Год пасля рэферэндуму: ЕС не разваліўся, а ў Брытаніі праблемы
Год таму, раніцай 24 чэрвеня 2016-га, з Вялікабрытаніі прыйшлі нечаканыя весткі. Там падвялі вынікі галасавання аб выхадзе Аб’яданага каралеўства з ЕС. 52 працэнты брытанцаў, насуперак чаканням сацыёлагаў і букмекераў, выказаліся за Брэксіт.
Год пасля рэферэндуму па выхадзе Вялікабрытаніі з Еўрапейскага саюзу і месяц пасля таго, як нарэшце пачаліся перамовы па Брэксіце, эксперты пачалі даваць першыя ацэнкі перамоўнаму працэсу.
Ці паспее Брытанія пакінуць Еўрасаюз за 2 гады? Якія вынікі прынесла Лондану рашэнне пакінуць аб’яднаную Еўропу? Ці Брэксіт аслабіў Еўрапейскі саюз?
На гэтыя тэмы мы размаўляем з беларускім медыяаналітыкам з Лондану, даследчыкам East Center Аляксеем Лявончыкам.
27 сакавіка брытанскі ўрад афіцыйна заявіў пра пачатак працэдуры выхаду з Еўрапейскага саюзу. Згодна з артыкулам 50 Дамовы аб функцыянаванні Еўрапейскага саюзу, перамовы павінныя быць завершаныя праз 2 гады. 19 чэрвеня адбылася першая сустрэча паміж прадстаўнікамі Еўрасаюзу і Вялікабрытаніі па справах Брэксіту. Перамовы па выхадзе Брытаніі з ЕС нарэшце пачаліся.
Іх вынікам павінна стаць новая дамова, якая акрэсліць стасункі паміж Лонданам і Брусэлем. Новы дакумент павінныя будуць зацвердзіць 20 з 27 краінаў Еўрасаюзу, у якіх пражываюць 65% насельніцтва аб’яднанай Еўропы (без удзелу Вялікабрытаніі).
Як пішуць эксперты з Польскага інстытуту міжнародных справаў, на перамовах абмяркоўваюцца тры галоўныя пытанні. Першае — гэта правы грамадзян Еўрасаюзу ў Вялікабрытаніі. Брусэль жадае, каб грамадзяне краінаў ЕС мелі ў Брытаніі такія ж правы на сацыяльную дапамогу, адукацыю і ахову здароўя, як самі брытанцы. У адваротным выпадку, брытанскіх вытворцаў не дапусцяць да агульнага рынку Еўрапейскага саюзу.
Другое пытанне — гэта фінансавыя абавязацельствы Лондану. Брусэль жадае, каб Брытанія выконвала ранейшыя дамовы й працягнула плаціць грошы ў бюджэт Еўрасаюзу да 2023 году. Нарэшце, трэцяе пытанне — гэта ўрэгуляванне мяжы паміж Паўночнай і Паўднёвай Ірляндыяй, якая стане новай мяжой Еўрапейскага саюзу.
Якія шанцы таго, што дамова аб новых стасунках паміж Вялікабрытаніяй і Еўрасаюзам будзе заключаная праз паўтара гады? Практычна ніякія — мяркуе Лонданскі мэдыяаналітык і супрацоўнік беларускага даследчага інстытуту East-Center Аляксей Лявончык.
Пакуль перамовы застопарыліся на першых двух пунктах, і невядома, ці дойдуць яны да трэцяга — кажа Аляксей Лявончык.
—Калі Брытанія прапануе нешта абрэзанае, то і Еўрапейскі саюз прапануе нешта абрэзанае ўзамен. Калі Брытанія не пажадае захаваць грамадзянам Еўрасаюзу ўсіх правоў, звязаных са свабодай перамяшчэння й працаўладкавання, то брытанцы страцяць права свабодна жыць на ўсёй тэрыторыі Еўрасаюзу. Напрыклад, брытанец, які пражывае ў Гішпаніі, не зможа спакойна пераехаць у Францыю. Ён атрымае такое ж права на пастаяннае месца жыхарства, якое маюць грамадзяне дзяржаваў з па-за Еўрасаюзу. Гэта значыць, ён зможа выяжджаць па-за межы адной Еўрапейскай краіны на тэрмін не большы за 90-180 дзён.
