Да і пасля гей-прайду

Ва Украіне абвастрылася і так складаная палітычная сітуацыя. Cаюзнікі па Майдану пасварыліся з-за тэмы правоў сексменшасцяў. Знайсці метафізічны сэнс гэтых падзей чытачам НЧ дапамагае кіеўскі палітолаг Юрый Палянін.



1635269.jpg

Гей-прайд у Кіеве

— Правы сектар заклікаў да акцыі супраць правядзення гей-прайду, які, у сваю чаргу, падтрымала ліберальная фракцыя Майдану. На блізкім да ПС сайце з’явіўся артыкул з пагрозамі на адрас усёй ліберальнай прамайданаўскай інтэлігенцыі, якую абвінавацілі ў касмапалітызме і амаралізме. Расійская прэса трактуе гэта як сіндром Талібану. Лібералы, маўляў, каб захапіць уладу, зрабілі стаўку на ўльтраправых, якія, аднак, адмовіліся быць марыянеткамі.

— На самай справе, так званы Тыдзень роўнасці ў абарону правоў ЛГБТ праходзіць ва Украіне штогод, і перыядычна ён звяртаў на сябе ўвагу гамафобаў. Эскалацыя вакол мерапрыемства мае штучны падмурак. Групоўка Парашэнкі актыўна падтрымлівала парад, каб давесці замежнікам, што менавіта яна з’яўляецца прамоўтарам еўрапейскіх каштоўнасцяў. У сваю чаргу, Правы сектар, звязаны з алігархам Каламойскім, накачваў сабе рэйтынг за кошт папулярных сярод простых украінцаў гамафобных забабонаў. За кулісамі пазіцый стаяць інтарэсы кланаў. У сваю чаргу, апошнія падзеі сведчыць пра тое, што этап алігархічных войнаў ва Украіне працягваецца. Пасля таго, як на Майдане была разбурана створаная яшчэ пры Кучме мадэль, дзе прэзідэнт выконваў функцыі «смотрящего», новай кампраміснай для ўсіх схемы дасюль не нарадзілася.

1635265.jpg

 Гей-прайд у Кіеве

— Які можа быць сцэнар і вынік алігархічнай вайны?

— Самы непрадказальны, паколькі, як давялі гей-прайд і разгон Майдана, гэта будзе разборка па абсалютна новых для Украіны правілах. Высвятляецца, што ў краіне існуе такая з’ява, як парамілітарныя групоўкі, якія маюць дах ва ўладзе. Штурмавікі Каламойскага білі геяў, а штурмавікі Клічко разагналі фінансавы Майдан. Пры гэтым міліцыя не ў стане нічога ім супрацьпаставіць, паколькі ўсе пагромшчыкі выяўляюць сябе як герояў АТА, а свае ўчынкі матывуюць абаронай спадчыны рэвалюцыі годнасці. Як правіла, міліцыя не рызыкуе ўзбуджаць справы па больш суровых за «хуліганства» артыкулах, нават калі, як на тым жа гей-прайдзе, міліцыянер з раненнем у шыю ад гранаты трапіў у рэанімацыю.

Гэта праблема значна больш сур’ёзная, чым права геяў на публічнае шэсце. Для прыкладу возьмем музей «Кіеўская крэпасць», адзін з залаў якога падчас Майдану захапіла нейкая сотня. На самай справе, гэта не сотня, а каля сарака правінцыялаў, якія нікуды ехаць са сталіцы не збіраюцца. Пытанне — чым яны займаюцца? Відавочна, што пошук хлебу надзённага таксама звязаны з нейкім крыміналам. У тым ліку праз такія групоўкі, якія маюць прававы імунітэт, зброя з зоны АТА трапляе ў тыл. Адсюль пагаршэнне крымінальнага фону ў краіне. Толькі ў Кіеўскай вобласці колькасць забойстваў за год вырасла ў сем разоў. Мы стаім напярэдадні першай фазы крымінальнай рэвалюцыі, у параўнанні з якой 1990-я гады — дзіцячы садок. Прынамсі, тады браткі не мелі гранатамётаў.

