Бібліятэка імя Пушкіна ў Мінску папоўнілася сучаснымі ўкраінскімі кнігамі

Амбасада Украіны ў Міжнародны дзень роднай мовы перадала ў дар Мінскай абласной бібліятэцы імя Пушкіна 35 кніг сучасных украінскіх аўтараў. Фонды тут не папаўняліся ўкраінскай літаратурай з савецкіх часоў.



img_9310_novyj_razmer_logo.jpg

Справа ў тым, што ў чытальнай залі інфармацыі з ініцыятывы прадстаўнікоў украінскай дыяспары ад нядаўняга часу дзейнічае ўкраінскі размоўны клуб. Менавіта з ініцыятывы кіраўнічкі клубу Наталлі Слабко, якая звярнулася з адпаведнай прапановай да ўкраінскай амбасады, гэтая падзея і адбылася.
Дырэктарка бібліятэкі Аксана Кніжнікава запэўнівае, што бібліятэка заўсёды адкрытая для розных форм міжнароднага культурніцкага супрацоўніцтва:
«Таму мы вельмі радыя, што амбасада Украіны адгукнулася на прапанову аб супрацы, і сёння ў Дзень роднай мовы мы атрымалі ў падарунак многа кніг, якія, безумоўна, будуць запатрабаваныя. Бо кнігі на ўкраінскай мове, хаця і маюцца ў нашых фондах, яны прадстаўленыя ў вельмі абмежаванай колькасці і трапілі да нас яшчэ ў савецкія часы».

Прэс-сакратар амбасады Украіны Павел Траян выказаў спадзяванні, што супраца з бібліятэкай працягнецца надалей:
«Мы ведаем, што ў бібліятэцы дзее ўкраінскі размоўны клуб. Гэта дужа важная справа для развіцця міжасабовых адносінаў паміж жыхарамі нашымі краінамі. Кіраўнічка размоўнага клубу спытала, ці можам мы дапамагчы з кнігамі. Мы з радасцю адгукнуліся і сёння прывезлі 35 выданняў сучаснай мастацкай літаратуры і публіцыстыкі. Спадзяемся гэта будзе толькі першы крок на шляху плённай супрацы з бібліятэкай».
Як паведаміла ўкладальніца перададзенага кніжнага збору Наталля Бабіна, у ім многа краязнаўчых кніг, якія распавядаюць пра гісторыю, геаграфію, архітэктуру Украіны, сучаснай мастацкай літаратуры – творы Уладзіміра Дзіброва, Аляксандра Ірванца, Аляксандра Афоніна, Ліны Кастэнка, шмат дзіцячай літаратуры, стылёвы ўкраінскі часопіс «Шо».

img_9324_novyj_razmer_logo.jpg


Дырэктарка бібліятэкі абяцала арганізаваць асобную, даступную для чытачоў экспазіцыю з украінскімі кнігамі, каб яны не патанулі ў шматтысячных фондах бібліятэкі.

Фота аўтара