Свабодны ўезд у Брытанію з ЕС абмяжуюць у сакавіку 2019 года
Новыя іміграцыйныя меры, якія абмяжоўваюць свабоду ўезду ў Брытанію з краін Еўрасаюза, будуць уведзены ў сакавіку 2019 года, паведаміў міністр іміграцыі Брытаніі Брэндон Льюіс.
Льюіс не стаў удакладняць, якім чынам улады маюць намер рэгуляваць плын0і мігрантаў пасля ўступлення ў сілу «брэксіта». Паводле яго слоў, закон аб міграцыі павінен быць унесены ў парламент у 2018 годзе.
Міністр унутраных спраў Брытаніі Эмбер Рад раней адзначала, што новыя меры не стануць непераадольнай сцяной для мігрантаў.
У сваім артыкуле ў газеце Financial Times Рад падкрэсліла, што Вялікабрытанія працягне прыцягваць «самых таленавітых і лепшых» мігрантаў з усяго свету.
Брытанскія міністры таксама паабяцалі правесці шырокія кансультацыі з прадстаўнікамі бізнесу, прафсаюзаў і ВНУ для абмеркавання іх пазіцыі па міграцыйных абмежаваннях.
МУС Брытаніі ўжо папрасіла кансультатыўны камітэт па пытаннях міграцыі ацаніць рэгіянальнае размеркаванне міграцыі з ЕС, залежнасць асобных сектараў ад працы мігрантаў і ролю сезоннага фактару.
«Фантастычны эфект»
Як патлумачыла Эмбер Рад, новая іміграцыйная сістэма павінна павысіць дзяржаўны кантроль над колькасцю людзей, што прыбываюць у краіну.
Па словах кіраўніка МУС, гэта дасць брытанцам «упэўненасць у тым, што мы ўжываем свае ўласныя правілы да тых, каго мы хочам ўпускаць у краіну, а таксама дапаможа знізіць чыстую міграцыю да стабільных узроўняў».
Міністр замежных спраў Брытаніі Барыс Джонсан заявіў, што хоць міграцыя аказвала «фантастычны эфект на энергію і дынамічнасць эканомікі», «гэта не азначае, што яе нельга кантраляваць».
Ценявы міністр унутраных спраў Дайан Эбат адзначыла, што сёння «вядзецца занадта шмат гарачых спрэчак і няма дастатковай яснасці наконт міграцыі», таму неабходны аб'ектыўны і паўнавартасны аналіз інфармацыі.
Новыя меры па стрымліванні міграцыі былі ўключаныя ў план рэалізацыі выхаду Брытаніі з Еўрасаюза, апублікаваны урадам Злучанага Каралеўства ў лютым гэтага года.
Згодна з гэтым планам, прыярытэтамі ў рамках новай сістэмы будзе кампенсацыя недахопу працоўнай сілы ў асобных галінах і дапамога жадаючым атрымаць у Брытаніі адукацыю.
Таксама ў адпаведнасці з планам Брытанія будзе імкнуцца як мага хутчэй дасягнуць з еўрапейскімі краінамі пагаднення аб правах брытанцаў, якія жывуць у ЕС, і грамадзян еўрапейскіх краін, якія жывуць у Брытаніі.
Паводле BBC