Рух салідарнасці “Разам” ва Украіне — за вылучэнне Мікола Статкевіча кандыдатам у прэзідэнты
Рух салідарнасці “Разам” ва Украіне падтрымаў ініцыятывы па вылучэнню Міколы Статкевіча кандыдатам у прэзідэнты Беларусі. Пра гэта карэспандэнту НЧ паведаміў намеснік старшыні аргкамітэту па стварэнню руху салідарнасці “Разам” Алесь Макаеў.
Паводле ягоных словаў, 11 чэрвеня ў Кіеве адбыўся чарговы сход сябраў руху салідарнасці “Разам” ва Украіне. На сходзе была абмеркаваная палітычная сітуацыя ў Беларусі і ва Украіне. У звязку з неабходнасцю актывізацыі кампаніі па вылучэнню Міколы Статкевіча кандыдатам у прэзідэнты быў прыняты шэраг рашэнняў.
Гаворка ідзе пра зварот да актывістаў аргкамітэту па стварэнню руху салідарнасці “Разам” і іншых дэмакратычных арганізацый Беларусі з заклікам запісвацца ў ініцыятыўную групу Міколы Статкевіча і пачаць стварэнне адпаведных структураў для правядзення сёлетняй прэзідэнцкай выбарчай кампаніі.
На сходзе прагучала прапанова пра стварэнне прадстаўніцтва ва Украіне кандыдата ў прэзідэнты Рэспублікі Беларусь Міколы Статкевіча на базе кіеўскага офісу руху салідарнасці “Разам” ва Украіне.
Апроч таго, падчас сходу разглядалася пытанне пра адзначэнне 8 верасня Дня беларускай вайсковай славы ў Львове і Кіеве ў гонар перамогі войска ВКЛ над арміяй Маскоўскай дзяржавы 8 верасня 1514 года пад Воршай.