— Увосень ва Украіне пройдуць мясцовыя выбары. Ці гэтыя парамілітарныя структуры могуць паўздзейнічаць на вынікі выбараў?

— Безумоўна. Тым больш, што прэцэдэнтаў хапала і раней. На парламенцкіх выбарах тактыку запужвання выкарыстоўвалі хлопцы са «Свабоды», якія проста пагражалі сябрам выбарчай камісіі. Раней гэта рабілі Партыя рэгіёнаў з «цітушкамі». Зараз сітуацыя будзе больш складанай, паколькі канкурэнты таксама прывядуць на падлік галасоў сваіх узброеных «цітушак». Тым не менш, я б не драматызаваў сітуацыю. У Ліване таксама кожная партыя мае мілітарную фракцыю, аднак у краіне ёсць шматпартыйны парламент. Іншая справа, што ў парламенце ёсць квоты для кожнай грамады. Мяркую, што паступова неафіцыйна такая сістэма рэгіянальнага замацавання за кожным алігархам сваёй вотчыны складзецца і ў нас. Без сілавога прыкрыцця абараніць вынікі галасавання кандыдату будзе вельмі складана.

— Ці ёсць падобная праблема на захопленай сепаратыстамі частцы Данбасу?

— Гучнае забойства палявога камандзіра Аляксея Мазгавога сведчыць пра падабенства працэсаў. З той розніцай, што фактычна Мазгавы ўзняў бунт супраць мясцовага алігарха. Ён паспрабаваў браць працэнт з продажаў прадукцыі яго металургічнага камбінату ў Алчэўску, што, на маю думку, і стала прычынай яго ліквідацыі. Дый Масква, думаю, была не супраць такога сцэнару. Мазгавы ў свой час неяк узяў і кінуў фронт, а Крамлю патрэбна дысцыплінаванае войска, якое будзе здольнае час ад часу правакаваць Украіну. Гэта пытанне стабільнасці ўнутрыпалітычнай сістэмы ў самой РФ. Пакуль на Данбасе будзе канфлікт, у Пуціна гарантаваны завоблачны рэйтынг, а сама Украіна не ператворыцца ў плацдарм для антыпуцінскіх аперацый. Нядаўнюю, дзіўную на першы погляд атаку войскаў ДНР пад Мар’інкай я адношу да гэтай катэгорыі рэчаў.

— Бой пад Мар’інкай, які закончыўся адыходам сепаратыстаў, выклікаў патрыятычны ўздым ва ўкраінскім грамадстве. Савік Шустэр прысвяціў яму ледзь не цэлы блок сваёй праграмы. Ці не стане «пералом пад Мар’інкай» пралогам да спробы ўзяць рэванш за Дэбальцава і Ілавайск?

— На ўкраінскіх каналах шмат заклікаў — даць агрэсару па зубах, аднак жадаючых узяць на сябе адказнасць за загад наступаць, не бачна. Узровень украінскага войска вырас, аднак пакуль неафіцыйна пануе думка, што без дадатковага фактару падтрымкі (напрыклад, дапамогі летальнай зброяй з ЗША), наступ захлынецца.

— Вяртаючыся да тэмы росту ролі мілітарных груповак ва ўкраінскай палітыцы, чаму Захад глядзіць на гэта праз пальцы? Па сутнасці наяўнасць мілітарных груп парушае манаполію дзяржавы на гвалт.

— Амерыканцы, безумоўна, жадалі б бачыць ва Украіне больш моцнага рэгіянальнага саюзніка. Аднак качаць у Кіеў рэсурсы, калі не вырашана больш важная праблема «Ісламскай дзяржавы» і Ірану, не разумна. Думаю, у Вашынгтоне зрабілі стаўку на нейкую варыяцыю мадэлі кіраванага хаосу, які не патрабуе вялікіх інвестыцый, аднак скоўвае геапалітычныя планы Крамля. Што тычыцца Еўропы, то ніхто не ведае, што збіраецца рабіць Еўропа ва Украіне. А вырашаць трэба хутка, паколькі рэшткі дамовы Мінск–2 могуць вось-вось перастаць дзейнічаць.

Фота korrespondent.net