Якія эканамічныя вынікі прынёс Брэксіт? Праз год пасля таго, як 52% удзельнікаў рэферэндуму ў Вялікабрытаніі прагаласавалі за выхад іх краіны з Еўрасаюзу, эканамічнай катастрофы не наступіла. Аднак паток інвестыцыяў і рабочай сілы ў Брытанію істотна скараціўся — кажа Аляксей Лявончык.
— Цяпер бізнэс складае планы наконт таго, што рабіць у найгоршай сітуацыі. Шмат адміністратыўнай працы карпарацыі ўжо перанеслі ў Дублін, Франкфурт, Варшаву. Напрыклад, бюджэтныя авіялініі easyJet зарэгістравалі фірму ў кантынентальнай Еўропе. Няпэўная сітуацыя негатыўна адбіваецца на курсе фунта, на інфляцыі. Брытанія афіцыйна з’яўляецца найбольш марудна растучай краінай сярод развітых дзяржаваў. Узровень інвестыцый падае. Пасля падзення фунта скарачаецца і міграцыя. У гэтым годзе ўпершыню амаль не назіраецца рэгістрацыі новага замежнага медперсаналу ў Нацыянальнай службе аховы здароўя, што для гэтай службы — вельмі дрэнны знак.
Год таму шматлікія каментатары ў самім Еўрасаюзе і па-за ім палохалі грамадзян хуткім распадам аб’яднанай Еўропы. Брэксіт не выклікаў «эфэкту даміно». Наадварот, Еўрасаюз сёння выглядае нашмат больш кансалідаваным. У ім назіраецца эканамічны рост. Лондан, Парыж, а ўслед за імі іншыя краіны ўзялі курс на ўзмацненне эканамічнай інтэграцыі, стабілізацыю Еўразоны, стварэнне супольнай абароннай палітыкі.
— На мой погляд, выхад Вялікабрытаніі каталізаваў нармальныя непапулісцкія сілы. Стала зразумела, да чаго папулісты могуць давесці краіну, калі даць ім паўнату ўлады. Можа быць, калі б не было Брэксіту, Макрон у Францыі б не перамог. Гэта адназначна сцвярджаць цяжка, але рашэнне брытанцаў пакінуць Еўрасаюз збеглася з пачаткам стабільнага эканамічнага росту ў ЕС. Чакаецца, што нават Грэцыя, якая была глыбока закапаная ў крызісе, праз год вернецца да росту. Пазітыўнае стаўленне да Еўрасаюзу сярод грамадзянаў таксама вырасла. Крызіс у Еўропе нарэшце скончыўся. Нарэшце Еўропа пачала нешта рабіць з бескантрольнай хваляй мігрантаў. Нарэшце Еўропу пачалі лепш прадстаўляць у СМІ.
Як будзе выглядаць Вялікабрытанія пасля таго, як пакіне Еўрапейскі саюз? Хутчэй за ўсё, краіна застанецца надоўга замарожанай у пераходным перыядзе — мяркуе Аляксей Лявончык. Фармальна, яна выйдзе з Еўрапейскага саюзу. Пры гэтым яна будзе выконваць усе яго дырэктывы, не могучы ўплываць на прыняцце рашэнняў — так, як гэта сёння робіць Швейцарыя ці Нарвегія.
«Варыянту выхаду з Еўрапейскага саюзу, які быў бы карысны для Брытаніі, я не бачу», — прызнаецца Аляксей Лявончык. Пры гэтым ён падкрэслівае, што вынікі перамоваў прагназаваць рана, бо працягнуцца яны не адзін год. «Брытанцы, галасуючы за Брэксіт, думалі, што яны пакідаюць тонучы карабель, а ў выніку карабель пайшоў далей, а яны пачалі тануць самі», — падсумоўвае гісторыю Брэксіту беларускі медыяэксперт.
Аляксандр Папко, www.radyjo.net