Дасье ў карыкатурах: Мухамед Алі — матылёк на рынгу, барацьбіт у жыцці
На гэтым тыдні свет успамінаў баксёра Мухамеда Алі. 17 студзеня яму споўнілася б 80 гадоў.
Фігура Мухамеда Алі настолькі важная для спорту і ўвогуле гісторыі ХХ стагоддзя, што яго 80-годдзе не абмінула ўвагай практычна ні адно буйное сусветнае выданне. Не толькі таму, што Мухамед Алі (яго першапачатковае імя Касіус Клей) шматразовы чэмпіён свету. Ён вылучаўся асаблівым стылем, формулу якога ён сфармуляваў так: «лётаць як матылёк і джаліць як пчала». Не дзіўна, што яго самога часта любілі выяўляць у вобразе гіганцкага матылька.
Але найвялікшым Алі робяць не толькі спартовыя вынікі, аднак і яго грамадская дзейнасць. Калі ў 1960-м ён выйграў у Рыме алімпійскі медаль, на радзіме пераможцу сустрэлі як героя: у аэрапорце яго чакалі сотні прыхільнікаў. Аднак трыумф азмрочыў выпадак у адной з кавярняў, дзе чэмпіёна не абслужылі праз колер яго скуры. Баксёр быў настолькі засмучаны, што выкінуў медаль і праз нейкі час уступіў у радыкальную афра-амерыканскую арганізацыю «Нацыя Ісламу», дзе яму далі новае імя — Мухамед Алі. З тых часоў мастакі любяць маляваць, як Мухамед Алі перамагае на рынгу суперніка пад назвай «расізм».
Учынак баксёра шакаваў Амерыку. Але гэта былі яшчэ кветачкі. Неўзабаве Мухамеда Алі прызвалі ў войска для ўдзелу ў в'етнамскай вайне. Аднак на прызыўным пункце Алі адмовіўся прымаць прысягу з-за рэлігійных перакананняў, за што быў арыштаваны. Пазней яго пазбавілі звання чэмпіёна свету і права выходзіць на рынг. У адказ «ухіліст» падаў апеляцыю, якую задаволілі толькі ў 1971 годзе. Каментуючы той судовы працэс, карыкатурысты выяўлялі бой Мухамеда Алі і Дзядзькі Сэма. На гэтай карыкатуры Алі дзівіцца, што «белыя людзі жадаюць паслаць чорных людзей забіваць жоўтых людзей дзеля захаванні зямлі, якую яны забралі ў чырвоных людзей».
Мала хто верыў, што пасля вяртання ў пачатку 1970-х у вялікі спорт Мухамед Алі зможа паўтарыць першапачатковы поспех. Аднак ён хутка зноў стаў чэмпіёнам свету. А некаторыя баі з яго ўдзелам лічацца самымі вялікімі ў гісторыі бокса. Напрыклад, бой з Джорджам Форэманам у 1974-м у Кіншасе стаў сюжэтнай базай для цэлага коміксу.
Працягваў здзіўляць баксёр і сваімі палітычнымі ўчынкамі. Нягледзячы на візіт у СССР і сустрэчу з Брэжневым у 1980-м, які падарыў яму кнігу «Малая зямля», ён неўзабаве пераходзіць у лагер крытыкаў СССР. Былы сімвал барацьбы з амерыканскім імперыялізмам нават быў уключаны ў склад дыпламатычнай місіі ЗША. У рамках яе дзейнасці Мухамед Алі спрабаваў пераканаць урады некалькіх афрыканскіх краін байкатаваць Алімпійскія гульні ў Маскве. А ў 1984-м ён і яшчэ шэраг баксёраў выступілі за абранне на пасады прэзідэнта ЗША і віцэ-прэзідэнта кансерватыўнага тандэму Рональда Рэйгана і Джорджа Буша.
У тым жа 1984-м на той момант ужо экс-баксёр трапіў у шпіталь. Пасля ўсіх тэстаў лекары паставілі дыягназ — хвароба Паркінсона. Мухамед Алі працягваў весці актыўны лад жыцця (напрыклад, лётаў у Ірак для перамоваў з Садамам Хусэйнам для вызвалення амерыканскіх закладнікаў або адкрываў Алімпіяду ў Атланце), але хвароба прагрэсавала. 3 чэрвеня 2016 года ва ўзросце 74 гадоў ён памёр з-за праблем з лёгкімі. Як мы бачым на карыкатуры, гэта стала трагедыяй для ўсяго свету.
Мусіць, таму, што нябожчык быў не толькі выбітным спартоўцам, але таксама ў вачах шматлікіх людзей меў шэраг дадатковых прывабных якасцей. Сярод іх — непрыманне несправядлівасці.