Іспанія маладая ці федэралізацыя краіны
У іспанскіх партыях рэвалюцыя генерацый — да ўлады прыходзіць больш маладыя. Пра прычыны феномену і сітуацыю ў Іспаніі журналіст Алег Новікаў размаўляе з прафесарам універсітэта Севільі Альвара Раарувезам.
— За апошні месяц «памаладзелі» лідары ў такіх аўтарытэтных партыях, як Іспанская сацыялістычная аб’яднаная рабочая партыя (PSOE) і Аб’яднаная левая (IU). Прэса гаворыць, што гэта толькі пачатак. З чым гэта звязана?
— З выхадам на палітычную сцэну праекту Podemos. На майскіх выбарах у Еўрапарламент гэтае аб’яднанне, што, дарэчы, нарадзілася толькі 5 месяцаў таму, атрымала больш за мільён галасоў. Усяго за іх галасавала каля 8 працэнтаў іспанцаў, што дазволіла Podemos адправіць у Брусэль пяць дэпутатаў. Кіраўніцтва Podemos складаюць вельмі маладыя для сур’ёзнай палітыкі асобы. Так, яе лідару Пабла Турыёну ўсяго 36 гадоў.
Праект Podemos не паўстаў на голым месцы. Яго генезіс звязаны з моладзевым рухам М25, які пару гадоў таму выступаў супраць беспрацоўя праз акупацыю цэнтральных плошчаў гарадоў. Сам рух паступова сканаў, аднак праз нейкі час яго актыў зноў заявіў пра сябе ў апошніх пратэстах супраць прыватызацыі. Кансерватыўны ўрад зараз прапануе прыватызацыю публічных школ і шпіталяў, што выклікала акцыі пратэсту настаўнікаў і медыкаў.
Таксама вялікі маштаб мае рух супраць спекуляцый жыллём. З-за крызісу шмат іспанцаў не ў стане выплачваць іпатэку, што пагражае ім высяленнем на вуліцы. Podemos стаў інфармацыйна-каардынацыйным цэнтрам «хваляў» — так называюць гэтыя пратэсты.
Другая прычына запыту на такую палітсілу — крызіс даверу да старой палітычнай эліты, якая моцна звязаная з банкаўскім бізнэсам. Прычым гэта не падабаецца нават кансерватыўнаму выбаршчыку. Так, у Мадрыдзе 10 працэнтаў электарату кансерватыўнай Народнай партыі (РР) галасавалі за Podemos. Тая ж тэндэнцыя сярод выбаршчыкаў сацыялістаў. Апошнія выбары таксама ўвайшлі ў гісторыю, паколькі ўпершыню з часоў дыктатуры дзве вядучыя нацыянальныя партыі PSOE і РР разам сабралі менш за палову галасоў тых, хто прагаласаваў.
— Прадстаўнікі Народнай партыі запусцілі ў прэсу інфармацыю пра тое, што Podemos атрымлівае грошы з Каракаса.
— Пабла Турыён, сапраўды, прымаў удзел у нейкіх гуманітарных праграмах у Венесуэле. Гэта вельмі папулярна сярод іспанскай моладзі — паехаць у Венесуэлу і на правах валанцёра працаваць у нейкім сацыяльным цэнтры, якія Чавес шмат будаваў апошнім часам. Калі б Венесуэла падтрымлівала Podemos, бюджэт іх выбарчай кампаніі быў бы значна большы за тыя 20 тысяч еўра, якія яны інвеставалі ў выбары. Акрамя таго, рыторыка Podemos адрозніваецца ад праграм левых партый як Венесуэлы, так і Іспаніі. Тут больш кажуць пра неабходнасць развіваць гарызантальную сетку сацыяльных праектаў, грамадзянскіх ініцыятыў, якія будуць займацца маніторынгам дзейнасці банкаў, энергетычных кампаній. Вялікую ўвагу Podemos надае практыцы інтэрнэт-галасавання па найбольш важных і актуальных для краіны пытаннях.
— Як Podemos ставіцца да ідэі незалежнасці Каталоніі?
