Драма са шчымлівай праўдай жыцця
У Мінску адбыўся прэс-паказ новага ўкраінскага мастацкага фільма «Мої думки тихі» рэжысёра Антоніо Лукіча.

Украінская мастацкая кінастужка «Мої думки тихі» — анансаваная як камедыя. Але гэта хутчэй драма, у якой са шчымлівай праўдай паказаныя характэрныя грані і сацыяльныя праблемы сучаснага ўкраінскага жыцця. Шлях галоўнага героя пакручасты і няпросты, але падтрымкай яму заўсёды ёсць вялікая любоў блізкага чалавека, і неверагоднага хараства карпацкая прырода.
Галоўны герой, дзеля таго, каб наблізіцца да сваёй мары — жыць і працаваць у Канадзе — пускаецца на пошукі напаўмістычнай птушкі Рахаўскай краквы, гнездаванне якой мажліва захавалася на глухім балоце ўкраінскіх Карпатаў ля самай мяжы з Румыніяй. Чароўны голас гэтай рэдкай, можна сказаць містычнай птушкі для маладога гукааператара з’яўляецца пропускам у Заходні цывілізаваны свет: замежны працадаўца паабяцаў 1000 даляраў за аўдыёзапіс спеву Рахаўскай краквы і запрашэнне на сталую працу ў Канаду. Мацярынскае сэрца, разумее, што гэты шлях для адзінага сына стане шляхам у адзін канец («Адтуль ніхто не вяртаецца»). Толькі прашоўшы шэраг выпрабаванняў на шляху да сваёй мэты галоўны герой і глядач разам з ім пачынае ўсведамляць, які бясцэнны скарб ледзь не згубіў.
Гэта добрае, хутчэй артхаўснае сучаснае ўкраінскае кіно, створанае на добрым мастацкім узроўні. Яно падорыць безліч шматгранных эмоцый і дапаможа задумацца пра жыццё і яго сапраўдныя каштоўнасці. Паказ у кінатэатрах Мінска пачнецца з 27 лютага.