Гісторыя аднаго прысуду
20 гадоў таму лідар Ірану заклікаў забіць англійскага пісьменніка Салмана Рушдзі.
14 лютага 1988 года ў сетку праграм «Радыё Тэгеран» давялося ўнесці змены. Эфір запатрабаваў лідэр ісламскай рэвалюцыі аятала Хамейні. Тэмай свайго выступу ён нечакана абраў кнігу
«Сатанінскія вершы» брытанскага пісьменніка індыйскага паходжання Салмана Рушдзі. Кніга выйшла напярэдадні і ўжо стала да таго часу скандальнай. Шматлікія ісламскія тэолагі
абвінавацілі Рушдзі ў свядомай абразе ісламскіх каштоўнасцяў. На іх думку, галоўны герой кнігі — карыкатура на прарока Мухамеда. Кніга была забароненая ў некалькіх краінах.
Аднак іранскі лідар пайшоў далей. Ён зачытаў фатву (рашэнне, якое выносіць муфцій па нейкаму пытанню, заснаванае на прынцыпах ісламу і мусульманскай юрыдычнай практыкі). Адпаведна фатве, Салмана
Рушдзі трэба было забіць. Такога павароту справы ніхто не чакаў.
Пры ўсіх сваіх недахопах Салман Рушдзі не быў фанатычным праціўнікам ісламу. Ён нарадзіўся ў Бамбеі. У 14 гадоў паехаў вучыцца ў Кембрыдж. Пазней працаваў у тэатры і як журналіст. Паспрабаваў сябе ў
літаратуры. Ягоная другая кніга «Дзеці поўначы» мела вялікі поспех і вывела яго ў першую лігу брытанскіх пісьменнікаў. Па палітычных поглядах ён быў памяркоўным левым, і таму,
натуральна, крытычна ставіўся да забабонаў індускіх нацыяналістаў.
Так, Рушдзі заўсёды крытыкаваў індыйскую рэпрэсіўную палітыку
ў дачыненні да мусульманскай меншасці ў штаце Кашмір. Ён таксама спрачаўся з тэзісам пра тое, што нашэсце мусульман у Індыю ў ХІ стагоддзі быццам цалкам знішчыла індыйскую цывілізацыю.
Як пішуць крытыкі, гнеўная рэакцыя Хамейні магла быць выклікана асабістымі комплексамі. Фрагменты біяграфіі героя кнігі нагадваюць жыццёвы шлях аяталы. Мова пра перыяд, калі ён знаходзіўся на Захадзе
ў палітычнай эміграцыі.
Як бы тое ні было, фатва прыцягнула ўсе позіркі да Рушдзі. У Вялікабрытаніі і краінах Заходняй Еўропы, дзе на гэты час ужо склаліся эмігранцкія мусульманскія камуны, прайшлі акцыі пратэсту. Эмігранты
выходзілі на вуліцы і палілі кнігі пісьменніка. Аб’ектам атак сталі кніжныя крамы, якія прадавалі «Сатанінскія вершы», і офісы выданняў, якія пагадзіліся іх
друкаваць.
У адказ мабілізавалася прагрэсіўная грамадскасць. У некаторых краінах прайшлі акцыі ў абарону свабоды слова. Усе буйныя газеты ў прызначаны дзень выдалі першую главу «Сатанінскіх
вершаў».
Заклік Хамейні паставіў у супярэчлівае становішча ўрад Вялікабрытаніі. Рушдзі заўсёды быў ідэйным апанентам кабінету Маргарэт Тэтчэр. Увогуле, на той час у пісьменніцкіх салонах Англіі лічылася шыкам
крытыкаваць «жалезную лэдзі». Аднак Рушдзі з 1964 года меў брытанскі пашпарт, і прэм’ер-міністр заявіла, што дзяржава зробіць усё, каб захаваць Рушдзі жыццё. Больш за тое,
7 сакавіка 1989 года Тэгеран і Лондан з-за «Сатанінскіх вершаў» увогуле разарвалі дыпламатычныя адносіны.
