Дэтэктывы супраць карупцыі
Украіна мае рэпутацыю вельмі карумпаванай краіны. Аднак апошнімі гадамі там адбыўся цэлы шэраг пераўтварэнняў, якраз скіраваных на барацьбу з карупцыяй. Што праўда, працэс гэты меў і яшчэ мае моцны супраціў чынавенства. Пераадольваецца ён перадусім дзякуючы грамадскаму кантролю і стварэнню абсалютна новых незалежных антыкарупцыйных структур.
Пра маштабныя антыкарупцыйныя захады ва Украіне ў Мінску ў межах прэзентацыі-дыскусіі, арганізаванай цэнтрам «Еўрапейскі дыялог» і Аб’яднанай грамадзянскай партыяй, распавялі эксперты Transparency International Ukraine Аляксандр Каліценка і Анастасія Ферэнц.
Антыкарупцыянеры па конкурсе
Інфраструктуру барацьбы з карупцыяй ва Украіне скончылі будаваць толькі пры канцы мінулага года, калі запрацаваў ВАКС — Вышэйшы антыкарупцыйны суд. Суддзі сюды, дарэчы, як і супрацоўнікі іншых антыкарупцыйных ведамстваў, абіраюцца па конкурсе. А пачаўся працэс у 2014 годзе пасля змены ўлады ў выніку Рэвалюцыі Годнасці. Аднак усё ішло вельмі марудна, з вялікім супрацьдзеяннем уладных элітаў. Таму што новая сістэма барацьбы з карупцыяй была скіравана менавіта на топ-чыноўнікаў. Бо агульнавядома, што рыба гніе з галавы.
Супраціў працягваецца і дагэтуль. Праца таго самага ВАКСу магла быць паралізавана, калі б туды скіроўвалі звычайныя карупцыйныя справы, як спачатку і атрымалася. Але ўжо пры прэзідэнце Уладзіміры Зяленскім парламентам была прынята заканадаўчая папраўка наконт таго, што Вышэйшы антыкарупцыйны суд будзе разглядаць крымінальныя справы, якія паступяць да яго толькі з НАБУ і САПу. Гэта яшчэ дзве структуры, створаныя апошнімі гадамі — Нацыянальнае антыкарупцыйнае бюро Украіны і Спецыялізаваная антыкарупцыйная пракуратура.
Нацыянальнае антыкарупцыйнае бюро Украіны — дзяржаўны праваахоўны орган з шырокімі сілавымі паўнамоцтвамі дзеля папярэджвання і раскрыцця карупцыйных злачынстваў. Гэта адзіны праваахоўны орган, створаны ў незалежнай Украіне з нуля. Дырэктар НАБУ прызначаецца паводле прадстаўлення адмысловай конкурснай камісіі, якую фармуюць па тры чалавекі ад прэзідэнта, урада і парламента. Дэтэктывы таксама абіраюцца паводле конкурсу. Гэта новая для Украіны пасада, якая сумяшчае функцыі аператыўнага супрацоўніка і следчага. Зусім нядаўна паўнамоцтвы НАБУ пашырыліся дзякуючы атрыманай магчымасці ладзіць аўтаномныя «праслухоўкі» падчас расследаванняў карупцыі. Раней даводзілася браць дазвол у іншых сілавых ведамстваў, і часта здараліся ўцечкі: адтуль папросту папярэджвалі чыноўнікаў-фігурантаў расследаванняў пра тое, што іх тэлефонамі зоймуцца дэтэктывы НАБУ.
Топ-карупцыі няма?
Якія поспехі? Увосень мінулага года ўкраінская сістэма кіравання захадамі супрацьдзеяння карупцыі была прызнана найлепшай у Еўропе. Прагрэс сёлета адзначылі і ў ЗША. А прэм’ер міністр Украіны Андрэй Ганчарук днямі ўвогуле заявіў, што топ-карупцыі ў дзяржаве больш няма — ні ў Офісе прэзідэнта, ні ў Кабінеце міністраў, ні ў Вярхоўнай Радзе: «Мы выкаранілі карупцыю на самым высокім узроўні ў дзяржаве. Гэта ведае бізнес і нашы міжнародныя партнёры. Працы яшчэ шмат, але на топ-узроўні карупцыі ва ўрадзе, парламенце і Офісе прэзідэнта — няма. Нам удалося вярнуць давер да Украіны».
Вось толькі ў Індэксе ўспрыняцця карупцыі за 2019 год Украіна атрымала 30 пунктаў са 100 магчымых і заняла 126 месца са 180 дзяржаў, а год таму было 120 месца. Для параўнання, Расія мае 137-е, Беларусь — 66-е, Польшча — 41-е месцы.
Ёсць і ўнутры Украіны тыя, хто лічыць дзейнасць НАБУ не надта плённай. Так, за ўвесь час існавання Нацыянальнага антыкарупцыйнага бюро Украіны ўдалося вярнуць менш за 0,3% ад нанесенай дзяржаве шкоды, якая была прыкладна пралічана дэтэктывамі. Каэфіцыент карыснага дзеяння і пры прэзідэнцтве Пятра Парашэнкі, і пры кіраванні Уладзімір Зяленскага прыкладна аднолькавы. Так, за мінулы год з падачы НАБУ ў бюджэт былі вернуты каля 160 мільёнаў грыўняў (1 наш рубель — гэта 11 грыўняў). Быццам бы значная сума. Але накалькулявана было стратаў дзяржаве ў межах распачатых следчых дзеянняў на 230 мільярдаў! Размах падазраванай карупцыі ўражвае!
