Як кіраваць бясконца
На думку шэрагу экспертаў, Нурсултан Назарбаеў прыдумаў формулу, як можна кіраваць да канца жыцця і не выглядаць у вачах усяго свету дыктатарам. Таксама не выключаюць, што казахскае ноў-хаў зацікавіць іншых аўтарытарных лідараў краін СНД.
Верхняя палата казахскага парламенту 31 мая прагаласавала за новую рэдакцыю Закона аб нацыянальнай бяспецы. Сутнасць зменаў палягае ў тым, каб надаць першаму кіраўніку краіны права да канца жыцця ўзначальваць Савет бяспекі. Атрымаць такое права Елбасы, на думку сенатараў, варты «ў сілу яго (Назарбаева) гістарычнай місіі», а таксама «вельмі небяспечнай актуальнай сітуацыі ў свеце». Адначасова быў падкарэктаваны прававы статус Саўбезу. Рашэннем сенатараў ён з кансультацыйнага органу ператвораны ў канстытуцыйны.
Рэформа, на думку часткі незалежнай прэсы, сведчыць пра намер Назарбаева ўрэшце пакінуць пасаду кіраўніка краіны, якую ён займае аж з 1991 года. Аднак ніякага свята ў лагеры апазіцыі не назіраецца. Наўрад ці прыход у Акорду (рэзідэнцыю казахскага правадыра) новага чалавека нешта глабальна зменіць у краіне.
Дзякуючы папраўкам ад 31 мая, Елбасы, будучы пенсіянерам, захавае за сабой такія ключавыя функцыі, як «фарміраванне асноўных кірункаў у галіне нацбяспекі, абароны краіны і каардынацыі дзяржаўных органаў». Бязмежныя гарызонты паўнамоцтваў адкрывае перад Назарбаевым параграф новага закону, які патрабуе ад Саўбезу «абараняць унутрыпалітычную стабільнасць і нацыянальныя інтарэсы краіны на міжнароднай арэне». Але самае пікантнае, напэўна, тое, што новы кіраўнік краіны будзе ў Саўбезе шараговым сябрам, — як мінімум, пакуль жывы яго пажыццёвы старшыня — Нурсултан Назарбаеў.
Варта нагадаць, што раней у Казахстане быў прыняты Закон аб першым кіраўніку, адзін з блокаў якога тычыцца правоў Назарбаева пасля сыходу з палітыкі. Паводле гэтага закона, Назарбаеў захоўвае за сабой права высоўваць заканадаўчыя ініцыятывы, выступаць на пасяджэннях урада і ў парламенце. Адным словам, калі Елбасы калісьці і паўторыць сакраментальную фразу Ельцына: «Я стаміўся, я сыходжу», ніякага сапраўднага транзіту ўлады ў кране не адбудзецца.
Некаторыя з тых, хто асабіста ведае Назарбаева яшчэ з савецкіх часоў, лічаць, што Елбасы праз уласцівую яму асцярожнасць і недавер да іншых дакладна запатрабуе новых гарантый. На думку аднаго з ветэранаў казахскай кампартыі, што была, дарэчы, забароненая, у хуткім часе казахам варта чакаць феерверку законаў, якія будуць «вымываць» паўнамоцтвы прэзідэнта на карысць старшыні Саўбезу. Паводле яго словаў, не выключаны нават пераход да Канстытуцыі нямецкага ўзору, дзе прэзідэнт — выключна намінальна-сімвалічная фігура.
А вось маскоўскія эксперты кажуць, што казахскі досвед дакладна зацікавіць аўтарытарных кіраўнікоў іншых краін СНД. «Палітычныя норавы ў краінах, якія ствараюць Еўразійскі эканамічны саюз (ЕАЭС), так ці інакш прыходзяць да адзінага назоўніку. У гэтай сувязі магчымасць Нурсултана Назарбаева кіраваць Казахстанам пажыццёва можа стаць прыкладам для ўсіх іншых лідараў ЕАЭС. У тым ліку для Уладзіміра Пуціна. (…) У выпадку прыняцця ў Расіі закона, аналагічнага казахскаму, Пуцін зможа дэ-факта заставацца кіраўніком дзяржавы, не парушаючы фармальна ні заканадаўства, ні прынцыпаў дэмакратыі», — мяркуе выданне «Свободная пресса».
Праўда, ёсць і іншы пункт гледжання. Напрыклад, маскоўскі палітолаг Дзмітрый Жураўлёў лічыць, што казахская практыка занадта спецыфічная, каб быць экспартаванай у Расію або Беларусь. На яго думку, казахскі Закон аб нацбяспецы — гэта прадукт мясцовай палітычнай культуры. Накшталт таго, як у свой час кітайскія аматары брыджа абралі кіраўніком сваёй Федэрацыі старшыню КНР Дэн Сяапіна, які, натуральна, быў вельмі далёкі ад картачных гульняў. Маўляў, у Казахстане, як і ў кожным усходнім грамадстве, аўтаматычна спрацавала аксіёма: калі існуе Саўбез, кіраваць ім можа толькі Назарбаеў.
Да такой пазіцыі схіляюцца і некаторыя казахскія дысідэнты, якія таксама заклікаюць не шукаць у апошняй рэформе адзнак нейкай тонкай камбінацыі. Назарбаеву не патрэбныя ніякія дадатковыя гарантыі на будучыню, паколькі пакідаць пасаду кіраўніка казахаў ён не збіраецца. Новая версія Закона аб Савеце нацбяспекі — усяго толькі чарговы сеанс падхалімства з боку атачэння Елбасы. «Як быў нурсултанат, так і застанецца», — жартуюць на інтэрнэт-форумах.
Нарэшце, нельга не адзначыць вельмі арыгінальную тэорыю палітолага Бурына Нурхамедава. Ён сцвярджае, што Назарбаеў не на жарт захапіўся іранскай мадэллю, дзе існуе пасада аяталы: вярхоўнага духоўнага кіраўніка, які сочыць за свецкай уладай. Менавіта такім аяталой задумаў стаць Назарбаеў. На думку аўтара ідэі, «іранская мадэль дапаможа стабілізаваць казахскія галіны ўлады, якія трымаюцца выключна на асобе і аўтарытэце Елбасы».
Але ў адным практычна ўсе каментатары згодныя: з улікам палітычнай пасіўнасці насельніцтва, якое часцей думае пра эканамічныя пытанні, Назарбаеў можа пабудаваць усё, што заўгодна. Аднак што б ні пабудаваў Назарбаеў, пасля таго, як ён сыдзе ў лепшы свет, усё будзе перапісана наноў. І першае, чаго запатрабуюць казахі, — вярнуць палітычным катэгорыям нармальны лагічны сэнс, каб старшыня Саўбезу не быў вышэй за кіраўніка дзяржавы.