Як у СНД гербы малявалі

Нядаўні праект карэкціроўкі герба Беларусі — усяго толькі чарговы фрагмент незвычайнай гісторыі геральдыкі постсавецкіх дзяржаў.

3182378.jpg

Адным з самых важных атрыбутаў любой краіны з’яўляецца герб. Без яго часам нават цяжка ўявіць сабе індывідуальнасць і самабытнасць усяго народа. Таму не дзіўна, што пасля краху СССР лідарам краін, якія паўсталі на яго рэштках, давялося аператыўна заняцца геральдыкай.

У гэтым сэнсе найбольш пашанцавала краінам, якія мелі нейкія зародкі дзяржаўнасці да ўваходжання або інкарпарацыі ў склад Савецкага Саюза. Напрацоўкі папярэднікаў у галіне сімволікі былі адразу запатрабаваныя. Да прыкладу, гербам Азербайджана стаў сімвал Азербайджанскай Дэмакратычнай Рэспублікі (АДР), якая існавала ў 1918–1920 гадах. Прычым, калі гэты герб зацвярджалі ў 1993-м, апусцілі кур’ёзны факт: высветлілася, што той герб АДР не быў афіцыйным, і ўвогуле невядомы амаль нікому, паколькі існаваў толькі як праект.

Праблемы з гербам нечакана паўсталі ў Кіеве. Пасля атрымання незалежнасці трызуб — сімвал Украінскай Народнай Рэспублікі (1917–1921 гады) — быў аднагалосна прызнаны дзяржаўным сімвалам. Аднак праз пару гадоў, калі да тэмы сімволікі давялося вяртацца з-за працы над Канстытуцыяй, усё нечакана змянілася. Камуністы, якія мелі на той момант у Радзе адносную большасць, наадрэз адмаўляліся галасаваць за трызуб — «дыскрэдытаваны сімвал буржуазнага нацыяналізму». Пры гэтым яны актыўна цытавалі першага прэзідэнта УНР, сацыяліста Міхаіла Грушэўскага. Той у сваіх праграмных артыкулах заклікаў выкарыстоўваць як мага больш сімвалаў мірнай працы. У прыватнасці, яму падабаўся залаты плуг на сінім фоне — «знак новай Украіны, які павінен заняць цэнтральнае месца ў дзяржаўным гербе Украіны». У выніку тагачасны прэзідэнт Леанід Кучма пайшоў на кампраміс — камуністам у абмен на падтрымку праекта Канстытуцыі паабяцалі «ў перспектыве» прыняць «вялікі герб Украіны». Той вялікі герб і да гэтага часу так і не намалявалі.

Але самыя незвычайныя геральдычныя прыгоды адбываліся ў Сярэдняй Азіі. Калі ў дзяржаваў, што паўсталі тут у 1991 годзе, і былі гістарычныя папярэднікі, то, хутчэй, непрывабныя тэакратычныя манархіі. Таму мясцовым геральдыстам даводзілася прыдумляць усё практычна ад пачатку. Перад стваральнікамі гербаў новых краін рэгіёну была пастаўлена глабальная задача: у адным ёмістым графічным матэрыяле ўлічыць і выявіць усё — гісторыю, традыцыі, побыт, філасофію, адметныя нацыянальныя асаблівасці. Прычым, маляваць трэба было вельмі хутка.

Звычайна канчатковы варыянт гербаў абіралі кулуарна. Аднак там-сям абвяшчаліся шырокія конкурсы, удзельнікі якіх прыносілі самыя арыгінальныя варыянты. Напрыклад, гербам Казахстана магла стаць галава воўка. Чаму воўка? Таму што, як адзначалі аўтары эскізу, яна была выяўленая на сцягу Цюркскага каганата. Прапаноўвалася тэма герба ў выглядзе стрэл і шалому: намёк на тое, што казахі — нацыя батыраў.

Мяркуючы па ўсім, апошняе слова ў кастынгу версій гербаў мелі кіраўнікі кожнай з рэспублік. Усе яны былі выхадцамі з савецкай сістэмы, прадуктамі яе культуры. Не дзіўна, што абраныя варыянты гербаў краін Цэнтральнай Азіі кампазіцыйна нагадваюць шаблон гербаў СССР і савецкіх рэспублік. Адтуль былі пазычаныя і некаторыя элементы, якім надавалася новае значэнне. Напрыклад, пяціканцовую зорку на гербе Казахстана было прапанавана трактаваць як пуцяводную зорку краіны.

Прысутнасць у гербах савецкай спадчыны не падабалася частцы мясцовай грамадскасці. А ў 2012 годзе ў Кыргызстане — самай дэмакратычнай краіне рэгіёну — нават дамагліся разгляду парламентам альтэрнатыўнага «несавецкага» варыянту герба. Аднак большасць дэпутатаў прагаласавала супраць праекту, палічыўшы прапанаваны варыянт «масона-ісламскім».

Наогул, герб Кыргызстану, напэўна, самы скандальны сярод усіх дзяржаўных сімвалаў постсавецкіх краін. Мала таго, што мясцовыя мастакі пасварыліся паміж сабой з-за права лічыцца аўтарамі яго эскізу. У дадатак адразу пасля зацвярджэння герба ў 1994-м шмат хто пабачыў у ім плагіят узбекскай версіі, што была прынятая на два гады раней. Гербы, сапраўды, вельмі падобныя. У цэнтры герба Кыргызстана — белы сокал «Ак-Шумкар», які сімвалізуе свабоду краіны. А ў цэнтры ўзбекскага — птушка Хумо, сімвал шчасця. За выявамі птушак — прыродныя багацці: у кыргызскім гербе — возера Ісык-Куль і горы, ва ўзбекскім варыянце — горы і рэкі Амудар’я і Сырдар’я.

І, нарэшце, вар’яцкая гісторыя туркменскага дзяржаўнага сімвала. Спачатку герб Туркменістану, што быў зацверджаны ў 1992 годзе, меў круглую форму. Праз нейкі час Сапармурат Ніязаў прапанаваў змяніць яе на васьмікутнік, мудра заявіўшы, што «васьмікутнік у туркменаў са старажытных часоў лічыцца сімвалам багацця і міру». Капрыз задаволілі, аднак гэта былі толькі кветачкі. Калі верыць незалежным СМІ, у 2003 годзе ў Туркменбашы памёр любімы конь Янардаг. Паколькі конь той жа пароды выяўлены на гербе краіны, Ніязаў вырашыў, што Янардагу там самае месца. Каню, што на гербе, дамалявалі характэрныя белыя плямы, як на нагах у любімага скакуна дыктатара. Пасля смерці Ніязава давялося вярнуцца да старой версіі выявы жывёлы.

Наўрад ці гэта апошняя папраўка туркменскага герба. Як, дарэчы, і сімвалаў іншых постсавецкіх краін, дзе непрадказальны палітычны працэс можа яшчэ не раз адбіцца на іх геральдычных знаках.