Дыпламат Паўночнай Карэі збег з Расіі ў Беларусь — «Фонтанка»
Трэці сакратар амбасады КНДР у Расіі Кім Чхор Сэн уцёк з Санкт-Пецярбургу на авіярэйсе «Белавія» да Мінску, паведамляе піцерская газета «Фонтанка». Упраўленне ФСБ па Санкт-Пецярбурзе пакуль не каментуе здарэння, амбасада КНДР у Расіі не адказвае на тэлефанаванні.
Паводле звестак «Фантанкі», першы сакратар амбасады звярнуўся ў паліцыю 6 ліпеня з заявай пра тое, што з 1 ліпеня не бачыў свайго падначаленага, які з’ехаў з працы на службовай машыне.
У пошуку бралі ўдзел пецярбургскія аператыўнікі. Яны заўважылі машыну дыпламата на запісах сістэмаў назірання за 2 ліпеня і прасачылі яе шлях да аэрапорту Пулкава. У аэрапорце Кім Чхор Сэн набыў квіткі на сябе, жонку і сына на рэйс 946-Б-2 «Белавія», які прызямліўся ў Мінску а 21:13 2 ліпеня. Па дыпламатычным ці службовым пашпарце карэйскі дыпламат сапраўды мог праляцець у Беларусь. Квіткі былі набытыя за 3 гадзіны да вылету, службовая машына засталася ў аэрапорце.
Праз жорсткі дыктатарскі рэжым КНДР і працяглы фінансавы крызіс з Паўночнай Карэі нярэдка спрабуюць уцячы шараговыя грамадзяне, але дыпламаты ўцякаюць нячаста: у 1997 годзе амбасадар КНДР уцёк з Егіпту ў ЗША, у 2013 годзе супрацоўнік гандлёвага прадстаўніцтва КНДР у Эфіёпіі ўцёк у амбасаду Паўднёвай Карэі.
Што чакае ў Беларусі паўночнакарэйскага ўцекача, невядома.
Беларусь мае дыпламатычныя стасункі з КНДР, на сустрэчы з міністрам замежных справаў КНДР у 2015 годзе кіраўнік беларускага МЗС Уладзімер Макей казаў, што хацеў бы пашырыць з КНДР гандлёва-эканамічныя стасункі і што ў Беларусі і КНДР падобныя падыходы на многія міжнародныя пытанні.
З пачатку 2016 году па статус уцекача ў Беларусь звярнуліся 228 украінцаў і 10 сірыйцаў. Магчыма, карэйскі ўцякач можа не захацець заставацца ў Беларусі, а паспрабуе ўцячы на Захад, дзе спецслужбамі цэніцца інфармацыя пра Паўночнакарэйскую дыктатуру.
www.svaboda.org