Халодная вайна ў жывым эфіры
Германія шырока адзначае 100-годдзе стварэння нямецкага радыё. Адзін з трагічных эпізодаў яго гісторыі — барацьба ўладаў ГДР з заходнеберлінскай радыёстанцыяй RIAS.
Спачатку быў мір. Захапіўшы Германію і Берлін, у прыватнасці, саюзнікі па антыгітлераўскай кааліцыі пачалі ствараць тут свае радыёстанцыі, якія дзейнічалі ў тым ліку па прынцыпе — саюзныя дзяржавы не павінны крытыкаваць адна адну па радыё і не могуць падвяргацца крытыцы.
Але з пачаткам халоднай войны ўчорашнія саюзнікі адмовіліся ад этычных нормаў. Усім было зразумела, што радыё з'яўляецца важнай зброяй у прапагандысцкай вайне. Голас дыктара мог пераадолець «жалезную заслону» і данесці патрэбныя пасланні да любога чалавека. У 1947 годзе амерыканскі ваенны губернатар Люцыус Д. Клей заявіў, што амерыканская радыёстанцыя RIAS у Заходнім Берліне «з гэтага часу будзе расказваць таксама пра тое, што адбываецца ў савецкім сектары».
Неўзабаве паміж RIAS і дзяржаўным радыё ГДР пачалася сапраўдная радыёвайна. Напрыклад, RIAS паведамляе ў прамым эфіры аб блакадзе Берліна або аб паўстанні працоўных у 1953 годзе. У вячэрнім выпуску Радыё ГДР рэагуе на такія рэпартажы рэзкімі прамовамі, пра тое, што «працоўныя глыбока абураныя інсінуацыямі дыктараў RIAS». У прапагандзе ГДР з'яўляецца ўстойлівы тэрмін «качка RIAS», намякаючы, што ўсе трансляцыі RIAS гэта «качка».
Зрэшты, RIAS усё роўна заставалася самай папулярнай радыёстанцыяй горада — на Захадзе і Усходзе. У тым ліку і таму, што з канца 1940-х студыя рэгулярна транслявала паведамленні, якія атрымлівала ад ананімных грамадзянаў ГДР, пра недахопы ў забеспячэнні харчаваннем на ўсходзе, палітычныя рэпрэсіі, называліся прозвішчы супрацоўнікаў службы дзяржбяспекі і г. д.
Улада ГДР бачыла ў гэтых праграмах наступ на сацыялістычнае будаўніцтва і прыкладна ў 1952 годзе пачала каментаваць кожны выпуск навін RIAS, прадстаўляючы іх як хлусню.
Пачалі пераследаваць таксама аўдыторыю радыёстанцыі. Мела месца практыка забароны дзецям і падлеткам у школах слухаць заходнія радыёстанцыі, Тых, хто не падпарадкоўваўся інструкцыям, штрафавалі. Радыёаматарам пагражала і турэмнае зняволенне. Цікава, што гэта знешне нагадвала нядаўнія часы нацысцкай Германіі, дзе таксама дзейнічала забарона на праслухоўванне «варожых радыёстанцый». Каб захаваць твар, улады ГДР судзілі слухачоў па артыкуле «Падбухторванне да вайны і байкоту».
У 1955 годзе Дзяржбяспека пачала аперацыю «Качкі» па выяўленні інфарматараў RIAS і прыцягненні іх да суда. Задача кампаніі, як пісаў намеснік кіраўніка Штазі Эрых Мельке, палягала «не толькі ў тым, каб разграміць сетку інфарматараў RIAS, але і нанесці ўдар па RIAS правільнымі палітычнымі і аператыўнымі мерамі, што дазволіць выкрыць гэтую амерыканскую тэлерадыёвяшчальную кампанію перад усім нямецкім народам і сусветнай грамадскасцю як шпіёнскі цэнтр амерыканскай сакрэтнай службы».
З гэтага часу любы, хто даваў інфармацыю журналістам RIAS, рызыкаваў быць асуджаным на смяротнае пакаранне за шпіянаж. Для таго, каб прадэманстраваць рашучасць Штазі, вырашылі арганізаваць паказальны судовы працэс. З 49 затрыманых у рамках аблаваў на інфарматараў RIAS, быў адабраны 29-гадовы дэкаратар з Усходняга Берліна Іаахім Вібах. Яго паказальна судзілі за шпіянаж.
Як высветлілася пазней, судовая працэдура над хлопцам была імітацыяй. Яшчэ да пачатку суда генеральны сакратар Вальтэр Ульбрыхт зацвердзіў вердыкт. Пры гэтым змяніў пажыццёвае зняволенне на смяротны прысуд. 13 верасня 1955 года Вібах быў забіты.
У 1954 годзе ў Заходнім Берліне быў заснаваны другі перадатчык — Sender Freies Berlin (SFB). Нават яго назва было абвяшчэннем вайны. Халодная вайна па радыё дасягнула апагею, калі ў 1961 годзе будавалася Бярлінская сцяна. Тады журналіст RIAS падышла да мяжы і крыкнула народнай паліцыі: «І не верце таму, што кажуць аб Заходнім Берліне і Федэратыўнай Рэспубліцы, не страляйце ў сваіх суайчыннікаў!».
Зрэшты, на гэты момант да кіраўніцтва ГДР пачало даходзіць, што змагацца за сваіх слухачоў трэба не штрафамі, а новымі фарматамі. Неўзабаве была заснавана маладзёжная станцыя ДП 64, якая ў тым ліку транслявала заходнюю музыку і дапускала асцярожную крытыку ўрада. У сярэдзіне 1970-х урад ГДР канчаткова дэмантаваў апошнія перадатчыкі на ўнутрыгерманскай мяжы і ў наваколлях Заходняга Берліна, якія стваралі перашкоды трансляцыям RIAS на тэрыторыю ГДР.
Тым не менш радыё заставалася афіцыйным голасам ГДР. У дзень падзення Берлінскай сцяны, 9 лістапада 1989 года, усходнегерманскае радыё пераконвала аўдыторыю, што нічога ў сталіцы не адбываецца.
Толькі з аб'яднаннем Германій халодная вайна ў эфіры канчаткова скончылася. У 1991 годзе было закрытае радыё ГДР. RIAS спыніў вяшчанне ў 1993 годзе.