— Podemos, сыходзячы з прынцыпаў базавай дэмакратыі, прызнае права каталонцаў самім вызначаць лёс сваёй айчыны. Іншая справа, што сам рэферэндум можа не адбыцца. Каталонская ўрадавая партыя «Канвергенцыя і саюз» (CiU), якая лабіравала ідэю рэферэндуму, аказалася ў крызісе. Высветлілася, што адзін з яе лідараў доўгі час сыходзіў ад выплаты падаткаў. У дадатак у партыі пачаўся бунт, паколькі частка яе чальцоў выступае супраць рэферэндуму. Гэта фракцыя лічыць, што буйной каталонскай буржуазіі, інтарэсы якой прадстаўляе CiU, лепш і далей жыць па старой формуле адносін з Мадрыдам. Паводле гэтай формулы, цэнтр дае Каталоніі шмат грошай, каб яна заставалася ў складзе іспанскай дзяржавы. Іншымі словамі, лёс рэферэндуму пад пытаннем.
— Як людзі ставяцца да ракіроўкі на іспанскім каралеўскім троне? Ці падняўся давер да манархіі пасля таго, як Хуан Карлас перадаў карону свайму сыну Філіпу?
— Папулярнасць Бурбонаў і інстытуту манархіі застаецца стабільнай. Ёсць сегмент іспанцаў, якім прыемна, што ў краіне манархія з яе ўсякімі шыкоўнымі рытуаламі, сямейнымі скандаламі. Ёсць сегмент, які лічыць, што манархія — гэта артэфакт часоў дыктатуры, які гвалтоўна навязалі іспанцам. Магчыма, падыходы да манархіі будуць мяняцца пасля заканчэння судовага працэсу над мужам сястры караля, якога падазраюць у выкраданні сродкаў з публічных фондаў.
— Вы жывяце ў Андалузіі, якая была адным з вядучых экспарцёраў апельсінаў і лімонаў на расійскі рынак. Што кажуць людзі пра наступствы пуцінскага эмбарга?
— Пакуль эканоміка рэгіёну не адчула наступстваў. Сярод простых людзей ёсць вялікая надзея на кампенсацыі з Брусэля і на тое, што ўкраінскі канфлікт хутка скончыцца. У любым выпадку, я б не казаў, што эмбарга Пуціна нанясе смяротны ўдар па нашай эканоміцы і па людзях. Асноўнае падзенне ўзроўню жыцця мы ўжо перажылі.
— Па суседству з Андалузіяй знаходзіцца брытанская калонія Гібралтар. Падчас выбарчай кампаніі Народная партыя абяцала вярнуць яго ў склад Іспаніі. Ёсць нейкія зрухі ў гэтай сферы?
— Сёння мала каго цікавіць Гібралтар як частка Іспаніі. Гэта пытанне гучала ў часы дыктатуры. Цяпер Гібралтар — гэта частка Еўрасаюзу, куды ўваходзіць таксама Іспанія. Для простых іспанцаў лепш захаваць статус-кво, паколькі праз Гібралтар ідзе шмат кантрабанды, і тыя ж цыгарэты можна купіць там удвая танней. Што тычыцца палітыкаў, то іх непакоіць хутчэй тое, што гэта адзін з самых буйных афшораў у свеце. У Гібралтары з насельніцтвам каля 30 тысяч чалавек зарэгістравана каля 100 тысяч фірмаў. Прыкладна палова капіталу сыходзіць з Іспаніі ў шэрыя банкаўскія зоны, і Гібралтар — ледзь не галоўны канал для такіх трансфераў.
— Ці чакаюць Іспанію якія-небудзь буйныя палітычныя падзеі?
— Зараз ідуць кансультацыі паміж Podemos, экс-камуністамі і сацыял-дэмакратамі. Галоўная інтрыга — ці сфармуюць яны кааліцыю напярэдадні муніцыпальных выбараў, што пройдуць увесну. Гэта будзе рэпетыцыя выбараў у парламент. Прыход гэтага блоку да ўлады можна будзе параўнаць з перамогай Народнага фронту ў 1936-м. У такім выпадку, як і тады, Іспанію чакаюць вялікія перамены. Думаю, першым крокам стане федэралізацыя краіны.