Крытыкі збудаванай ва Украіне антыкарупцыйнай сістэмы адзначаюць, што толькі на ўтрыманне апарату НАБУ летась было выдаткавана 786 мільёнаў грыўняў, што амаль у пяць разоў меней, чым гэтае ведамства дапамагло вярнуць у бюджэт. Зрэшты, яго задача — не вяртанне грошай, а ліквідацыя карупцыйных схемаў: канкрэтна выкрытых і тых, якія маглі быць створаныя на іх узор. Апрача таго, дзякуючы таму, што запрацаваў Вышэйшы антыкарупцыйны суд, аддача павінна павялічыцца. Бо дэтэктывы НАБУ вялі расследаванні большасці спраў некалькі гадоў, а затым яны доўга ляжалі ў звычайных судах. А калі і разглядаліся там, то вельмі часта па карупцыйных справах выносіліся апраўдальныя выракі. Украінскія адмыслоўцы ў барацьбе з карупцыяй падлічылі, што апраўданняў па карупцыйных справах было амаль у дзесяць разоў болей, чым па іншых крымінальных злачынствах.
Цікава, што ў гэтым годзе ў поле зроку антыкарупцыянераў трапіў дырэктар НАБУ Арцём Сытнік. Гэта яшчэ адно ведамства — Нацыянальнае агенцтва па папярэджанні карупцыі — зацікавілася заробкамі шэрагу чыноўнікаў. У тым ліку Сытніка. Рэч у тым, што агенцтва ажыццяўляе захады за своечасовасцю прадстаўлення паведамленняў аб істотных зменах у маёмасным стане высокапастаўленага чынавенства. Такія паведамленні павінны падавацца ў выпадку атрымання даходу вышэй за 50 пражытковых мінімумаў. А яшчэ кіраўнік НАБУ пяць разоў адпачываў у адной паляўнічай гаспадарцы за кошт нейкага бізнесоўца і не ўносіў звесткі пра такія падарункі ў дэкларацыю аб даходах. Суд за гэта яго аштрафаваў. У выніку кіраўнік НАБУ трапіў у рэестр дасудовых расследаванняў з прычыны злоўжывання паўнамоцтвамі. Каля 200 дэпутатаў амаль з усіх партыяў патрабуюць яго звальнення. З такім патрабаваннем у лютым прайшоў і двухтысячны мітынг каля Кабінета міністраў Украіны.
Узнагароджанне за «галаву» карупцыянера
Між тым Еўрасаюз, чыя фінансавая дапамога звязана з дасягненнямі Украіны ў справе барацьбы з карупцыяй, крытыкуе сам НАПК за дрэнныя праверкі электронных дэкларацый чыноўнікаў. Нам бы ў Беларусі дамагчыся таго, каб публічныя e-дэкларацыі наогул з’явіліся! Магчыма, перазагрузка ў працы ведамства адбудзецца з прызначэннем новага кіраўніка, які перамог нядаўна ў адкрытым конкурсе. Адметна, што ў яго дастаткова сціплыя сямейныя даходы і нават няма ва ўласнасці кватэры — жыве ў здымнай.
Апрача новага кіраўніцтва Нацыянальнага агенцтва па папярэджанні карупцыі, пачатку дзейнасці Вышэйшага антыкарупцыйнага суду, дазволу дэтэктывам-антыкарупцыянерам ажыццяўляць «праслухоўку», паспрыяць барацьбе з карупцыяй павінен і закон аб яе выкрывальніках, які набыў моц з 1 студзеня 2020 года.
Выкрывальнік — фізічная асоба, якая паведамляе пра магчымыя факты карупцыі, калі гэтая інфармацыя стала вядомая ў выніку яго працоўнай, прафесійнай, гаспадарчай, грамадскай або навуковай дзейнасці, пры праходжанні армейскай службы або падчас вучобы.
Калі страты дзяржаве ад карупцыйнага злачынства ў 5 тысяч разоў перавысілі памер пражытачнага мінімуму для працаздольных асоб (2027 грн.), той, хто паведаміў пра злачынства, мае права на ўзнагароджанне. Яго памер складзе 10% ад памеру карупцыйнага злачынства, але не больш за 3 тысячы мінімальных заробкаў, які складае 4723 грн. Адпаведна, максімальны памер узнагароды можа скласці 14 млн. 169 тыс. грн. Гэта больш за мільён беларускіх рублёў. Канчатковы памер узнагароды вызначае суд, абапіраючыся на важнасць прадстаўленай інфармацыі. Пры гэтым у праве на ўзнагароджанне адмовяць, калі чалавек паведаміў аб парушэннях у рамках пагаднення ў крымінальнай вытворчасці або сам з’яўляецца саўдзельнікам злачынства.
Акрамя таго, выкрывальнік можа атрымаць бясплатную прававую дапамогу і мае права на дзяржаўную абарону ў выпадку, калі яго жыццю і здароўю пагражае небяспека. Мяркуецца, што выкрывальнік можа паведаміць аб карупцыйным злачынстве ўпаўнаважаным непасрэдна на працы, у СМІ або ананімна НАПК. «Ананімкі» будуць правяраць, толькі калі такое паведамленне будзе з інфармацыяй пра канкрэтных асобаў і звесткамі, якія можна праверыць.
Як думаеце, што б з антыкарупцыйных захадаў, прынятых ва Украіне, магло быць прыдатным для Беларусі?