На доўгія дзесяць гадоў пісьменнік аддаўся ў рукі сваіх ідэйных ворагаў — кансерватараў. Пачалася канспіратыўная частка ягонага жыцця. Хаваў яго спецыяльны аддзел паліцыі. Звычайна кватэры,
дзе жыў Рушдзі, даводзілася мяняць раз на тыдзень. Пазней Рушдзі пісаў, што часам сам не ведаў, у якім горадзе жыве. Паступова ён псіхічна адаптаваўся да сітуацыі. Пагрозы, якія рэгулярна прыходзілі
на яго адрас 14 лютага, у гадавіну выдання фатвы, называў «лістамі Валянціна».
Сыход Рушдзі ў падполле не азначаў, што праблема была вырашана. Найбольш радыкальныя ісламскія групоўкі вырашылі помсціць не толькі Рушдзі, але і ўсяму брытанскаму соцыуму.
3 жніўня 1989 года сябра такой групоўкі ўзарваў бомбу ў адным з гатэляў Лондану. Падчас выбуху тэрарыст загінуў, аднак яго ўчынак быў трактаваны ў Іране як подзвіг. Маці тэрарыста запрасілі на
адкрыццё мемарыялу іранскім салдатам — ахвярам ірана-іракскай вайны.
Былі і такія, хто рабіў на скандале грошы. Так, у 1990 годзе група маладых брытанскіх кінематаграфістаў пакістанскага паходжання выпусціла сатырычны фільм пра Рушдзі. Па сюжэту, Рушдзі быццам
збіраецца разбурыць Пакістан шляхам адкрыцця ў краіне сеткі казіно і дыскатэк. Рушдзі, які выглядае амаль як Рэмба, пераследуюць агенты пакістанскіх спецслужбаў. Фільм меў адносную папулярнасць у
пакістанскай камуне Вялікабрытаніі, хаця афіцыйныя ўлады адмовіліся даць яму права на пракат.
Эпапея закончылася толькі з прыходам да ўлады ў Іране рэфармісцкага ўраду. 24 верасня 1998 года ў мемарандуме аб аднаўленні дыпламатычных адносін паміж Вялікабрытаніяй і Іранам іранская камісія
пагадзілася з пунктам: «Іранскі ўрад не падтрымлівае і не плануе забойства Рушдзі». Пісьменнік змог выйсці з падполля і зараз вядзе звычайнае для брытанскага пісьменніка жыццё: піша
кнігі, чытае лекцыі, бярэ ўдзел у позных мерапрыемствах, нават здымаецца ў кіно. У фільме «Дзённік Брыджэт Джонс» ён згуляў самаго сябе. Нарэшце, ён стаў сэрам Рушдзі. У 2007 годзе
каралева надала яму рыцарскае званне.
Тым не менш іранскія кансерватары працягваюць заяўляць, што смяротны прысуд Рушдзі застаецца ў сіле. У 2005 годзе аятала Алі Хаменеі публічна падтрымаў фатву свайго папярэдніка ў звароце да
пілігрымаў, якія адпраўляліся ў Мекку. Афіцыйна Іран таксама не адмяніў фатву, спасылаючыся на тое, што па традыцыі адмяніць яе можа асоба, якая яе прыняла. Аднак, як вядома, аўтар фатвы памер у 1989
годзе.
Сам Салман Рушдзі кажа, што цяперашнія заявы фанатыкаў «хутчэй рыторыка, чым сапраўдныя пагроза». Дарэчы, маці пісьменніка, якая правяла апошнія гады свайго жыцця ў Пакістане,
ніколі не адчувала дыскамфорту. Па словах Рушдзі, ісламская грамада нават аказвала ёй падтрымку.
Скандал вакол «Сатанінскіх вершаў» і фатвы, здаецца, пераходзіць у іншую сферу. Ірыян Эванс, галоўны ахоўнік Рушдзі ў часы яго канспіратыўнага жыцця, заявіў, што плануе напісаць
кнігу, як Салман сапраўды сябе паводзіў. Па словах Эванса, Рушдзі намагаўся рабіць капітал на сваім статусе ахвяры экстрэмістаў. Акрамя таго, ён быў блізкі да самагубства. Сам Рушдзі заявіў, што гэта
хлусня, і падаў у 2008 годзе ў суд на Эванса і выдаўца, які замовіў яму кнігу.