Чыноўнікі Беларусі працягваюць перамовы з Еўрасаюзам пра цэнтры для мігрантаў
Праект пагаднення з ЕС пра фінансаванне цэнтраў для незаконных мігрантаў месяц таму ўхваліў Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь. Калі пагадненне набудзе моц, Беларусь зможа атрымаць ад Еўропы ў межах пагаднення 7 мільёнаў еўра, прадугледжаных у якасці міжнароднай тэхнічнай дапамогі.
Гэтыя сродкі пойдуць, найперш, на стварэнне саміх цэнтраў для ўтрымання незаконных мігрантаў. Мяркуецца, што ў межах адпаведнага праекту ў краіне з'явяцца тры такія цэнтры, адзін з якіх — у Віцебску.
Згодна з пастановай Саўміну, зараз права праводзіць перамовы наконт пагаднення і «пры неабходнасці ўносіць у яго змены і дадаткі, што ня маюць прынцыповага характару», перададзенае Міністэрству ўнутраных справаў. Менавіта гэтаму міністэрству і нададзенае паўнамоцтва падпісаць пагадненне «пры дасягненні дамоўленасці ў межах ухваленага праекту».
У цяперашні час у Беларусі няма спецыялізаваных установаў для замежнікаў, якія чакаюць, як будзе ажыццёўленая працэдура іх дэпартацыі з Рэспублікі Беларусь. Палітычныя і грамадскія актывісты, якія трапілі на адміністрацыйныя арышты пасля падзеяў сёлетняй вясны, распавялі, што ў ізалятарах часовага ўтрымання (ІЧУ) Віцебшчыны знаходзяцца шматлікія мігранты-дэпартанты з В'етнаму, Бангладэш, Украіны. Шмат хто з іншаземцаў вымушаныя праводзіць у ІЧУ па некалькі месяцаў, хоць жорсткія ўмовы ў гэтых установах прадугледжаныя толькі для кароткатэрміновага знаходжання арыштантаў у іх.
Віцебская вясна