRAM.COM/GRETATHUNBERG

 INSTAGRAM.COM/GRETATHUNBERG

Выступаючы на саміце ААН па клімаце, 16-гадовая экаактывістка выказала меркаванне, што наступнае дзесяцігоддзе стане вырашальным для Зямлі.
Яна абвінаваціла сусветных лідараў у выкарыстанні «шчылін, падступных лічбаў і выдасканаленага піяру» з мэтай пазбегнуць рашучых дзеянняў.
На днях бразільскі прэзідэнт Жаір Балсанару назваў Тунберг «нявыхаваным дзіцем».
«Небяспечней за ўсё, калі палітыкі і топ-менеджары імітуюць дзейнасць, а фактычна нічога не адбываецца», — заявіла Грэта з трыбуны саміту ў Мадрыдзе, сарваўшы апладысменты аўдыторыі.
На думку актывісткі, саміты, накшталт цяперашняга, звяліся да пустых дыскусіяў і пошуку адгаворак.
«Праз тры тыдні мы ўступім у новае дзесяцігоддзе, якое вызначыць нашу будучыню. Пакуль не бачна ніводнага пробліску надзеі, і мы ў роспачы», — сказала яна.
Грэта Тунберг праславілася ў 2018 годзе, калі стала кожную пятніцу замест заняткаў у школе праводзіць адзіночныя пікеты з экалагічнымі патрабаваннямі ля будынка шведскага рыксдага.
У кантэксце сваёй школьнай забастоўкі ў Швецыі Тунберг сказала: «Я як быццам паміраю ўнутры, калі не пратэстую».
У 11 гадоў у яе дыягнаставалі сіндром Аспергера — лёгкую форму аўтызму, якая характарызуецца схільнасцю да чорна-белага ўспрымання рэальнасці, катэгарычнасцю меркаванняў і канцэнтрацыяй на пэўным наборы інтарэсаў і заняткаў.
Стаўленне да Грэты Тунберг у свеце распасціраецца ад высмейвання да захаплення. Некалькі левых дэпутатаў шведскага і нарвежскага парламентаў намінавалі яе на Нобелеўскую прэмію міру 2019 года.
На Захадзе выказваліся канспіралагічныя здагадкі, што за актыўнасцю і папулярнасцю Грэты Тунберг стаіць Масква, а ў Расіі — Фонд Сораса.
Паводле bbc.com