Грузія грыпуе

Грузінаў атакуе небяспечная форма грыпу. Ці будзе мець эпідэмія, ахвярамі якой сталі ўжо каля дзесяці чалавек, маштабныя палітычныя наступствы?

Фота www.kp.by

Фота www.kp.by

Калі чытаеш цяперашнія зводкі з Грузіі, на памяць адразу прыходзяць сцэны, якія назіраліся ва Украіне ў 2009 годзе. Там у канцы кастрычніка 2009 года прайшла інфармацыя пра новы смяротны вірус грыпу, якая спара­дзіла ў грамадстве сапраўдную паніку. У аптэках з’явіліся чэргі. З паліц змяталі ўсё — і не толькі супрацьвірусныя прэпараты. Аматары народнай медыцыны выграблі з рынкаў лімоны і цыбулю. Стужкі навінаў галоўным чынам інфармавалі толькі пра тое, колькі чалавек захварэлі, колькі — шпіталізаваныя, колькі — памерлі.

У Грузіі такога яшчэ няма, аднак фрагментарна сітуацыя падобная. Паводле афіцыйнай інфармацыі, на 7 студзеня ад грыпу памерлі ўжо 10 чалавек. Яшчэ дзясяткі пацыентаў у цяжкім стане знаходзяцца ў бальніцах, у рэанімацыйных аддзяленнях, падлучаныя да апаратаў штучнага дыхання. У сувязі з шырокім распаўсюдам у Грузіі віруса грыпу шэраг устаноў першай хуткай меддапамогі перайшлі на надзвычайны рэжым працы. Людзі імкліва разбіраюць марлевыя павязкі.

Калі верыць СМІ, у пераважнай большасці людзей у свеце хвароба працякае ў выглядзе грыпападобнай хваробы без асаблівых ускладненняў. Але ёсць і больш цяжкая форма хваробы, якая характарызуецца хуткай віруснай пнеўманіяй. Яна, у адрозненне ад бактэрыяльнай пнеўманіі, не баіцца антыбіётыкаў, і пры адсутнасці правільнага лячэння можа прывесці да смяротнага зыходу на працягу 24 гадзін пасля выяўлення першых прыкмет ускладненняў.

Нездарма ў суседніх краінах таксама панікуюць. Кампанія «Азербайджанскія чыгункі» прымае захады для прадухілення прыходу H1N1. На грузінскай мяжы праводзіцца дэзінфекцыя цягнікоў, што прыбываюць у краіну. «Увесь рухомы састаў праходзіць прымусовую дэзінфекцыю», — перадаюць азербайджанскія СМІ.

На сітуацыю, паводле медыкаў, негатыўна ўплывае славуты «каўказкі менталітэт», які патрабуе ад людзей аптымістычна ўспрымаць праблемы, у тым ліку такую «дробязь», як грып. Бацькі без комплексаў адпраўляюць дзяцей у школы, нягледзячы на прыкметы хваробы. Дарослыя, адчуўшы слабасць у арганізме, адмаўляюцца выклікаць доктара, надаючы перавагу алкаголю і сродкам народнай медыцыны.

Думаецца, што эпідэмію ў Грузіі атрымаецца бліжэйшым часам лакалізаваць. На фронт з грыпам ужо мабілізаваныя вялікія рэсурсы. У тым ліку ніхто не зацікаўлены ў тым, каб піярыцца на хваробе. У адрозненне ад той жа Украіны 2009-га, дзе, як падаецца, вірус быў часткай выбарчай тэхналогіі. Нагадаем, што эпідэмія чамусьці выбухнула ў час, калі рэйтынг тагачаснага украінскага прэм’ера Юліі Цімашэнкі трапіў у глыбокі штопар праз скачок долара.

СМІ звярталі ўвагу на відавочныя нестыкоўкі ва ўрадавых рапартах. Нягледзячы ўсяго на два на той момант пацверджаныя выпадкі смерці ад свінога грыпу, Кабмін Цімашэнкі пачаў казаць пра масавую смяротную эпідэмію і абмяркоўваць сцэнар пагалоўнай вакцынацыі. Менавіта Цімашэнка пазней спрабавала выступіць у амплуа ратаўніка нацыі — выправілася ў аэрапорт «Барыспаль», каб у прысутнасці кінакамер сустрэць самалёт з нейкімі цудоўнымі лекамі. Праўда, у выніку гэта не дапамагло. У 2010-м Цімашэнка прайграла выбары Януковічу.

У Грузіі выбарчы цыкл скончыўся ў снежні, і цяпер кіруючая партыя «Грузінская мара» зацікаўленая ў нейкай стабілізацыі. Нагадаем, што ў снежні апазіцыя не прызнала перамогі на прэзідэнцкіх выбарах ураджэнкі Парыжу і французскага дыпламата грузінскага паходжання Саломэ Зурабішвілі і паспрабавала арганізаваць Майдан. КПД пратэстаў, аднак, аказалася слабым. Сярод вялікай часткі насельніцтва захаваўся страх перад вяртаннем у краіну экс-прэзідэнта Міхаіла Саакашвілі, які кіруе праціўнікамі «Грузінская мары» з-за мяжы і выступае з радыкальных пазіцый.

Аднак цяперашняя эпідэмія ўсё роўна паўплывае на агульны палітычны працэс. Як пішуць эксперты, яна стане дадатковым негатывам у агульны кошык расчаравання «Грузінскай марай». Не зважаючы на перамогу на выбарах прэзідэнта, урадавы лагер увайшоў у новы год вельмі фрагментаваным. Ілюстрацыяй крызіснага стану сталі навагоднія выключэнні з партыі шэрагу дэпутатаў. Той факт, што пасяджэнне фракцыі праходзіла ў прысутнасці Бідзіны Іванішвілі (алігарх і стваральнік праекту «Грузінская мара»), сведчыць пра цяжкую атмасферу ўнутры партыі. У тых, хто быў выключаны, адразу з’явіліся прыхільнікі ў тым ліку і сярод былых аднапартыйцаў. З улікам гэтага шмат хто прагназуе крызіс каманды Іванішвілі бліжэй да парламенцкіх выбараў 2020 года і з’яўленне новых палітычных актораў. На тэмп і маштаб гэтага працэсу будзе ўплываць і тое, якой моцнай будзе цяперашняя ўспышка грыпу.

Эпідэміяй дакладна паспрабуюць скарыстацца ў Расіі, звязваючы грып з дзейнасцю Цэнтра імя Лугара, што быў створаны ў 2002 годзе непадалёк ад Тбілісі міністэрствамі абароны Грузіі і ЗША ў межах дамовы пра супрацоўніцтве ў сферы тэхналогій па развіцці, у тым ліку біялагічнай зброі. Калі верыць СМІ Расіі, з пачаткам функцыянавання лабараторыі Лугара ў Грузіі сталі распаўсюджвацца не вядомыя дагэтуль жыхарам краіны вірусы, у тым ліку свіны грып. Урад Грузіі падобныя паведамленні катэгарычна абвяргае, аднак расійскія медыя працягваюць згушчаць фарбы. Самы свежы фэйк — грузінскі свіны грып, прадукт Цэнтра імя Лугара, днямі дасягнуў краін Балтыі.